Лічбавыя кампетэнцыі для інавацыйнай вытворчасці

- 12:40Суразмоўца

Паступова новыя тэхналогіі пранікаюць у наша жыццё, мяняючы яго. Мяняецца літаральна ўсё: побыт, камунікацыі, паслугі, работа, транспарт. Не выключэнне і сфера адукацыі, для якой тэхналогіі становяцца і інструментам, які дапамагае ў працэсе навучання, і прадметам для вывучэння. Як сучасныя тэхналогіі ўплываюць на прафесійную адукацыю? Як праходзяць працэсы інфарматызацыі і лічбавізацыі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Аб гэтым мы пагаварылі з Вольгай Міхайлаўнай Бялоцкай, начальнікам інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі РІПА.

— Вольга Міхайлаўна, чаму неабходна ўкараненне інфармацыйных тэхналогій ва ўстановах прафесійнай адукацыі? Наколькі актуальныя сёння пытанні лічбавай трансфармацыі?

— З кожным днём роля лічбавых тэхналогій у адукацыі становіцца ўсё больш відавочнай. Працэс навучання ўжо немагчыма ўявіць без выкарыстання мабільных дадаткаў, дапоўненай рэальнасці і іншых тэхналагічных распрацовак. Аднак важна разумець, што ўкараненне апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі ў адукацыю не з’яўляецца самамэтай. У пытаннях лічбавізацыі важна кіравацца прынцыпам разумнасці і гарманічна спалучаць інавацыі і традыцыйныя падыходы для фарміравання ўсебакова развітой асобы і падрыхтоўкі прафесіяналаў, здольных вывесці краіну на новы ўзровень развіцця.

Лічбавая трансфармацыя закранае розныя сферы дзейнасці: бізнес-працэсы, стратэгічны менеджмент, стварэнне прадуктаў, паслуг. Каб лічбавізацыя праходзіла паўнавартасна, недастаткова толькі ўкаранення тэхналогіі — неабходна падрыхтоўка спецыялістаў з улікам развіцця тэхналогій у розных сектарах эканомікі. Лічбавая трансфармацыя бізнесу дазваляе не толькі змяніць парадыгму і карпаратыўную культуру, але і сам падыход да работы, ад яе шмат у чым залежыць, як будзе выглядаць жыццёвы цыкл кампаніі. Гэтыя падыходы актуальныя і для ўстаноў прафесійнай адукацыі.

— Па якім плане адбываюцца змены? Раскажыце пра канцэпцыю лічбавай трансфармацыі прафесійнай адукацыі.

— Канцэпцыя лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі на 2019—2025 гады ахоплівае практычна ўсе ўзроўні адукацыі, у тым ліку і прафесійную адукацыю. Канцэпцыя прадугледжвае ўвядзенне цалкам новых лічбавых адукацыйных тэхналогій і прымяненне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў прафесійнай дзейнасці сучасных спецыялістаў. Гэта выкарыстанне дапоўненай рэальнасці, штучнага інтэлекту, тэхналогіі вялікіх баз даных. Канцэпцыя ахоплівае і сістэму кіравання: для нас важная дасканалая аўтаматызаваная сістэма, якая дазваляе ажыццявіць збор і аналіз інфармацыі і такім чынам вызначыць асноўныя паказчыкі, індыкатары развіцця ўстаноў адукацыі.

— Якія змены адбываюцца ў прафесійнай адукацыі пад уплывам ІКТ?

— Адказам прафесійнай адукацыі на маштабнае пранікненне ІКТ ва ўсе сферы нашага жыцця з’яўляецца адкрыццё новых спецыяльнасцей, якія цесна звязаны з лічбавізацыяй эканомікі. Напрыклад, у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёння рыхтуюць спецыялістаў, якія могуць абслугоўваць разумны дом. Сучасная вытворчасць высокатэхналагічная, яе работнікі павінны валодаць новымі сучаснымі кампетэнцыямі. Калі вытворчасць робатызаваная, то яе работнік павінен умець вызначаць канфігурацыю мікрапрацэсарнай сістэмы і праграмаваць яе, ажыццяўляць маніторынг яе работы і многае іншае. Вось чаму аднаўляюцца існуючыя спецыяльнасці, з’яўляюцца новыя. Напрыклад, адкрыта падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях пры рэалізацыі адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі, такіх як “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы”, “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі”, “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання”, “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі” і іншыя.

Змест новых спецыяльнасцей фарміруецца на аснове патрабаванняў сучасных вытворчых прадпрыемстваў, у дзейнасці якіх выкарыстоўваюцца ІКТ. Змест адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях накіраваны на фарміраванне лічбавых кампетэнцый.

Раней навучанне прадугледжвала два блокі: спачатку матэрыял вывучалі ў тэорыі, а потым спрабавалі яго на прак­тыцы. Сёння на змену гэтай схеме часта прыходзіць новая трыяда: спачатку тэарэтычнае навучанне ў віртуальным праграмным асяроддзі, затым работа на трэнажоры-сімулятары і толькі потым адпрацоўка на рэальным абсталяванні.

Абнаўленне зместу прафесійнай адукацыі носіць апераджальны характар. Гэта значыць, што змест асобных новых спецыяльнасцей апярэджвае ўзровень развіцця вытворчасці. Так было са спецыяльнасцю “Мехатроніка” — цяпер гэта аўтамеханікі, кампетэнтныя ў абслугоўванні гібрыдных і электрамабіляў. Таксама работа на апярэджанне прадугле­джвае стварэнне ўмоў і магчымасцей у сістэме прафесійнай адукацыі для своечасовага перанавучання тых кадраў, якія вызваляюцца ў выніку лічбавізацыі, аўтаматызацыі вытворчых працэсаў.

Падкрэслю, што стварэнне інавацыйных вытворчасцей магчыма толькі пры ўмове якаснага абнаўлення кадравага патэнцыялу. Стратэгічнае развіццё кадравага патэнцыялу неабходна звязаць з мэтамі і задачамі 4-й прамысловай рэвалюцыі, укараненнем тэхналогій “Індустрыі 4.0”, забеспячэннем узроўню эканомікі ў адпаведнасці з новым тэхналагічным укладам. Уплыў тэхналогіі на якасць і колькасць працоўных месцаў будзе вызначацца тым, як гэтая тэхналогія дапаўняе або замяшчае чалавека ў яго дзейнасці.

— З’яўляюцца і новыя сродкі навучання: падручнікі, дапаможнікі, даведнікі новых фарматаў. Наколькі маштабны гэты працэс?

— Сапраўды, адукацыйнае асяроддзе прафесійнай адукацыі штогод абнаўляецца, з’яўляюцца новыя праграмы, вучэбныя дапаможнікі, пашыраецца спектр электронных выданняў і іх даступнасць. У сістэме адукацыі лічбавыя тэхналогіі неабходны для больш эфектыўнага ўключэння навучэнцаў у адукацыйны працэс, прадастаўлення ім матэрыялаў для персаналізацыі навучання ў адпаведнасці з узроўнем ведаў і інтарэсамі.

На сайце РІПА ёсць укладка “Электронныя адукацыйныя рэсурсы”, дзе размешчаны інфармацыйны банк электронных сродкаў навучання, які ўяўляе сабой аўтаматызаваную інфармацыйна-пошукавую сістэму па спецыяльнасцях і кваліфікацыях устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Банк змяшчае пералік электронных адукацыйных рэсурсаў з кароткай анатацыяй. Тут можна знайсці 22 ЭАР для прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па тэмах розных вучэбных дысцыплін.

У сферы вучэбнага кнігавыдання таксама актыўна ўкараняюцца лічбавыя тэхналогіі. Цэнтрам вучэбнай кнігі сумесна з інфармацыйна-аналітычным цэнтрам прафесійнай адукацыі РІПА распрацаваны і выдадзены кнігі з элементамі дапоўненай рэальнасці, якія дазваляюць вывучаць графічныя аб’екты ў 3D-праекцыі, візуалізаваць тэхналагічныя працэсы. Шырокае распаўсюджванне атрымалі тэхналогіі доступу да лічбавага кантэнту з дапамогай QR-кода.

— Наколькі актыўна ўключаюцца ў работу з ІКТ супрацоўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі?

— Многія педагогі, майстры вытворчага навучання ўжо зразумелі, наколькі сучасныя тэхналогіі могуць змяніць іх штодзённую работу, спрасціць яе, разнастаіць. Таму яны актыўна выкарыстоўваюць гэтыя магчымасці. Для арганізацыі кантролю, стварэння і правядзення камп’ютарнага тэсціравання ва ўстановах ПТА і ССА сталі папулярнымі праграмы “Дзесяцібальны маніторынг” і MyTest. Іх выкарыстоўваюць прыкладна ў кожнай трэцяй установе. Больш за 35% устаноў ПТА і ССА выкарыстоўваюць дадаткі і праграмы для стварэння адукацыйных тэстаў, гульняў і віктарын: LearningApps, Quizlet, Kahoot, Plickers.

Прыемна адзначыць, што ў сістэме працуе шмат сучасных, крэатыўных людзей, якія ўсведамляюць неабходнасць рухацца ў гэтай “плыні лічбавізацыі”. У нашай краіне і на міжнароднай арэне прадстаўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі бяруць удзел і выступаюць арганізатарамі вэбінараў, форумаў, тэматычных семінараў, конкурсаў, алімпіяд прафесійнага майстэрства і іншых мерапрыемстваў, прысвечаных лічбавай трансфармацыі адукацыі.

Яны гучна заяўляюць пра сябе і свае ідэі на разнастайных конкурсах. Навучэнцы і педагагічныя работнікі ўстаноў ПТА і ССА актыўна бяруць удзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах, такіх як конкурс “100 ідэй для Беларусі”, рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, які сумесна праводзяць НІА і РІПА. Раз на два гады РІПА праводзіць агляд-конкурс “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”, журы якога кожны раз адзначае рост узроўню валодання сучаснымі тэхналогіямі. Праводзіўся агляд-конкурс і ў гэтым годзе, нядаўна былі падведзены яго вынікі, і зноў ­удзельнікі парадавалі мноствам значных ідэй і іх рэалізацыяй.

Прывяду яшчэ адзін прыклад цікавай ініцыятывы. У 2019 годзе прайшоў рэспубліканскі хакатон EPAMEngineeringJam. У рамках мерапрыемства РІПА сумесна з EPAMSystems быў распрацаваны сацыяльны праект “Інтэрактыўны даведнік па сістэме прафесійнай адукацыі”.

— Ці змянілася падрыхтоўка педагогаў, майстроў вытворчага навучання, якія вучаць юнакоў і дзяўчат працаваць у новых умовах?

— У сучасных умовах, калі рынак працы дынамічна мяняецца, а інфармацыйная індустрыя інтэнсіўна развіваецца, перад педагогамі ставяцца задачы фарміравання актыўнай, самастойнай, адказнай, мабільнай асобы, гатовай да вывучэння новых тэхналогій на высокатэхналагічным абсталяванні, самаадукацыі і самавыхавання. Інфармацыйна-аналітычны цэнтр прафесійнай адукацыі РІПА сумесна з факультэтам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў штогод абнаўляюць змест падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў для новых умоў, формы арганізацыі адукацыйнага працэсу, тэхналогіі навучання. Адным з асноўных складнікаў развіцця кадравага патэнцыялу з’яўляецца дыстанцыйнае навучанне з прымяненнем новых інфармацыйных тэхналогій у адукацыі, новых тэхнічных сродкаў, новых форм і метадаў выкладання, а таксама новых падыходаў да працэсу навучання.

— Пэўны ўклад у трансфармацыю сістэмы прафесійнай адукацыі, у адпаведнасці з сучаснымі сусветнымі тэндэнцыямі, уносіць рух WorldSkills, і ў прыватнасці, кампетэнцыя FutureSkills. Раскажыце пра гэта.

— Сапраўды, гэты рух дае новыя імпульсы для развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі, у тым ліку і ў кірунку інфарматызацыі. Нацыянальныя чэмпіянаты WorldSkills Belarus у 2016 і 2018 гадах прапаноўвалі блок кампетэнцый кірунку “Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі”. Гэта такія кампетэнцыі, як “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”, “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне” і іншыя.

Валоданне сучаснымі тэхналогіямі прадугледжваюць і кампетэнцыі кірунку “Вытворчасць і інжынерныя тэхналогіі”, такія як “Інжынерны дызайн CAD”, “Мехатроніка”, “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем”, “Электроніка”, “Мабільная робататэхніка”, “Акватроніка” і іншыя.

Адметна, што ў гэтых кампетэнцыях нашы навучэнцы цудоўна выступаюць не толькі на нацыянальным чэмпіянаце — яны прывезлі ўзнагароды з міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019.

І канечне, кампетэнцыі кірунку FutureSkills, якія прадугледжваюць апераджальную падрыхтоўку кадраў для высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі. Гэта літаральна кампетэнцыі будучыні.

Важна адзначыць, што WorldSkills — гэта не проста конкурс, гэта магчымасць даведвацца аб найноўшых тэндэнцыях, абсталяванні, падыходах у сферы рабочых прафесій. Усё гэта дазваляе ўдасканальваць змест адукацыі з улікам сусветных тэндэнцый, распрацоўваць новыя праграмы, укараняць новыя тэхналогіі, ствараць новыя лабараторыі і рэсурсныя цэнтры.

— Новыя тэхналогіі — гэта яшчэ і новыя магчымасці для навучання асоб с асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Так, і гэта вельмі важна. На шляху да прафесіі ў такіх навучэнцаў мноства перашкод. І сучасныя тэхналогіі дапамагаюць іх пераадолець. Напрыклад, ёсць магчымасць атрымліваць веды дыстанцыйна. У людзей з парушэннямі слыху зрокавы канал успрымання інфармацыі з’яўляецца вядучым. Для іх сучасныя тэхналогіі дапамагаюць арганіза­ваць навучанне з апорай на візуальную інфармацыю. Дарэчы, у аглядзе-конкурсе “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”, пра які я ўзгадвала раней, ёсць намінацыя “Электронныя адукацыйныя рэсурсы ў інклюзіўнай адукацыі”, у якой штогод прадстаўляецца мноства распрацовак.

Цудоўным прыкладам таго, як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць у рабоце з дзецьмі з АПФР, можа служыць Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, дзе паспяхова вядзецца навучанне юнакоў і дзяўчат з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату і расстройствамі аўтыстычнага спектра.

— Вольга Міхайлаўна, раскажыце аб планах па стварэнні адзінай адукацыйнай прасторы. Што яна сабой уяўляе?

— Сапраўды, ідзе работа над стварэннем Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя (РІАА). Галоўнай мэтай стварэння такога асяроддзя з’яўляецца тэхналагічнае, інфармацыйнае і аналітычнае забеспячэнне працэсаў лічбавай трансфармацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі.

РІАА будзе накіравана на забеспячэнне эфектыўнай інфармацыйнай падтрымкі працэсу кіравання сістэмай адукацыі, а таксама на ўкараненне сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у працэс навучання. Ствараецца інфраструктура і апаратна-праграмныя платформы электронных камунікацый, каб аб’яднаць у адзінай інфармацыйнай прасторы разрозненыя інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы арганізацый і ўстаноў адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі. Таксама плануем, што ў хуткім часе з’явіцца аўтаматызаваная сістэма кіравання “Электронны каледж” і “Электронная бібліятэка”.

Падсумоўваючы ўсё сказанае, адзначу, што лічбавая трансфармацыя сістэмы адукацыі накіравана на задавальненне патрэб асобы і соцыуму ў якаснай адукацыі, запатрабаванай ва ўмовах развіцця эканомікі ведаў.

Гутарыла Дар’я РЭВА.