У гэтыя дні ў беларускай сталіцы праходзіць І Міжнародны адукацыйны форум “Еўрапейская якасць адукацыі”. Для абмену вопытам, устанаўлення дзелавых кантактаў і абмеркавання новых ідэй супрацоўніцтва ў Мінску сабраліся прадстаўнікі адукацыйных сістэм шэрага краін. Іх мэта — вызначыць тое агульнае (ды і адрознае), што можа садзейнічаць больш цеснаму ўзаемадзеянню па забеспячэнні якасці вышэйшай прафесійнай адукацыі на еўрапейскім кантыненце.
Арганізатарамі І Міжнароднага адукацыйнага форуму выступілі Міністэрства адукацыі Беларусі, Цэнтр міжнародных сувязей, а таксама брытанская бізнес-школа Magna Carta Oxford.
“Міжнароднае ўзаемадзеянне ў сістэме адукацыі іграе важную ролю ў сусветным развіцці, — заўважыў, адкрываючы форум, міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч. — Такія адносіны спрыяюць міждзяржаўнаму разуменню, узаемнаму культурнаму ўзбагачэнню і рэалізацыі гуманітарных прынцыпаў з улікам адукацыйных традыцый і нацыянальнай разнастайнасці розных краін”.
Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што ў Беларусі паэтапна фарміруецца мадэль вышэйшай адукацыі, якая максімальна поўна адпавядае запытам работадаўцаў, грамадства і непасрэдных удзельнікаў адукацыйнага працэсу, з аднаго боку, і сусветным тэндэнцыям, такім, як масавасць вышэйшай адукацыі, інтэграцыя ўніверсітэтаў у буйныя вучэбна-навукова-вытворчыя кластары, камп’ютарызацыя, — з другога боку.
“Сістэма адукацыі Беларусі ўзяла курс на еўрапейскія стандарты адукацыі, інтэграцыю ў агульнаеўрапейскую адукацыйную і навуковую прастору”, — заявіў міністр.
Трэба адзначыць, што мерапрыемствы форуму ладзяцца адразу на некалькіх пляцоўках. Адкрыццё і пленарнае пасяджэнне праходзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Дыскусійныя пляцоўкі арганізаваны на базах БДУ, БДУІР і БДЭУ. Інфармацыйнае забеспячэнне работы форуму — правядзенне прэс-канферэнцый, круглых сталоў, брыфінгаў з удзелам аўтарытэтных экспертаў з розных краін — узяло на сябе Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Дзякуючы такой маштабнай арганізацыі форум стаў сапраўднай падзеяй не толькі для беларускіх, але і для замежных удзельнікаў.
“Беларусі выпала быць першай краінай правядзення Міжнароднага адукацыйнага форуму “Еўрапейская якасць адукацыі”. Гэта вельмі важна для айчыннай вышэйшай школы, бо дазволіць ёй пашырыць доступ да новых ведаў і тэхналогій”, — заўважыў першы прарэктар брытанскай бізнес-школы Magna Carta Oxford Вадзім Цітоў.
Спадзяванне, што форум стане пачаткам многіх перспектыўных праектаў, выказаў таксама міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.
Дарэчы, адным з першых вынікаў форуму можа стаць падпісанне пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і асацыяцыяй АВЕ (Association of Business Executives) аб супрацоўніцтве ў галіне бізнес-адукацыі.
“Адзін з напрамкаў развіцця айчыннай вышэйшай школы — гэта якраз удасканаленне бізнес-адукацыі, — заўважыў Сяргей Маскевіч. — Падпісанне пагаднення з Асацыяцыяй бізнес-лідараў Вялікабрытаніі дазволіць нам выходзіць на канкрэтныя праекты па ўкараненні еўрапейскіх стандартаў, выдачы двайных дыпломаў і г.д. І мы зможам максімальна выкарыстоўваць у сябе лепшы вопыт па фарміраванні зместу і арганізацыі бізнес-адукацыі”.
“Гэта адкрые для беларусаў новыя цікавыя магчымасці ў атрыманні прафесійнай вышэйшай, прафесійнай паслядыпломнай адукацыі і ў перспектыве нават адукацыі на ўзроўні доктара навук”, — дадаў Вадзім Цітоў.
Трэба адзначыць, што тэматыка форуму вельмі шырокая. Яно і зразумела: якасць адукацыі ўключае ў сябе і змест, і формы, і сродкі навучання.
На пытанне, якая адукацыя сёння больш запатрабавана на еўрапейскім рынку працы — акадэмічная ці прафесійная, Вадзім Цітоў заўважыў, што многае тут залежыць ад узросту чалавека. “Калі казаць пра выпускніка школы, то я раіў бы атрымаць спачатку беларускую вышэйшую адукацыю і ўжо ў дадатак да яе, магчыма, у працэсе работы, — брытанскую бізнес-адукацыю. Людзям, якія ўжо адбыліся як спецыялісты, я рэкамендаваў бы атрымліваць брытанскую адукацыю (другую вышэйшую або прафесійную паслядыпломную)”.
На рэпліку аднаго з журналістаў аб высокім кошце адукацыі Вадзім Цітоў заявіў, што ў любым выпадку гэта найлепшае ўкладанне грошай. “Усе інвестыцыі ў веды вяртаюцца з лішкам, і досыць хутка”, — запэўніў ён. І адзначыў, што ў свеце намецілася наступная тэндэнцыя: кошт дзённай адукацыі расце, а дыстанцыйнай — падае.
“Сёння дыстанцыйная форма — досыць эфектыўны спосаб атрымання адукацыі, — працягнуў тэму дырэктар па маркетынгу і бізнес-развіцці асацыяцыі ABE Ян Фрэйзер (Вялікабрытанія). — Гэта раней было складана забяспечыць высокую якасць такой адукацыі, бо не дазвалялі тэхналогіі. А сёння ўсё больш людзей хочуць вучыцца дыстанцыйна. Такі спосаб навучання вельмі гнуткі, кожны можа выбудаваць яго пад сябе, пад свой рабочы і сямейны графік, не парушаючы гарманічнага ладу жыцця. Акрамя таго, дыстанцыйнае навучанне нашмат таннейшае за дзённае”.
Вядома, сучасная адукацыя (любой формы) немагчымая без актыўнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Як паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі Ірына Максімава, сёння згаданая кампанія адкрыта для супрацоўніцтва з усімі беларускімі ўніверсітэтамі. У многіх з іх ужо рэалізоўваюцца цікавыя праекты, якія не толькі дазваляюць выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў працэсе навучання, але і даюць студэнтам магчымасць вывучаць іх для выкарыстання ў будучай прафесійнай дзейнасці.
“У наш час паспяховы бізнес залежыць ад таго, якім чынам арганізацыя выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, — адзначыла Ірына Максімава. — І хоць інфармацыйныя тэхналогіі не з’яўляюцца базавым прадметам у большасці ўніверсітэтаў, іх веданне патрабуецца абсалютна ва ўсіх сферах бізнесу”.
У рамках І Міжнароднага адукацыйнага форуму ў прэс-цэнтры БелТА адбыўся круглы стол на тэму “Высокія тэхналогіі ў галіне адукацыі”. Эксперты з розных краін абмеркавалі, як мяняецца працэс навучання пад уплывам найноўшых высокатэхналагічных распрацовак.
Міжнароднае супрацоўніцтва
Віктар ЯКЖЫК, намеснік міністра адукацыі:
— Сёння ў Беларусі вучацца звыш 16 тысяч студэнтаў з 98 краін свету (гэта ўтрая больш, чым пяць гадоў назад). Акрамя таго, беларускія ўстановы адукацыі адкрываюць уласныя цэнтры, філіялы, факультэты, аддзяленні ў іншых краінах. Напрыклад, філіялы БДУІР у ЗША, філіял БНТУ ў Таджыкістане і г.д. Сёння Белдзяржуніверсітэт працуе над стварэннем Беларуска-В’етнамскага цэнтра садзеяння навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву ў В’етнаме. Падобныя перамовы вядуцца з М’янмай, Бангладэшам, краінамі Сярэдняй Азіі, дзе праяўляюць вялікую цікавасць да беларускай адукацыі.
Ва ўніверсітэтах пашыраюцца дыстанцыйныя формы навучання, ствараюцца англамоўныя магістарскія і аспіранцкія праграмы. У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі мы пастараемся ўлічыць развіццё гэтых форм навучання з улікам сусветнай практыкі.
У Беларусі пашыраюцца магчымасці акадэмічнай мабільнасці і міжнароднага супрацоўніцтва. Універсітэты актыўна ўдзельнічаюць у праграмах Еўрасаюза Tempus і Erasmus Mundus, а таксама ў памежных праграмах “Рэгіён Балтыйскага мора”, “Польшча — Беларусь — Украіна”, “Латвія — Літва — Беларусь”. У рамках развіцця супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі ў Мінску дзейнічае інфармацыйны пункт Савета Еўропы і офіс праграмы Tempus.
Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Лісабонскай канвенцыі 1997 года аб прызнанні кваліфікацый, якія адносяцца да вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне, і працуе над далучэннем да Балонскага працэсу.
Мабільнае і ўсёпранікальнае навучанне
Юрый ВАРАТНІЦКІ, дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ:
— Сёння мы падтрымліваем канцэпцыю мабільнага і ўсёпранікальнага навучання. Гэта значыць, што чалавек, атрымліваючы адукацыю на працягу ўсяго жыцця, павінен мець магчымасць пастаяннага і паўсюднага доступу да адукацыйных рэсурсаў і тэхналогій. Тэхналагічнай платформай для рэалізацыі гэтай канцэпцыі з’яўляюцца воблачныя тэхналогіі, пачынаючы воблачнымі сховішчамі, прадастаўленнем віртуальных рабочых месцаў студэнтам і г.д.
Адукацыя павінна быць гнуткай і даваць навучэнцам магчымасць выбару тэрмінаў, аб’ёму і зместу навучання. Людзі зацікаўлены ў атрыманні тых ведаў, якія ім патрэбны для прафесійнай дзейнасці “тут і цяпер” з магчымасцю далейшага бесперапыннага навучання.
Сусветнай тэндэнцыяй з’яўляецца даступнасць і адкрытасць адукацыйных рэсурсаў і паслуг. Сёння існуе некалькі буйных універсітэцкіх кансорцыумаў, якія выкладваюць у свабодным доступе адкрытыя вучэбныя курсы. БДУ таксама знаходзіцца на гэтым шляху, даючы студэнтам доступ да ўніверсітэцкіх падручнікаў. Дарэчы, згодна з сусветным рэйтынгам універсітэтаў Webometrics, электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у топ-100 лепшых электронных бібліятэк свету.
Калі мы хочам быць на рынку, то павінны прасоўваць свае адукацыйныя рэсурсы, у тым ліку адкрытыя. Інакш за нас гэта зробяць іншыя.
Хто лідары ў выкарыстанні высокіх тэхналогій?
Райнер РЭМЕР, галоўны спецыяліст па рашэннях у галіне вышэйшай адукацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў Еўрапейскай штаб-кватэры карпарацыі Microsoft (Германія):
— Выкарыстоўваць высокія тэхналогіі ў адукацыйным працэсе першымі пачалі ў ЗША, потым далучыліся Вялікабрытанія і іншыя англамоўныя краіны. А зараз трэнд такі, што высокія тэхналогіі прыйшлі ва Усходнюю Еўропу. Там зразумелі, што эканоміка не можа быць заснавана толькі на сыравіне і яе трэба дыверсіфікаваць. А для гэтага патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, якія могуць працаваць у розных галінах эканомікі.
Я жыву ў Германіі. Раней кожны наш універсітэт рэалізоўваў уласныя адукацыйныя праекты, а зараз пачаўся працэс цэнтралізацыі і стварэння адзінага сэрвісу для аказання мабільных паслуг.
Кампанія Microsoft дапамагае ўніверсітэтам з тэхналагічнага пункту гледжання, каб яны маглі сканцэнтравацца на сваіх асноўных функцыях — павышэнні якасці адукацыі і прадастаўленні якасных паслуг. Адзін з прыкладаў выкарыстання воблачных тэхналогій, якія цяпер у трэндзе, — офісны прадукт Office 365. Зараз у адукацыйнай сферы ўсяго свету гэтым прадуктам карыстаюцца 200 мільёнаў спажыўцоў. Для ўстаноў адукацыі ён бясплатны — гэта наш уклад у будучыню развіцця тэхналогій.
Ірына МАКСІМАВА, кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі:
— Для якасці адукацыі важна, наколькі прафесійна выкарыстоўваюцца высокія тэхналогіі. Не менш важна, каб студэнты, выходзячы ў дарослае жыццё, былі канкурэнтаздольныя, мелі навыкі выкарыстання гэтых тэхналогій, як гэтага патрабуе работадаўца.
Да найноўшых трэндаў у тэхналогіях адносяцца мабільнасць, воблачныя і партальныя тэхналогіі. Беларусь у гэтым сэнсе ніколькі не абдзелена і з боку Microsoft атрымлівае самыя ўнікальныя прапановы, асабліва ў сферы адукацыі, бо для нас гэта стратэгічны напрамак.
Хачу адзначыць, што па колькасці спецпрапаноў у сферы адукацыі Беларусь нават апярэджвае іншыя краіны. Таму я хацела б асабліва адзначыць, што важна абмяркоўваць магчымасці супрацоўніцтва.
Калі казаць пра кантрафактнае праграмнае забеспячэнне, то тут, на жаль, сітуацыя не выглядае добрай. Па звестках двухгадовай даўнасці, 87% праграмнага забеспячэння ў Беларусі — пірацкае (інфармацыя абнаўляецца кожныя два гады, і зараз мы чакаем новых звестак). Па гэтым паказчыку Беларусь уваходзіць у топ-20 краін свету. І гэтую праблему трэба вырашаць.
Дыстанцыйная адукацыя: танна ці дорага?
Вадзім ЦІТОЎ, першы прарэктар брытанскай бізнес-школы Magna Carta Oxford:
— Мы актыўна ўкараняем тэхналогіі дыстанцыйнага навучання ў адукацыйны працэс. Разам з тым хачу адзначыць, што тут ёсць пэўныя складанасці. І адна з такіх складанасцей — так званае адчуванне адзіноты, калі студэнт сядзіць адзін ля свайго камп’ютара і вакол яго нікога няма. У бізнес-школе Magna Carta Oxford гэтая праблема вырашаецца наступным чынам: мы злучылі дзённую і дыстанцыйную формы. Студэнты дзвюх форм “сустракаюцца” ў віртуальным класе, бачаць адно аднаго, бачаць прафесара. Камеры даюць студэнтам адчуванне прысутнасці.
Акрамя таго, важна разумець, што дыстанцыйныя тэхналогіі ў адукацыі не павялічваюць кошт навучання, а, наадварот, змяншаюць. Тут спрацоўвае закон маштабу: калі ўстанова адукацыі не прывязана да сваіх рэальных памераў, можна ахапіць навучаннем большую колькасць людзей. І калі паглядзець прагнозы, як зменіцца насельніцтва да 2050 года, як памаладзее адукацыя ў цэлым, то становіцца зразумела, што будучыня свету за дыстанцыйнай адукацыяй. Прычым яе кошт будзе зніжацца.
Які ён — ідэальны электронны падручнік?
Юрый ВАРАТНІЦКІ:
— Перш за ўсё ён павінен утрымліваць карысную інфармацыю і быць зручным з пункту гледжання доступу да гэтай інфармацыі. Сёння, на жаль, за электронны падручнік нярэдка спрабуюць выдаць PDF-версіі падручнікаў або проста тэксты. Але гэта, як кажуць, дзве вялікія розніцы.
Вадзім ЦІТОЎ:
— Электронны падручнік — гэта не проста кантэнт, але і набор спадарожных інструментаў, якія дазваляюць студэнту адразу ж праверыць якасць сваіх ведаў. Фактычна мы гаворым пра тэставае асяроддзе, якое павінна быць інтэгравана ў падручнік і правяраць, як студэнт засвоіў той ці іншы раздзел, з магчымасцю вярнуцца, пры неабходнасці, да пэўнай інфармацыі. Вось тады электронны падручнік сапраўды можна лічыць падручнікам.
Райнер РЭМЕР:
— Кампанія Microsoft інвесціруе мільярды ў распрацоўку новых спосабаў успрымання адукацыйнага працэсу. Зараз мы гаворым не толькі аб планшэтах, але і аб новых відах дэвайсаў — акулярах, інтэрактыўных гадзінніках і інш. У сучасным свеце канкурэнцыя паміж універсітэтамі прыводзіць да таго, што студэнт ужо ўспрымаецца як кліент, і менавіта ён вызначае, якія паслугі павінна даць яму ўстанова адукацыі. Раней усё было наадварот.
Яшчэ адзін важны трэнд: насельніцтва Захаду старэе, моладзі становіцца ўсё менш, таму канкурэнцыя за прыцягненне маладых супрацоўнікаў узмацняецца. Напрыклад, кампаніі Германіі і ЗША запрашаюць усё больш маладых людзей з іншых краін. І перавагу тут атрымліваюць менавіта тыя, хто выкарыстоўвае высокія тэхналогіі.
Ірына МАКСІМАВА:
— З майго пункту гледжання, новыя тэхналогіі дазваляюць з дапамогай падручніка арганізаваць якасны вучэбны працэс, калі гаворка ідзе сапраўды аб інтэрактыўнасці, навігацыі і пошуку. Вакол гэтага можна будаваць шмат усяго, у тым ліку ацэнку ведаў, крэатыўную работу і г.д. Гэта і ёсць дадатковыя перавагі, якія могуць даць сучасныя тэхналогіі.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота БелТА.