Танцуеш з 4 гадоў, ездзіш на розныя конкурсы, а ў канцы навучання ў школе вырашаеш: буду паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “Мастацтвазнаўства”, а не “Харэаграфія”. Толькі потым выпадак вырашае: харэаграфія знікнуць з жыцця не павінна.
“На 3-м курсе мая знаёмая папрасіла замяніць яе на некаторы час на занятках па танцах. Я згадзілася, працавала каля месяца, і мне гэта сапраўды спадабалася, — расказвае педагог Марыя Брыгадная. — Тая ж знаёмая потым сказала, што тэрмінова патрабуецца педагог-харэограф у мінскую сярэднюю школу № 93. Я падумала, што варта паспрабаваць. Паралельна атрымлівала другую вышэйшую адукацыю (па спецыяльнасці “Харэаграфія”).
У сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” педагог прыйшла ў 2005 годзе і вырашыла ажыццявіць сваё патаемнае жаданне — стварыць калектыў. Так з’явіўся харэаграфічны ансамбль танца “Задоринка”. Назва адлюстроўвае ўнутраны змест: атмасфера запалу і ўздыму заўсёды прысутнічае ў калектыве, а ствараюць яе вясёлыя, яркія дзеці. Першы раз маленькія выхаванкі Марыі Алегаўны выступілі на канцэрце праз 2 месяцы работы ансамбля. Гэта было складана, але яны справіліся. З цягам часу калектыў пачаў заяўляць пра сябе на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках. Асабліва запомніліся фестывалі ў Маскве, Празе, Варшаве і Кракаве.
“Большасць нашых нумароў — народна-стылізаваныя, таксама ёсць народна-сцэнічныя і эстрадныя дзіцячыя. Вялікую частку народнага блока складаюць беларускія аўтэнтычныя і беларускія стылізаваныя танцы, бо для нас важнае значэнне мае перадача дзецям традыцыйных танцаў як часткі нацыянальнай культуры. Калі мы выязджаем за мяжу, то прэзентуем краіну не толькі праз харэаграфію, але і праз свае паводзіны і аповеды пра Беларусь”, — расказвае Марыя Брыгадная.
У калектыў прыходзяць дзеці з рознымі характарамі, таму педагогу важна выбудаваць з імі даверлівыя адносіны. Калі разумееш, чаму дзіця захацела танцаваць, што яно чакае ад танцаў, то атрымліваецца раскрыць яго талент у нумарах, паказаць яго характар. Выйсці на сцэну перад вялікай колькасцю людзей і ярка, артыстычна сябе паводзіць — гэта складаная справа, асабліва для самых маленькіх. “У танцах важна, каб дзіця было вельмі працавітым. Нават калі яго прыродныя даныя будуць не самыя лепшыя, працавітасць дапаможа дасягнуць больш высокіх вынікаў. Асабіста для мяне важныя адкрытасць і дабрыня выхаванцаў, бо гэта дапамагае стварыць прыемную атмасферу ў калектыве, — заўважае Марыя Брыгадная. — Часам да нас прыходзяць пешчаныя дзеці, якім крыху не хапае ўраўнаважанасці. Калі ў іх нешта не атрымліваецца, эмоцыі ідуць праз край. Такія моманты мы стараемся выправіць”.
Кожнаму прыемна атрымліваць узнагароду за сваю працу. Прычым грошы тут стаяць, напэўна, на апошнім месцы. А на першым — добрае слова ад калегі, увага аўдыторыі ці падзяка ад вучня. Для Марыі Алегаўны галоўная ўзнагарода — бачыць, як дзіця, якое нічога не ўмела, пачынае прыгожа рухацца і ў яго нешта атрымліваецца, калі старэйшыя выхаванкі выконваюць складаныя рэчы. Кветачкі растуць, прыгажэюць, а сэрца педагога радуецца. Канечне, існуюць і складанасці. Па-першае, арганізацыйныя. Неабходна стварыць зручны графік, прадугледзець, каб у надзвычайнай сітуацыі была замена. Здаралася, што за дзень да канцэрта тэлефанавала маці і казала, што ў дзіцяці паднялася тэмпература, прыходзілася тэрмінова шукаць замену. “Было няпроста ствараць матэрыяльную базу, бо кожная новая пастаноўка — гэта новы сцэнічны касцюм. Бывае цяжка знайсці кантакт, прычым і з дзецьмі, і з бацькамі. Вельмі важна сфарміраваць культуру адносін не толькі ў межах нашага калектыву, але і адносін да мастацтва, да танцавальнай культуры, да іншых калектываў. Дзеці павінны ведаць, як сябе паводзіць у зале, на сцэне, як трэба выглядаць на рэпетыцыях і г.д. Такіх момантаў вельмі шмат, менавіта з іх і фарміруецца культура. Бывае вельмі няпроста данесці гэта да бацькоў, асабліва першыя часы. Для дзяцей важная асоба педагога, але яшчэ больш важныя бацькі. Таму мамы і таты павінны быць з намі на адной хвалі, павінны нагадваць дзецям пра правілы наведвання ансамбля, тады будзе вынік”, — упэўнена Марыя Брыгадная. — Таксама цяжкі момант, калі ў дзіцяці нешта не атрымліваецца, а бацькам хочацца, каб яно хутчэй паказвала вынікі. Трэба патлумачыць ім, чаму так здараецца, сказаць, што ўсе дзеці розныя і кожнаму патрэбна розная колькасць часу для засваення матэрыялу”. Спраўляцца з усімі складанасцямі Марыі Алегаўне дапамагаюць, як ні дзіўна, танцы, толькі ўжо ў кампаніі сяброў, і прагулкі на свежым паветры — поўная перазагрузка.
“Добры педагог — той педагог, які разумее сваіх дзяцей, ведае, як раскрыць іх патэнцыял, ведае, як выхаваць з іх асобу. Не так важна, будуць яны танцорамі ў будучыні ці не, галоўнае, каб яны сталі добрымі людзьмі”.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва М.А.Брыгаднай.