Ад парку да аквапарку

- 15:40Актуально, Рознае

Беларускія школьнікі і студэнты па традыцыі сталі самымі актыўнымі ўдзельнікамі суботніка. Большасць з іх працавала ў парках, скверах, на ўчастках каля навучальных устаноў. Навучэнцы, студэнты, настаўнікі і педагогі займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый, пасадкай дрэў, ліквідацыяй несанкцыянаваных звалак, акультурваннем лясоў пасля зімы.

У Мінску, напрыклад, эпіцэнтрам стаў аквапарк “Лябяжы”, паркавая зона Партызанскага раёна і лесапарк у Сцяпянцы. У Мінскай вобласці навучэнцы ачышчалі ад мінулагодняга лісця Парк Перамогі ў Маладзечне, а дарослыя — спецыялісты сістэмы адукацыі Міншчыны працавалі ў Заслаўі Мінскага раёна — наводзілі парадак у гарадскім скверы (у рамках падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства). А ў Гомелі прынялі ўдзел у раённай акцыі “Чыстыя берагі” па добраўпарадкаванні тэрыторый, сумежных з азёрамі і рэкамі. У Гродзенскай вобласці прайшла ўборка брацкіх магіл воінаў Вялікай Айчыннай вайны і экалагічная акцыя “Чысты горад”. Добраўпарадкаваннем тэрыторыі, якая прылягае да помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, героям Савецкага Саюза, тэрыторыі дзіцячых цэнтраў займаліся школьнікі і студэнты Магілёўскай вобласці.
Супрацоўнікі апарату Мінадукацыі добраўпарадкоўвалі вуліцу Громава ў Маскоўскім раёне сталіцы, працавалі ў Студэнцкай вёсцы, саджалі дрэвы на тэрыторыі гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, прыбіралі, фарбавалі, прыводзілі ў парадак пасля зімы тэрыторыю Рэспубліканскага цэнтра рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху ў Мінску.

 

Юлія БАРАДУН.