Педагагічны космас чакае натхнёных настаўнікаў

- 11:58Псіхалогія +, Рознае партфолiо

У найбліжэйшай перспектыве ў многіх нашых чытачоў закончыцца водпуск і пачнецца новы гадавы рабочы палёт (менавіта так хочацца назваць наступны навучальны год) у бязмежны космас новых ведаў, пачуццяў, думак, прыярытэтаў, рэсурсаў. Самае важнае ў перадстартавы час — як адчувае сябе касманаўт, на што ён нацэлены, ці ёсць энтузіязм, творчыя планы. Для таго каб выйсці з адпачынку з радасцю, назапасіўшы энергіі, натхняльных прафесійных і асобасных сэнсаў, будзем весці сённяшні дыялог.

Дыялог з чытачом

Кожная педагагічная дыстанцыя даўжынёю ў год патрабуе ад нас вялікага напружання сіл, дастатковай колькасці адвагі, вынаходлівасці, стрэсаўстойлівасці. Наша прафесійная дзейнасць поўная не толькі сітуацый поспеху, удзячнасці, натхнення, адкрыццяў, знаходак, азарэнняў, але і сітуацый нявызначанасці, напружання, непаразумення, супраціўлення. У сувязі з гэтым, магчыма, не так лёгка пакінуць утульны кокан адпускнога часу. Аблегчым сабе пераход, маральна падрыхтуемся да яго, пазнаёміўшыся з прыроднай аналогіяй, паралельна абдумваючы адказ на пытанне “Што робіць адных людзей энергічнымі, паспяховымі, прынятымі і любімымі, а іншых безжыццёвымі, аднастайнымі і сумнымі?”.
Усім вядома, што матылёк, перш чым стаць чароўным прыгажуном з яркімі крыламі, здольным паўнацэнна пражыць сваё жыццё, нейкі час з’яўляецца кукалкай. Потым, праз невялікую адтуліну, якая ўзнікае ў пэўны час, ён з цяжкасцю і напружаннем стараецца прабіцца на свет. Для гэтага іншы раз яму неабходна некалькі гадзін. Калі яму дапамагчы, павялічыўшы адтуліну, стварыць умовы для эканоміі сіл, то матылёк з’явіцца на свет з распухлым цельцам і з тонкімі і слабымі крыльцамі. Справа ў тым, што, калі матылёк з цяжкасцю выбіраецца з кокана, вадкасць з яго цельца перацякае ў крыльцы, тым самым дапамагаючы яму ўзляцець, як толькі ён выберацца вонкі. Што дапаможа нам вылецець на сустрэчу да паспяховай і радаснай прафесійнай дзейнасці, адказаць на пастаўленае вышэй пытанне? Можа, гэта крэатыўны феервек ці салют, які бадзёрыць, узрыў унутры ўласнай асобы, створаны сваімі ўласнымі намаганнямі? Вам цікава? Ідзём далей.
Задумайцеся аб крыніцах, умовах, дзеяннях, якія натхняюць вас, даюць свежы погляд на свет, мабілізуюць, актывізуюць, выклікаюць інтарэс. Магчыма, карысна пачаць з падтрымання добрага настрою. Правядзём эксперымент. Нахмурце бровы, прыжмурце вочы, сцісніце губы. Такі выраз твару адлюстроўвае злосць. Праз хвіліну ваш пульс павялічыцца на 10—20 удараў у хвіліну. Далоні стануць гарачымі, вы адчуеце дыскамфорт. А цяпер паспрабуйце наступнае: вазьміце ў зубы невялікую шарыкавую ручку так, каб куточкі рота расцягваліся ўлева і ўправа, але пры гэтым вы не адчувалі дыскамфорту. Трымайце ручку на працягу 5 хвілін. Паступова вы адчуеце, як ваш настрой паляпшаецца. Потым прайдзіцеся ўпэўненай хадой, гледзячы наперад. Вы не паверыце, як хутка міміка можа змяніць ваш настрой. Настрой — добры пачатак для аптымізацыі чалавечага рэсурсу. Паспяховым крокам да пераходу ў рабочы стан з апошніх адпускных дзянькоў можа быць абдумванне і выбар дзеянняў з вопыту іншых людзей, які дазваляе ім ярка адчуваць свой жыццёвы рэсурс. Прачытайце спіс прапаноў і роздумаў аб жыцці, некаторыя з іх абавязкова акажуцца вам блізкімі. Выбірайце эфектыўныя для вас падказкі і парады для натхнення, мабілізацыі асабістых рэсурсаў:
— Кожны дзень — гэта новы старт. Не прывязвайцеся, як да догмаў, да таго, што адбылося ўчора, заўчора ці пазней.
— Жывіце больш свядома. Перастаньце дзейнічаць аўтаматычна, рухаючыся па аднолькавым маршруце і ўжываючы адну і тую ж ежу. Атрымлівайце асалоду ад таго, на што раней не звярталі ўвагі! Адчуйце подых ветру, паслухайце, як спяваюць птушкі, атрымайце задавальненне ад новай стравы.
— Вывучайце свае каштоўнасці. Каштоўнасці — гэта тое, што робіць вас вамі. Для адных каштоўнасцямі могуць быць сябры, для іншых — сям’я, фінансавы рост.
— Здыміце паўзу з важнага і жаданага і ўкрадзіце крыху часу ў патрэбнага.
— Завядзіце запісную кніжку. У ёй запісвайце вашы думкі, прынцыпы, планы, думкі іншых людзей, якія вам спадабаліся, разважайце самі на яе старонках.
— Складзіце свой спіс жаданняў.
— Рабіце тое, што вам падабаецца, не адкладваючы тэатр, рыбалку, падарожжа бясконца! Песціце сябе. Патрацьце свой час і энергію на тое, што будзе вас напаўняць радасцю і энергіяй.
— Знайдзіце сваё захапленне ў жыцці. Калі б у вас былі неабмежаваныя рэсурсы і ніякіх абавязкаў, што б вы зрабілі?
— Аналізуйце свае невялікія перамогі, успомніце, як вы іншы раз ішлі супраць цячэння, успомніце задавальненне ад таго, што вы мелі рацыю, а іншыя — не.
— Праводзьце больш часу з людзьмі, якія вас натхняюць і падтрымліваюць. Добра, калі ў вас ёсць кола аднадумцаў.
— Зрабіце дзень шчодрасці. Падумайце, што з таго, што вы можаце зрабіць сёння, палепшыць свет хоць на ёту. Рабіць дабро іншым людзям — гэта найлепшы спосаб павысіць сабе настрой.
— Ліквідуйце лішняе. Прыбярыце лішняе са свайго стала, з кватэры, з захапленняў, з жыцця ўвогуле. Вызваліце месца для самых важных рэчаў.
— Вырвіце сябе з руціны руху. Адкрыйце для сябе новыя мясціны, якія можна знайсці нават у родным горадзе, вёсцы.
— Стварыце сваё месца для натхнення. Гэта можа быць куточак, у якім знаходзяцца ўсе вашы натхняльныя рэчы (кнігі, фотаздымкі, відэа); гэта таксама можа быць парк, кафэ.
— Час ад часу іграйце ролі. Уяўляйце сябе іншым чалавекам і нейкі час дзейнічайце так, як дзейнічаў бы ён у падобнай сітуацыі. Пабудзьце якім-небудзь знакамітым і паспяховым чалавекам. Напрыклад, Маяй Плісецкай, Зігмундам Фрэйдам, Дар’яй Домрачавай, Альбертам Эйнштэйнам, Міхаілам Ламаносавым.
Паспрабуйце думаць, як Леанарда да Вінчы. Ён лічыў, што мы можам прыдумваць новыя ідэі, калі будзем шукаць выпадковыя прадметы і ў думках іх звязваць з нашай праблемай для абдумвання. Да Вінчы вывучаў плямы на сценах, тлеючы агонь, форму аблокаў і кавалкі гразі. Ён маляваў дрэвы, поле бою, пейзажы, фігуры, якія рухаюцца, а потым звязваў іх з праблемай. Час ад часу да Вінчы браў змочаную ў фарбе губку, кідаў яе аб сцяну і ўважліва разглядаў плямы, якія ўтварыліся, разважаў над тым, на што яны могуць быць падобныя.
Папрактыкуемся ў прымяненні незвычайных падыходаў геніяў. Паспяховы вопыт падкажа нам і свае незвычайныя спосабы натхняцца, думаць нестандартна.
Пастарайцеся ўявіць кожны з пералічаных ніжэй аб’ектаў, апісаць яго і нават намаляваць:
— транспартны сродак, які адначасова з’яўляецца рыбай;
— лічыльнік на аўтастаянцы, які ў той жа час валодае некаторымі чалавечымі якасцямі;
— птушка і прадмет кухоннага посуду;
— камп’ютар і кубак адначасова;
— кухонная пліта і ў той жа час веласіпед;
— лаўка ў парку, якая таксама валодае некаторымі чалавечымі якасцямі;
— абажур і кніга.
Якія ідэі нарадзіліся ў вас падчас гэтага эксперымента? Усё ж парачка падказак не перашкодзіць. Трубы веласіпеднай рамы напоўнены парай, якую можна выкарыстаць для прыгатавання ежы. Вы круціце педалі — і пліта працуе. Транспартны сродак, які адначасова з’яўляецца рыбай: лодка, якую цягне дэльфін. Ці спадабаецца нам лаўка, якая размаўляе і ходзіць? На адной з плошчаў Кембрыджа жыхары і госці горада могуць убачыць шэсць лавак і столькі ж урнаў для смецця, аснашчаных механізмамі і сэнсарамі, якія дазваляюць ім рухацца па плошчы. Калі ніхто не садзіцца на лаўку, яна перамяшчаецца ў іншае, больш прывабнае для наведвальнікаў месца. Урны, наадварот, стараюцца перайсці ў непрыкметныя месцы. Іншы раз, калі амаль усе лаўкі занятыя, сэнсары пачынаюць спяваць, а разам з імі і урны.
Будзіце сваю фантазію. Яна дапамагае ўбачыць немагчымае. Напрыклад, Эйнштэйн мог уяўляць альтэрнатывы свяшчэннаму паняццю Ньютана аб абсалютным часе, таму што зразумеў яго сувязь з рухам. Падумайце аб тысячах вучоных, якія, магчыма, вельмі блізка падыходзілі да высновы, якую зрабіў Эйнштэйн. Але яны не змаглі пераадолець бар’ер агульнапрынятай нормы аб абсалютным часе. Паспрабуем усведамляць свае абмежаванні (а можа, нават пазмагацца з імі), выканаўшы заданне: “Падумайце, што немагчыма зрабіць у вас на рабоце. А цяпер усё ж хоць гіпатэтычна ўявіце, як бы гэта можна было ажыццявіць. Калі дапусціць, што японскія інжынеры кампаніі Toyota працуюць над стварэннем аўтамабіля, які можа выяўляць розныя адценні настрою (злосць, радасць, сум), то, можа, ваша немагчымая ідэя для сваёй работы не такая ўжо немагчымая? Важна помніць, што мысленныя эксперыменты і дзеянні не бескарысныя, бо мозг не бачыць розніцы паміж рэальным вопытам і тым, які мы дэталёва і ярка ўяўляем. Значыць, мы можам удасканальвацца і ўзбагачаць свой вопыт, ствараючы яго ў фантазіі. Урачы выказваюць думку аб тым, што ў нас ёсць сіла зрабіць усё што заўгодна, калі мы спачатку ўявім сабе гэта.
Дарагія чытачы, пакуль ёсць крыху адпускнога часу, практыкуйце незвычайныя спосабы для развіцця, удасканалення, падрыхтоўкі да навучальнага года. Зараз лепшы момант для гэтага. Нават калі вы не адчуваеце сябе Альбертам Эйнштэйнам ці Леанарда да Вінчы, карыстайцеся талентамі, здольнасцямі, якія маеце. Помніце, што ў лесе было б ціха, калі б спявалі толькі тыя птушкі, якія спяваюць лепш за ўсіх.

Псіхалагічнае люстэрка
Быць ці не быць — вось у чым пытанне!

Кожны з нас хацеў бы вызначыцца канчаткова — крэатыўная ён асоба ці не. Сёння мы пазнаёмімся з адным з поглядаў на такое самавызначэнне. Вы — крэатыўная асоба, калі:
1. Ваш розум схільны шукаць асацыяцыі. Гэта значыць, што ў вас моцная фантазія. Вы можаце пераключацца ад фантазіі да рэальнасці і назад. Вы схільны да гульні, у вас эксперыментальныя адносіны да жыцця. Але вы таксама здольны глыбока пагрузіцца ў работу. Напрыклад, вы можаце так ёю захапіцца, што забудзеце паабедаць.
2. Вы чакаеце арыгінальнасці. У нейкай меры вы бунтар.
3. Вы высока матываваны. Вы амбіцыйны.
4. Вы гібкая асоба.
5. Можаце быць эмацыянальна няўстойлівым. Востра адчуваеце свет вакол сябе, можаце быць схільным да трывожнасці. Вы — няўрымслівы і настойлівы.
6. Вы можаце быць эгаістычным, асабліва калі заняты цікавай справай. Творчым людзям патрэбна дыстанцыя ад свету, каб яны змаглі знайсці нешта, што патрабуе паляпшэння. Праўда, гэта можа прывесці да цяжкасцей у адносінах з іншымі.
Калі ж вы не такі ўжо крэатыўны, але хочаце стаць творчай асобай, не адчайвайцеся. Можна навучыцца быць больш крэатыўным чалавекам. Знешняе асяроддзе таксама можа аказаць надзвычай моцны ўплыў. Знаёмцеся з творчымі людзьмі, вучыцеся ў іх, зараджайцеся творчай энергіяй. Як, напрыклад, пісьменнікі натхніліся адной цяжкай задачай, якую паставіў перад сабой Эрнэст Хемінгуэй: “Напісаць апавяданне з шасці слоў, якое прымусіла б людзей суперажываць”. Вось гэтае апавяданне: “Прадаюцца дзіцячыя чаравічкі, няношаныя” (For sale: baby shoes, never worn).
Падумайце аб словах, якія маглі б апісаць ваш асабісты працэс крэатыўнага мыслення, і выразіце яго ў шасці словах. Можа, вам падыдуць наступныя: “Спяшайцеся, рабіце тое, што немагчыма зрабіць!”

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык Мінскага гарадскога
інстытута развіцця адукацыі.