Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж лічыцца адной з лепшых устаноў прафесійнай адукацыі і мае папулярнасць сярод моладзі.
Каледж рыхтуе кадры для машынабудавання, і яго выпускнікі працуюць на вядучых прадпрыемствах гэтага профілю. Акрамя таго, каледж цесна супрацоўнічае з вытворцамі, сваіх навучэнцаў уладкоўвае на практыку на пляцоўкі прадпрыемстваў. Адметна, што і канкурсант па кампетэнцыі “Фрэзерныя работы з ПК”, навучэнец каледжа Кірыл Варабей, праходзіў практычную падрыхтоўку да конкурсу на базе знакамітага Гомсельмаша, дзе цэхі абсталяваны сучаснымі станкамі з праграмным кіраваннем.
Як расказаў майстар вытворчага навучання, педагог Кірыла М. А. Бондараў, у хлопца быў настаўнік і на прадпрыемстве, і ў каледжы, таму падрыхтоўка Кірыла была вельмі насычанай і прадукцыйнай.
— Гомсельмаш — гэта высокатэхналагічная вытворчасць і сучаснае абсталяванне, і патрабаванні да падрыхтоўкі кадраў адпаведныя, — адзначыў Мікалай Аляксандравіч. — Таму было мэтазгодным рыхтаваць Кірыла да ўдзелу ў конкурсе на базе прадпрыемства, што мы і зрабілі.
М.А.Бондараў расказаў, што ён працуе ў каледжы ўжо 6 гадоў і рыхтуе спецыялістаў для прадпрыемстваў машынабудавання Гомельскага рэгіёна.
— Моладзь вельмі дапытлівая, мэтанакіраваная, імкнецца не проста атрымаць прафесію, але і дасягнуць высокіх вынікаў у сваёй працы, быць сапраўднымі майстрамі. Тым больш што сёння такарная, фрэзерная справа — гэта не толькі работа рукамі, але і галавой, трэба ўмець працаваць з камп’ютарнай праграмай, выбудоўваць электронны чарцёж. Тэхналогіі і вытворчасць пастаянна развіваюцца, з’яўляюцца новыя формы і метады падрыхтоўкі кадраў, і вельмі хочацца даведацца аб новаўвядзеннях, пераўтварэннях, быць у цэнтры падзей, у гэтай імклівай плыні развіцця, — сказаў Мікалай Аляксандравіч. — Worldskills якраз і з’яўляецца той пляцоўкай, дзе сканцэнтраваны лепшыя здабыткі эканомікі, прадстаўлены міжнародны вопыт. Таму, калі выпала магчымасць паўдзельнічаць у гэтым руху, я адразу згадзіўся.
Выхаванец Мікалая Аляксандравіча Кірыл Варабей — вельмі здольны хлопец. Гэта заўважылі і калегі з Гомсельмаша, дзе ён праходзіў так званую стажыроўку. Ён сам з Рэчыцы, вучыцца на 4 курсе і марыць пасля заканчэння каледжа паехаць працаваць у родны горад на Рэчыцкі метызны завод.
На пляцоўцы чэмпіянату ўдзельнікі кампетэнцыі па фрэзераванні выконвалі шэраг заданняў, перад тым як дайшла справа да вырабу пэўнай дэталі. Сёння ў вытворчасці для фрэзеравання выкарыстоўваюцца станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, дзякуючы чаму фрэзерныя работы выконваюцца ў аўтаматычным рэжыме. Для ажыццяўлення аўтаматычных работ ствараецца спецыяльная праграма, а таксама выконваецца папярэдняя апрацоўка чарцяжоў. Увесь гэты шлях давялося прайсці і канкурсантам.
Удзельнікі павінны былі вывучыць спецыяльны чарцёж, потым на персанальным камп’ютары з устаноўленым праграмным забеспячэннем стварыць кіруючую праграму. Пасля канкурсанты перайшлі да настройкі і наладкі самога станка: устаноўка неабходнага інструмента, загрузка кіруючай праграмы і ўстаноўка загатоўкі дэталі. Калі ўсе гэтыя крокі выкананы, фрэзерны станок пачынае вырабляць дэталь у аўтаматычным рэжыме. На выкананне задання было адведзена 4 гадзіны.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.