З улікам асаблівасцей адукацыйнай прасторы і кадраў

- 12:08Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Структура метадычнай службы Асіповіцкага раёна сфарміравана з улікам спецыфікі адукацыйнай прасторы і асаблівасцей кадравага патэнцыялу ўстаноў адукацыі раёна.

Праз дыягностыку прафмайстэрства

Эфектыўным інструментам узаемадзеяння метадычнай службы і педагагічных работнікаў раёна, які забяспечвае адзіную адкрытую метадычную прастору, своечасовае прадастаўленне ўдзельнікам адукацыйнага працэсу педагагічна значнай інфармацыі, з’яўляецца сайт аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. А раздзел сайта “Раённы вучэбна-метадычны кабінет” прадастаўляе інфармацыю аб дзейнасці раённай метадычнай службы. Тут размяшчаюцца матэрыялы, якія сістэматычна абнаўляюцца, усебакова асвятляюць адукацыйную і метадычную дзейнасць педагогаў раёна, садзейнічаюць абмену эфектыўным вопытам і творчымі ідэямі.
Дарадчым органам, які каардынуе метадычную работу, з’яўляецца метадычны савет вучэбна-метадычнага кабінета, у склад якога ўваходзяць метадысты, намеснікі дырэктараў па вучэбнай рабоце. На пасяджэнні савета запрашаюцца творчыя педагогі, кіраўнікі майстар-класаў, творчых груп. Рэкамендацыі, якія выпрацоўваюцца на пасяджэннях метадычнага савета, размяшчаюцца на сайце аддзела ў свабодным доступе для ўсіх педагогаў раёна, што забяспечвае іх рэалізацыю ў практычнай дзейнасці.
Метадычная служба запатрабавана толькі тады, калі яна задавальняе патрэбы сваіх заказчыкаў — педагогаў. Педагагічны запыт фарміруецца на аснове дыягностыкі прафесійнага майстэрства, анкетавання, аналізу адкрытых урокаў і конкурсных мерапрыемстваў. Выяўленыя адукацыйныя патрэбы педагогаў дазваляюць спланаваць метадычную работу на навучальны год і вызначыць найбольш прымальныя формы развіцця прафесіяналізму.
З мэтай павышэння эфектыўнасці дыягнастычных даследаванняў раённай творчай групай намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце выпушчаны інфармацыйна-метадычны бюлетэнь, у якім ёсць узоры дыягнастычных анкет, што дазваляюць выявіць індывідуальныя цяжкасці педагогаў у іх прафесійнай дзейнасці і на падставе атрыманых вынікаў спланаваць работу па павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў як у асобна ўзятай установе адукацыі, так і ў маштабах раёна.

У рэжыме творчых груп

Склад педагагічных работнікаў раёна разнародны па ўзросце, педагагічным вопыце, прафесіяналізме. У сувязі з гэтым у метадычнай рабоце выкарыстоўваецца шматузроўневы падыход. Умоўна педагогі падзелены на тры групы, якія адрозніваюцца ўзроўнем валодання педагагічным майстэрствам: станаўлення педагагічнага майстэрства; удасканалення педагагічнага майстэрства; высокага педагагічнага майстэрства. З улікам гэтага і сфарміравана метадычная прастора раёна.
Групу станаўлення педагагічнага майстэрства складаюць педагогі са стажам работы да пяці гадоў, іх у раёне 8,6%. Яны аб’яднаны ў школы маладога настаўніка. У сваёй рабоце з маладымі педагогамі метадысты РВМК сваю асноўную задачу бачаць перш за ўсё ў тым, каб дапамагчы пачынаючаму настаўніку ўвайсці ў прафесію, сфарміраваць патрэбу прафесійна расці, — толькі тады можна разлічваць на якасць і выніковасць іх прафесійнай дзейнасці ў будучыні. Новай формай работы з маладымі педагогамі стала правядзенне раённай акцыі “Настаўнік-метадыст — маладому педагогу”.
Улічваючы, што ў раёне працуюць чатыры настаўнікі-метадысты (Таццяна Львоўна Амбрушкевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Асіповіч; Святлана Віктараўна Назарава, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Асіповіч; Уладзімір Міхайлавіч Паркалаў, настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 1 Асіповіч; Неаніла Львоўна Цыганок, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Асіповіч), неабходна максімальна выкарыстоўваць іх патэнцыял для ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў з невялікім стажам работы, якія не маюць свайго эфектыўнага вопыту прафесійнай дзейнасці. Пачалася акцыя са знаёмства маладых педагогаў і настаўнікаў-метадыстаў. “Знаёмцеся, гэта мы!” — так называўся яе першы этап. Прадстаўленыя візітныя карткі паказалі, што маладыя настаўнікі — творчыя, разнапланавыя, мэтанакіраваныя асобы. У многіх з іх ёсць цікавыя захапленні і хобі. Дарэчы, дзякуючы захапленню маладога педагога Аляксандры Андрэеўны Зыль, настаўніцы замежнай мовы Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, тапіярыем, у акцыі з’явілася свая эмблема — дэкаратыўнае дрэва шчасця, якое стала сімвалам прафесійнага росту і творчага развіцця маладых педагогаў Асіповіцкага раёна.
Неардынарнымі асобамі праявілі сябе і настаўнікі-метадысты, якія нароўні з моладдзю рабілі візіткі. Пасля знаёмства была арганізавана панарама вопыту работы настаўнікаў-метадыстаў. Кожны з іх правёў майстар-клас па тэме свайго вопыту, наглядна прадэманстраваў эфектыўныя прыёмы і метады работы, якія выкарыстоўвае ў штодзённай практыцы.
Трэці этап акцыі ўключаў пасяджэнне круглага стала, на якім педагогі задавалі адно аднаму пытанні па праблемах, якія іх цікавяць, абменьваліся думкамі аб сучасных падыходах да арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Не абышлося і без творчага задання. Маладым настаўнікам прапанавалі серыю карцін. Сярод іх “Дзявяты вал” І.Айвазоўскага, “Зноў двойка” Ф.Рашэтнікава, “Вусны лік” М.Багданава-Бельскага, “Тры багатыры” В.Васняцова, “Пераход Суворава праз Альпы” і “Узяцце снежнага гарадка” В.Сурыкава. Кожны педагог павінен быў выбраць з іх тую, якая найбольш дакладна адлюстроўвае яго стан на ўроку, растлумачыўшы, чаму асацыяцыі звязаны менавіта з гэтай карцінай. Адказы маладых настаўнікаў былі цікавымі і нестандартнымі. Не засталіся ўбаку і настаўнікі-метадысты, якія, як высветлілася, нягледзячы на вялікі вопыт работы, таксама перажываюць і хвалююцца на кожным уроку.
Спадзяёмся, што прадстаўленне лепшых узораў педагагічнай практыкі, зносіны з вопытнымі педагогамі дапамогуць пачынаючым настаўнікам у фарміраванні іх кампетэнтнасці. Спалучэнне стандартных форм работы з нефармальнымі творчымі зносінамі, з нашага пункту гледжання, садзейнічае не толькі стварэнню спрыяльнага асяроддзя і псіхалагічнага камфорту, але і пазітыўнай матывацыі маладых педагогаў на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства.
Заключным этапам акцыі стаў метадычны аўкцыён “Сучасны ўрок”, які правялі Таццяна Львоўна Амбрушкевіч, настаўнік-метадыст гімназіі Асіповіч, і Святлана Віктараўна Назарава, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 3 Асіповіч. Анкетаванне ўдзельнікаў акцыі паказала, што 100% маладых педагогаў лічаць яе карыснай для сябе.
Прайшоўшы этап адаптацыі і стаўшы на шлях станаўлення, педагог працягвае прафесійнае сталенне, удзельнічаючы ў рабоце метадычных аб’яднанняў, мэта якіх заключаецца ў забеспячэнні якасці адукацыі шляхам сумеснага пошуку адзіных падыходаў да ацэнкі вынікаў педагагічнай дзейнасці, адпрацоўкі і ўкаранення лепшых узораў педагагічнай практыкі, узаемных прафесійных зносін.
Узаемадзеянне педагогаў у раённых метадычных аб’яднаннях арганізоўваецца ў рэжыме сістэмных мерапрыемстваў праз разнастайныя формы: семінары, круглыя сталы, дзелавыя гульні, прэзентацыі вопыту.
Гэтая асноўная частка педагагічных работнікаў устаноў адукацыі раёна і складае групу ўдасканалення педагагічнага майстэрства.
У групу высокага педагагічнага майстэрства ўваходзяць педагогі, якія маюць высокія кваліфікацыйныя катэгорыі, высокі ўзровень самаадукацыйнай дзейнасці і высокую выніковасць у рабоце. Яны з’яўляюцца кіраўнікамі метадычных аб’яднанняў, праводзяць майстар-класы, аб’ядноўваюцца ў творчыя групы, дзейнасць якіх накіравана на практычную распрацоўку матэрыялаў, звязаных з актуальнымі праблемамі адукацыі.
Мы лічым, што работа ў рэжыме творчых груп з’яўляецца вельмі прадукцыйнай, таму што ў склад групы ўваходзяць педагогі, захопленыя адной праблемай, што садзейнічае высокай матывацыі да пошуку і творчага вырашэння пастаўленых задач, атрымання канкрэтнага метадычнага прадукту. Таму ў раённай метадычнай сетцы творчыя групы займаюць адну з лідзіруючых пазіцый і ахопліваюць шырокае кола настаўнікаў розных прадметаў, а таксама кіраўнікоў устаноў адукацыі.
Галоўны вынік работы любой раённай творчай групы — гэта метадычны прадукт, падрыхтаваны яе членамі і прапанаваны калегам для выкарыстання ў рабоце. Усе распрацаваныя творчымі групамі матэрыялы сабраны ў метадычныя партфелі, якія захоўваюцца ў РВМК, а таксама размяшчаюцца на сайце аддзела ў рубрыцы “Раённы вучэбна-метадычны кабінет”, што зручна і даступна для педагогаў.

Рэсурсы аб’ядноўваюцца

Наяўнасць у раёне творчага метадычнага патэнцыялу садзейнічае пашырэнню такіх прафесійных аб’яднанняў, як майстар-класы.
На працягу шасці гадоў мы арганізавалі 43 раённыя майстар-класы вопытных педагогаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце. У 2014/2015 навучальным годзе працавалі пяць майстар-класаў.
Станаўленню новага, больш гнуткага адукацыйнага асяроддзя для прафесійнага развіцця педагогаў, павышэнню свабоды зносін на аснове інфармацыйнага абмену садзейнічае работа рэсурсных цэнтраў, якія мы адкрываем пры ўмове актуальнасці напрамку дзейнасці і яго перспектыўнасці для развіцця ўстаноў адукацыі раёна, а таксама наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў, матэрыяльна-тэхнічных і інфармацыйных рэсурсаў для арганізацыі бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагогаў.
Так, у 2013/2014 навучальным годзе рэсурсны цэнтр працаваў на базе сярэдняй школы № 2 Асіповіч, якая на працягу шаснаццаці гадоў супрацоўнічае з аўтарскай групай “Рэферэнт”, што ў сваю чаргу дапамагло граматна і эфектыўна арганізаваць работу па развіцці крэатыўнага мыслення навучэнцаў. Гэта пацвярджаецца вынікамі ўдзелу школьнікаў у прадметных алімпіядах, інтэлектуальных і творчых конкурсах.
Значная роля ў дасягненні такіх высокіх вынікаў належыць факультатыўнаму курсу “Вучуся творча мысліць”. Набытыя веды і ўменні навучэнцы паспяхова пераносяць на вучэбныя прадметы і ў штодзённае жыццё. У 2013/2014 навучальным годзе навучанне па праграме “Вучуся творча мысліць” вялося ўжо ў адзінаццаці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Таму вопыт педагогаў сярэдняй школы № 2 аказаўся запатрабаваны ўсімі настаўнікамі, якія ўпершыню ўзяліся выкладаць гэты курс.
Раённыя рэсурсныя цэнтры таксама працавалі на базе сярэдняй школы № 3 Асіповіч, дзе паспяхова ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі ў кіраўніцкую дзейнасць і адукацыйны працэс, і гімназіі Асіповіч, дзе створана эфектыўная сістэма арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў.
Прагназуючы сітуацыю на новы навучальны год, улічваючы ўвядзенне з 1 верасня 2015 года профільнага навучання, з мэтай аказання дапамогі педагогам раёна ў граматнай арганізацыі адукацыйнага працэсу ў новых умовах, рэалізацыі праграм вывучэння прадметаў на павышаным узроўні ў 2015/2016 навучальным годзе на базе сярэдняй школы № 2 Асіповіч будзе адкрыты раённы рэсурсны цэнтр “Профільнае навучанне: арганізацыя адукацыйнага працэсу і асаблівасці методыкі навучання”. На працягу трох гадоў калектыў гэтай школы ўдзельнічаў у інавацыйнай дзейнасці па тэме “Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання вучняў на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі”. Набыты вопыт інтэграцыі ўнутранай і знешняй дыферэнцыяцыі навучання, наяўнасць неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы дазволілі ўстанове стаць рэсурсным цэнтрам укаранення профільнага навучання ў маштабах раёна.

Прафесійнае супрацоўніцтва

Вялікае значэнне для росту прафесійнага майстэрства педагогаў маюць семінары, канферэнцыі, якія праводзяцца сумесна з МДАІРА, АПА, МДІРА.
У сакавіку 2014 года раённым вучэбна-метадычным кабінетам сумесна з МДАІРА і аўтарскай групай “Рэферэнт” праводзілася міжнародная канферэнцыя “Прафесійна-педагагічная культура сучаснага педагога”, у рабоце якой прынялі ўдзел прадстаўнікі МДАІРА, МДІРА, аўтарскай групы “Рэферэнт”, педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі Асіповіцкага і Бабруйскага раёнаў, а таксама нашы літоўскія калегі — педагогі гімназіі імя Адольфаса Шапокі з горада Уцяны, супрацоўнікі эдукалагічнага ўніверсітэта з Вільнюса.
Удзельнікам канферэнцыі было цікава не проста абмяняцца вопытам работы, але і супаставіць асноўныя падыходы да арганізацыі сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і ў нашых суседзяў з Літоўскай Рэспублікі.
У канферэнцыі ўдзельнічалі і настаўнікі-метадысты з Магілёўскай вобласці, члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, якія акцэнтавалі ўвагу на тым, што значную ролю ва ўдасканаленні прафесіяналізму педагога адыгрывае конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Ён па сутнасці з’яўляецца эфектыўнай формай павышэння кваліфікацыі, таму што ўдзел у конкурсе дае педагогам магчымасць набыць новыя веды, па-новаму асэнсаваць сябе і сваё месца ў прафесіі.
Канферэнцыя насіла не толькі навуковы, але і практычны характар. Па выніках яе работы аўтарскай групай “Рэферэнт” выдадзены зборнік матэрыялаў, у які ўвайшло 137 публікацый педагогаў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Літоўскай Рэспублікі. Знамянальна, што 89 з іх належаць педагагічным работнікам устаноў адукацыі Асіповіцкага раёна.
Нашы літоўскія калегі з гімназіі Уцяны заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з сярэдняй школай № 2 Асіповіч — гэта аснова для доўгатэрміновага ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі.
Хачу асобна спыніцца на значнасці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. У перыяд актыўнага развіцця працэсаў глабалізацыі і інтэграцыі, у тым ліку ў сферы адукацыі, узрастае значэнне глыбокага параўнальнага даследавання замежных прагрэсіўных адукацыйных практык і пераасэнсавання іх у адносінах да ўмоў нашай школы. Мы ўсведамляем ролю рэгіянальных метадычных структур у фарміраванні адзінай адукацыйнай прасторы і бачым сваю стратэгічную задачу ў забеспячэнні эфектыўнага абмену рэсурсамі развіцця адукацыйных практык і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні. Поспех у дасягненні якасці адукацыі ў многім залежыць ад культуры ўзаемадзеяння ўсіх звёнаў шматузроўневай метадычнай службы. Ніхто не павінен адчуваць сябе пабочным назіральнікам, кожны павінен разумець, што ён актыўны ўдзельнік працэсу, ад якога ў пэўнай ступені залежыць поспех агульнай справы. Менавіта таму мы робім упэўненыя крокі на шляху станаўлення і развіцця супрацоўніцтва з калегамі з Літоўскай Рэспублікі.
Эфектыўным працягам прафесійных сувязей, якія пачаліся ў 2014 годзе, стаў актыўны ўдзел педагагічнага калектыву Уцянскай гімназіі Літоўскай Рэспублікі ў рабоце е-mail-канферэнцыі “Якасць адукацыі: праблемы і перспектывы”, якую мы правялі ў бягучым годзе. Вопыт літоўскіх калег аказаўся цікавым для педагогаў нашага раёна, што відавочна з каментарыяў да іх артыкулаў.
Найбольшую зацікаўленасць выклікалі такія аспекты ў рабоце педагогаў Літвы, як цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне школы і ўстаноў вышэйшай адукацыі, выкарыстанне на вучэбных занятках сістэмы Moodle, арганізацыя самастойнага навучання ў адкрытай прасторы.
Трэба адзначыць, што адначасова ў літоўскага боку цікавасць выклікаў вопыт нашых педагогаў. Працягам супрацоўніцтва стаў адукацыйны візіт вясной бягучага года дэлегацыі Асіповіцкага раёна па запрашэнні літоўскага боку ў гімназію імя А.Шапокі горада Уцяны Літоўскай Рэспублікі, у рамках якога беларуская дэлегацыя пазнаёмілася з вопытам работы педагагічнага калектыву гімназіі, асаблівасцямі сістэмы адукацыі Літвы.
Гэты абмен вопытам і канструктыўны дыялог па кампетэнтнасным падыходзе ў сістэме адукацыі і кіраўніцкай дзейнасці быў карысны для ўдасканалення работы і дасягнення высокіх вынікаў у ёй двух бакоў.
Мы перакананы, што творчасць не можа развівацца ў вузкіх рамках самапазнання, а прафесійнае супрацоўніцтва — гэта адна з умоў прафесійнага росту педагогаў. Менавіта сумесная дзейнасць педагогаў (у тым ліку і міжнародная) садзейнічае нарошчванню адукацыйнага патэнцыялу, павышэнню ўзроўню яго выкарыстання і гарантуе атрыманне якасна новых вынікаў адукацыі.

Бенефіс настаўніка

Дзейсным інструментам удасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў з’яўляецца эфектыўны педагагічны вопыт. Таму РВМК праводзіць сістэматычную работу па яго вывучэнні, абагульненні і распаўсюджванні. Практыкуем такія формы распаўсюджвання эфектыўнага вопыту, як майстар-класы, педагагічныя выставы, канферэнцыі.
Новай для нас, але разам з тым вельмі эфектыўнай, з нашага пункту гледжання, формай распаўсюджвання вопыту работы педагогаў, якія маюць дасягненні ў навучанні і выхаванні навучэнцаў, з’яўляецца бенефіс. Ён дазваляе ў неафіцыйных, святочных абставінах паказаць не толькі прафесійную майстэрню настаўніка, але і прадставіць паспяховага педагога як творчую і разнапланавую асобу. І яшчэ, што вельмі важна, педагагічны бенефіс садзейнічае ўмацаванню іміджу як асобнага настаўніка, так і настаўніцтва ў цэлым.
Так, мы правялі бенефіс настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 3 Асіповіч Святланы Уладзіміраўны Зайцавай, лаўрэата спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года-2006” у намінацыі “Грамадска-палітычная дзейнасць”, тройчы стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, якая падрыхтавала 19 навучэнцаў, стыпендыятаў гэтага фонду. На бенефіс запрасілі настаўнікаў хіміі, біялогіі, маладых спецыялістаў усіх вучэбных дысцыплін, дырэктараў і намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце школ раёна. Прысутнасць старшыні Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў, дырэктараў прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў раёна сведчыла пра іх глыбокую павагу да гэтага педагога, падтрымку ўсіх яе пачынанняў і ініцыятыў.
Прысутным у зале былі прадстаўлены этапы прафесійнага станаўлення таленавітай і творчай настаўніцы, сакрэты яе педагагічнага майстэрства, метады і прыёмы работы, якія дазваляюць дасягнуць высокіх вынікаў, а таксама хобі і захапленні гэтай настаўніцы.
Педагогі раёна ўжо шмат гадоў актыўна супрацоўнічаюць і са сродкамі масавай інфармацыі, публікуючыся ў рэспубліканскіх прафесійных СМІ. Матэрыялы з вопыту іх работы размяшчаюць у зборніках, якія выпускаюцца па выніках правядзення абласных, рэспубліканскіх, міжнародных канферэнцый і форумаў.

Развіццё сеткавага ўзаемадзеяння

Ва ўмовах развіцця інфармацыйнага грамадства, маштабнай інфарматызацыі адукацыі ўзнікае неабходнасць пошуку найбольш аптымальных, сучасных форм арганізацыі метадычнай дзейнасці, павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў. У гэтай сувязі актуальным становіцца актыўнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у метадычнай рабоце. Правядзенне e-mail-канферэнцый, дыстанцыйных трэнінгаў, развіццё сеткавага ўзаемадзеяння — вось задачы, якія мы ставім перад сабой.
АПА, МДАІРА ўжо не першы год рэалізоўваюць адукацыйную праграму павышэння кваліфікацыі кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі ў дыстанцыйнай форме. Прамежкавы аналіз, праведзены спецыялістамі АПА, паказаў, што такая інтэрактыўная форма ўзаемадзеяння дазваляе выкладчыкам не толькі аператыўна наладжваць зваротную сувязь з удзельнікамі адукацыйнага працэсу, але і ўносіць карэктывы ў лекцыі і практычныя заняткі ў адпаведнасці з асаблівасцямі вучэбнай групы. Разам з тым у правядзенні дыстанцыйнага навучання выяўлены і шэраг праблем:
— не ўсе слухачы валодаюць сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі на ўзроўні кваліфікаванага карыстальніка;
— не ў кожнага навучэнца ёсць магчымасць рэгулярна карыстацца камп’ютарам з выхадам у інтэрнэт;
— не ў кожнага слухача ёсць асабісты адрас электроннай пошты;
— не ўсе валодаюць культурай работы ў рэжыме дыстанцыйнага навучання.
Вядома, гэта пытанні, якія трэба здымаць на месцах. Сваю задачу мы бачым у тым, каб дапамагчы настаўніку быць паспяховым слухачом курсаў дыстанцыйнага навучання.
Вынікі праведзенага анкетавання нашых педагогаў паказалі, што на сёння толькі 57% рэспандэнтаў гатовы да павышэння кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме.
Безумоўна, азам работы ў дыстанцыйным рэжыме трэба вучыцца, таму РВМК арганізаваў работу дыстанцыйнага трэнінгу “Паспяховае бацькоўства” для класных кіраўнікоў, педагогаў сацыяльных, педагогаў-псіхолагаў. Трэнінг прадугледжваў рэгулярныя кансультацыі, выкананне заданняў праблемна-пошукавага і творчага характару, атрыманне электронных буклетаў з рэкамендацыямі па вырашэнні праблемных пытанняў, якія адпавядаюць тэме трэнінгу.
Інфармацыя пра работу трэнінгу размешчана на сайце аддзела ў раздзеле “Раённы вучэбна-метадычны кабінет”. Там ёсць прэзентацыя і тэкставая інфармацыя пра трэнінг, яго цьютараў, форма заяўкі і кантактны тэлефон. Адзначу, што цьютарамі з’яўляюцца вопытныя педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі раёна. Яны суправаджалі ўдзельнікаў трэнінгу, аказваючы кансультацыйную дапамогу.
Новай формай работы, якую мы апрабавалі сёлета, з’яўляецца е-mail-канферэнцыя. Яна праводзілася вясной па тэме “Якасць адукацыі: праблемы і перспектывы”. На канферэнцыю было прадстаўлена 95 матэрыялаў педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Асіповіцкага, Бабруйскага і Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці, устаноў адукацыі Літоўскай Рэспублікі. Мы ўдзячны калегам з Круглянскага і Бабруйскага раёнаў за тое, што яны актыўна падключыліся да нашай работы і далі нам магчымасць убачыць іх вопыт. Акрамя таго, мы адкрылі для сябе шмат новых цікавых людзей, у якіх можна вучыцца не толькі прыёмам работы, але і адданасці справе, якой яны служаць. Усе матэрыялы знаходзіліся ў адкрытым доступе на сайце аддзела ў раздзеле “Раённы вучэбна-метадычны кабінет”. Для забеспячэння зваротнай сувязі паміж удзельнікамі канферэнцыі быў створаны зручны форум, які не патрабаваў рэгістрацыі і пэўных умоўнасцей для ўваходу. У цэлым у абмеркаванні матэрыялаў канферэнцыі ўдзельнічала больш за 150 чалавек. Шэраг каментарыяў да матэрыялаў канферэнцыі могуць прэтэндаваць на статус артыкула. Яны вызначаюцца глыбінёй тэарэтычных ведаў, разнастайнасцю рацыянальных і эфектыўных форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу, разуменнем найважнейшых задач, якія стаяць перад сучаснай сістэмай адукацыі.
Пасля завяршэння работы форуму мы пакінулі матэрыялы канферэнцыі і форуму на сайце да канца навучальнага года для азнаямлення як з матэрыяламі, так і з каментарыямі да іх. З нашага пункту гледжання, гэта лепшы прыклад для разумення сутнасці е-mail-канферэнцыі і вучоба для правядзення падобных мерапрыемстваў ва ўмовах установы адукацыі. Сваю задачу мы бачым у тым, каб прапаноўваць новыя формы работы, дэманстраваць прынцып іх дзеяння і такім чынам трансліраваць іх у масавую практыку.
Па выніках правядзення е-mail-канферэнцыі мы стварылі электронны зборнік яе матэрыялаў. Ён размешчаны на сайце і знаходзіцца ў адкрытым доступе для ўсіх педагогаў.
У 2015/2016 навучальным годзе мы плануем правесці е-mail-канферэнцыю сумесна з аўтарскай групай “Рэферэнт”, разлічваем на падключэнне да яе калег не толькі з Рэспублікі Беларусь, але і з Расійскай Федэрацыі. У новым навучальным годзе мы таксама плануем садзейнічаць развіццю сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў, шырокаму выкарыстанню нацыянальных інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў, у прыватнасці нацыянальнага адукацыйнага партала.
Мы ўжо запусцілі раённы конкурс віртуальных кабінетаў беларускай мовы і літаратуры. Загад, Палажэнне аб правядзенні конкурсу размешчаны на сайце, у педагогаў ёсць час асэнсаваць патрабаванні да віртуальнага кабінета, сістэматызаваць наяўныя матэрыялы і прывесці іх у адпаведнасць з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца.
Па выніках конкурсу з нашага сайта будзе арганізаваны прамы выхад на лепшыя віртуальныя кабінеты. Гэта дасць магчымасць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры карыстацца інфармацыяй калег і прадэманструе, якім павінен быць віртуальны вучэбны кабінет.
З мэтай прапаганды адрасоў эфектыўнага вопыту работы педагогаў, якія маюць высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, РВМК стварыў электронную энцыклапедыю, у якую ўвашлі імёны педагогаў — прызёраў конкурсаў прафесійнага майстэрства розных гадоў. Мы прапаноўваем усім наведвальнікам нашага сайта пагля-дзець яе і віртуальна пазнаёміцца з педагогамі, якімі ганарыцца Асіповіцкі раён.
Мы зыходзім з таго, што структура метадычнай службы не можа быць і не павінна заставацца нязменнай, яна будзе пастаянна развівацца і ўдасканальвацца ў залежнасці ад патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да сучаснай адукацыі. Несумненна адно — сістэмнасць у рабоце, паспяховасць дзейнасці любой мадэлі метадычнай службы могуць быць забяспечаны толькі пры рэалізацыі шматузроўневага падыходу ў рабоце з педагогамі.

Наталля ПАНФІЛОВІЧ,
загадчыца РВМК аддзела адукацыі,
спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама Магілёўскай вобласці.