Ва ўстановах прафесійнай адукацыі бярэ свой пачатак прафесійнае майстэрства. Яно фарміруецца дзякуючы ўпартай працы выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання і загартоўваецца дзякуючы іх цярплівасці. Сёння прапануем нашым чытачам зазірнуць ва ўстанову, дзе знаходзяцца вытокі мноства гісторый прафесійнага поспеху, — Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, які з’яўляецца філіялам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Месца, дзе добра ўсім
Установа імкнецца для кожнага навучэнца стаць лесвіцай да поспеху. За многія гады існавання каледжа ўсе пераканаліся, што ў гэтай лесвіцы надзейныя прыступкі, па якіх можна смела крочыць, — гэта трывалая матэрыяльна-тэхнічная база і багаты вопыт работы педагогаў. На шляху да прафесійнага майстэрства навучэнца абавязкова падтрымаюць і дапамогуць: педагогі, майстры вытворчага навучання, кіраўніцтва робяць усё магчымае, каб маладыя людзі дасягнулі свайго максімуму ў прафесіі. Няма сумненняў, што гэтая лесвіца сапраўды вядзе да поспеху, прыкладаў — мноства. Кожны тут ведае, што, куды ні пойдзеш у Пінску і раёне, у якую ўстанову ні завітаеш, сустрэнеш выпускніка каледжа. І, хутчэй за ўсё, гэта будзе кіраўнік. Так, большасць дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Піншчыны ўзначальваюць выпускнікі індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Гэта заканамерна: каледж ужо многа гадоў выпускае майстроў вытворчага навучання для сістэмы ПТА і ССА. А якасная падрыхтоўка і ўсебаковае асобаснае развіццё дазваляюць выпускнікам заслугоўваць павагу калег і кіраўніцтва, быць заўважанымі і атрымліваць адказныя даручэнні і пасады. Дарэчы, у 1971 годзе за поспехі ў падрыхтоўцы майстроў вытворчага навучання ўстанова была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга. Выпускнікі каледжа таксама ўзначальваюць сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, дрэваапрацоўчыя і іншыя прадпрыемствы, кіраўнік Пінска І.Р.Рыбкавец таксама вучыўся тут. Так што навучэнцам каледжа заўсёды ёсць на каго раўняцца.
Дырэктар Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа — таксама выпускнік гэтай установы. Сяргей Канстанцінавіч Дубнавіцкі імкнецца захоўваць і прымнажаць усё добрае, што было напрацавана за дзесяцігоддзі дзейнасці ўстановы, і адначасова прыўносіць інавацыі ў яе развіццё. Сёння калектыў працуе над стварэннем стратэгіі далейшага развіцця каледжа, якая абапіраецца на патрэбы эканомікі, улічвае сацыяльныя ўмовы і наяўнасць рэсурсаў.
— Мы дбаем аб павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, каб нашы выпускнікі былі запатрабаваныя, а работадаўцы — задаволеныя іх уменнямі. А для гэтага неабходна эфектыўна дзейнічаць ва ўсіх кірунках: удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу, наладжваць сувязі з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, укараняць інавацыі ў працэс навучання. Клапоцімся пра тое, каб навучэнцам было камфортна жыць, вучыцца, развівацца, — расказвае С.К.Дубнавіцкі. — Хочацца, каб у нашым каледжы кожны год быў конкурс пры паступленні і каб работадаўцы выстройваліся ў чаргу за нашымі выпускнікамі. Імкнёмся, каб каледж быў месцам, дзе добра і навучэнцам, і супрацоўнікам. Над гэтым і працуем.
Сёння ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па сямі спецыяльнасцях: “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”, “Машыны і абсталяванне дрэваапрацоўчай прамысловасці”, “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”. У 2020 годзе ўпершыню правялі набор навучэнцаў на базе агульнай базавай адукацыі. Зараз ва ўстанове 638 навучэнцаў на дзённай форме навучання і 101 — на завочнай. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 79 педагагічных работнікаў.
Варта адзначыць, што каледж прадастаўляе магчымасць падчас атрымання спецыяльнасці на ўзроўні ССА атрымаць яшчэ і рабочую прафесію. Напрыклад, навучэнцы спецыяльнасці “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” адначасова атрымліваюць прафесію станочніка дрэваапрацоўчых станкоў, сталяра ці абіўшчыка мэблі на выбар.
Крокі да прафесіі
Тэорыю навучэнцы каледжа вывучаюць у 94 кабінетах і 51 лабараторыі. Практычныя навыкі набываюць у слясарнай, механічнай, электрамантажнай майстэрнях. Таксама дзейнічаюць майстэрні механічнай апрацоўкі драўніны, рамонту машын, тэхнічнай эксплуатацыі і рамонту аўтамабіляў, тэхнічнага абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі. Абсталяванне майстэрань паступова абнаўляецца. У зварачнай майстэрні, напрыклад, усталяваны сучасны камп’ютарны трэнажор для навучання дугавой зварцы. Ёсць аўтатрактарадром з гаражамі для сельскагаспадарчай тэхнікі. Нядаўна аўтапарк папоўніўся аўтамабілем “ГАЗон NEXT” і трактарам “Беларус-952”.
Вывучаць новае абсталяванне навучэнцы каледжа могуць і ў рэальных працоўных умовах. Традыцыйнымі сталі азнаямленчыя экскурсіі на прадпрыемствы з перадавым вопытам і найноўшымі тэхналогіямі. Свой уклад у прафесійнае сталенне маладых людзей робіць практыка на розных прадпрыемствах, з якімі ўзаемадзейнічае ўстанова, у першую чаргу базавых.
Важнай часткай працэсу ўдасканалення прафесійных навыкаў навучэнцаў з’яўляюцца конкурсы прафесійнага майстэрства. Прадстаўнікі каледжа бралі ўдзел у абласной алімпіядзе па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” і занялі 2-е агульнакаманднае месца. Штогод у каледжы праходзіць конкурс “Лепшы па прафесіі” ў намінацыях “Слесар”, “Электрык”, “Сталяр”, “Зваршчык”. Навучэнцы каледжа не прапускаюць і рэспубліканскі конкурс зваршчыкаў. На 15-м конкурсе зваршчыкаў навучэнец Мікалай Наско заняў 3-е месца.
Упадабалі педагогі каледжа і навукова-даследчую дзейнасць як адзін са спосабаў паглыблення ведаў і ўменняў навучэнцаў. Кожная цыклавая камісія педагогаў раз у год праводзіць канферэнцыю па сваіх дысцыплінах. Гэта цудоўная магчымасць для навучэнцаў паглядзець на прадмет, які вывучаецца, з іншага боку, даведацца штосьці цікавае, вывучыць тое, на што на занятках не заўсёды хапае часу. Напрыклад, на канферэнцыі вучэбна-даследчых работ “Інавацыйныя тэхналогіі ў зварачнай вытворчасці. Крок у заўтрашні дзень” навучэнцы ў сваіх дакладах зрабілі акцэнт на новых зварачных тэхналогіях. Яны даведаліся і расказалі сваім аднагодкам аб зварцы і рэзцы лазерам, зварцы ў космасе і зварцы біялагічных тканак.
Лепшыя работы трапляюць на штогадовую канферэнцыю “Прыступкі да навукі”, якая праводзіцца ўжо на ўзроўні каледжа. Вынікі сваёй даследчай дзейнасці навучэнцы каледжа прадстаўляюць і на рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах. Такая дзейнасць павышае цікавасць да вывучэння дысцыплін і наогул да прафесіі, якую атрымліваюць навучэнцы, пашырае іх кругагляд.
Квест-гульні і сталярны біятлон
Безумоўна, выключнае значэнне ў падрыхтоўцы спецыялістаў мае асоба педагога, майстра вытворчага навучання. Навучэнцам Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа ў гэтым пашанцавала. Па-першае, у калектыве ўстановы шмат людзей, якія могуць служыць сапраўдным прыкладам для моладзі, якія на справе паказваюць, як трэба працаваць, ставіцца да сваёй работы. Гэта, напрыклад, выкладчыкі-хлебаробы. Выкладчык спецдысцыплін Віктар Віктаравіч Шпіталёў не першы сезон дапамагае мясцовым аграрыям убіраць збожжа. У гэтым годзе яго памочнікам стаў навучэнец каледжа Віталь Лемяшэўскі. Яшчэ адзін выкладчык спецдысцыплін Ілья Эдуардавіч Багатка ў жніве бярэ ўдзел разам з жонкай. Згадзіцеся, цудоўны прыклад для навучэнцаў, якія будуць спецыялістамі ў галіне сельскай гаспадаркі.
Па-другое, супрацоўнікі каледжа шмат працуюць над удасканаленнем сваіх прафесійных навыкаў і павышэннем метадычнай дасведчанасці. Яны імкнуцца папаўняць свой прафесійны інструментарый рознымі формамі работы, каб вучыць цікава і эфектыўна. Каледж актыўна працуе над вывучэннем і ўкараненнем у практыку рэсурсаў інавацыйных педагагічных тэхналогій для павышэння якасці адукацыйнага працэсу. Штогод у каледжы праходзіць панарама педагагічных дасягненняў “Уласны вопыт”, дзе выкладчыкі дзеляцца сваімі вынаходствамі і напрацоўкамі. Зараз прафесійны пошук педагогаў скіраваны ў першую чаргу ў бок выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Дзякуючы імкненню педагогаў працаваць творча, навучанне не абмяжоўваецца традыцыйнымі практычнымі і тэарэтычнымі заняткамі, а ўключае ў сябе арыгінальныя па форме заняткі і мерапрыемствы. Напрыклад, выкладчыца Алена Васільеўна Дубоўская праводзіць для навучэнцаў квест-гульні. Ігар Уладзіміравіч Крывянчук прапанаваў навучэнцам паспрабаваць сябе і праверыць свае веды ў сталярным біятлоне. А майстар вытворчага навучання Пётр Барысавіч Байдак здзівіў і парадаваў навучэнцаў, ды і ўвесь каледж, тэхнічнай эстафетай “Сказ аб жалезным кані”. Эстафета правярала веды навучэнцаў аб будове трактара, аднак адбывалася гэта ў казачнай атмасферы. Пётр Барысавіч выступіў у ролі беларуса-трактарыста, а навучэнцы, падзяліўшыся на каманды і карыстаючыся паслугамі чароўнага дрэва, збіралі дэталі, каб ажывіць жалезнага каня.
У каледжы разумеюць, што сёння мала проста даць навучэнцам пэўныя веды і навыкі для работы. Неабходна, каб выпускнік валодаў шэрагам не толькі прафесійных, але і надпрафесійных кампетэнцый. Таму развіццё — прафесійнае, асобаснае, творчае — выходзіць за межы аўдыторных заняткаў. Тутэйшыя педагогі вучаць моладзь быць у сваёй справе не выканаўцамі, а творцамі. Развівацца ў гэтым кірунку дапамагаюць творчыя аб’яднанні.
Карыстаецца попытам у навучэнцаў тэхнічная творчасць і рацыяналізатарская дзейнасць. Кожны з 13 майстроў вытворчага навучання прапануе пашырыць свае ўменні на дадатковых занятках. Такая творчая дзейнасць умацоўвае набытыя прафесійныя навыкі, пашырае іх, узнімае навучэнца на новы ўзровень прафесіяналізму. Актыўна працуюць у гэтым напрамку Пётр Барысавіч Байдак, Анатоль Сяргеевіч Самашук, Анатоль Канстанцінавіч Лясюк, Аляксандр Мікалаевіч Цібец. Шмат гадоў ва ўстанове працуе аб’яднанне па інтарэсах “Рацыяналізатар”. Яго кіраўнік — Анатоль Аляксандравіч Галавін. Рацыяналізатарскія вынаходствы педагога і ўдзельнікаў аб’яднання не раз атрымлівалі ўзнагароды тэхнічных конкурсаў і злётаў рацыяналізатараў і вынаходнікаў. У 2019 годзе ўдзельнікі аб’яднання і А.А.Галавін атрымалі дыплом І ступені на заключным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі за распрацоўку і выраб універсальнага прыстасавання для рамонту галоўкі блока цыліндра рухавіка. Таксама ў 2019 годзе Анатоль Аляксандравіч Галавін быў удастоены звання “Лепшы рацыяналізатар устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці”. Тры гады назад яго выхаванцу Дзмітрыю Кардачу было прысвоена званне “Лепшы малады рацыяналізатар устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці”. Нядаўна Анатоль Аляксандравіч пайшоў на заслужаны адпачынак, аднак моцная творчая плынь, якую ён падтрымліваў, імчыць далей.
Фізічнае развіццё таксама не застаецца без увагі. Спартыўна-аздараўленчы комплекс установы ўключае спартыўную, гімнастычную і трэнажорную залы. Дарэчы, на працягу ўсёй сваёй дзейнасці каледж лічыўся і лічыцца адной з самых спартыўных навучальных устаноў горада і вобласці. Здабыта велізарная колькасць перамог на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах і турнірах. Сярод выбітных спартсменаў — выпускнікоў каледжа — майстар спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў у Атланце У.Хлуд, чэмпіён Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы майстар спорту Ю.Неўдах. Апошнім часам найбольш паспяхова выступаюць зборныя каманды па лёгкай атлетыцы, футболе і валейболе. Нядаўна каманда каледжа стала чэмпіёнам вобласці па лёгкаатлетычным кросе. Ёсць упэўненасць у тым, што новыя перамогі і высокія вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць.
Гісторыя ўстановы пачалася 25 кастрычніка 1955 года: 120 юнакоў і дзяўчат пачалі вучыцца ў Пінскім індустрыяльным тэхнікуме, каб у хуткім часе стаць тэхнікамі-механікамі і майстрамі вытворчага навучання. Некалькі разоў установа мяняла сваю назву. У 2017 годзе адбылася рэарганізацыя і ўстанова стала філіялам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта “Пінскі індустрыяльнапедагагічны каледж”.
Дар’я РЭВА.
Фота Руслана МАРКЕВІЧА.