Плён дае адданая праца

- 12:44Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Калі педагог працуе з максімальнай эмацыянальнай і інтэлектуальнай аддачай, то работа абавязкова мае плён. Ён увасабляецца ў поспехах навучэнцаў, даверы іх бацькоў, павазе калег. Менавіта так працуе Святлана Юр’еўна Куляшова. Яе старанную працу, ініцыятыўны падыход, добразычлівае стаўленне адчула на сабе не адно пакаленне навучэнцаў. Работа Святланы Юр’еўны не засталася незаўважанай — педагог атрымала шмат узнагарод, а зусім нядаўна была ўдастоена ганаровага звання “Выдатнік адукацыі”. Свой прафесійны шлях яна з гонарам праходзіць у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі.

С.Ю.Куляшова.

Хацела стаць швачкай, трапіла ў групу слесараў, а ўрэшце выбрала для сябе кухарскую справу. Такі незвычайны шлях быў у юнай Святланы да прафесійнага выбару. Яна планавала пайсці вучыцца май­стэрству кройкі і шыцця, аднак усё змянілі заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Калі ў ВВК пачалося навучанне, высветлілася, што па нейкіх прычынах Святлану залічылі ў групу слесараў. Было відавочна, што дзяўчыне гэтая спецыяльнасць зусім не даспадобы, і яе перавялі ў групу, дзе навучалі кухараў. Можа, гэта было наканавана лёсам? У любым выпадку аб гэтай выпадковасці і сваім выбары Святлана Юр’еўна потым ніколі не шкадавала. Любоў да кухарскай і кандытарскай справы ў яе з’явілася з першых заняткаў. Таму пасля школы яна ўпэўнена падала дакументы ў прафтэхвучылішча № 221 у Мінску, дзе атрымала прафесію кухара і кандытара. 

Па размеркаванні Святлана трапіла на работу ў сталовую кандытарам. Першую работу ўспамінае з добрымі эмоцыямі — малады калектыў, у які трапілі многія выпускніцы вучылішча, добразычлівая і вясёлая атмасфера і цудоўныя тарты, якія ёй так падабалася ўпрыгожваць. Аднак дзяўчына марыла не толькі адточваць сваё майстэрства, але і дзяліцца ім. Гэтае жаданне ўзнікла ў вучылішчы, калі назірала за работай педагогаў. Асабліва ўражвала работа майстра вытворчага навучання Ніны Мікалаеўны Мядзведзевай, яе прафесіяналізм, уменне ладзіць з дзецьмі. І калі Святлана Юр’еўна даведалася, што ў вучылішчы ёсць вакансія, паспяшалася туды, каб паспрабаваць свае сілы. Так праз 2 гады яна вярнулася ва ўстанову, якую скончыла.

 — Спачатку было няпроста, бо мае навучэнцы былі ўсяго на 3—4 гады маладзейшыя за мяне. Я разумела, што магу заслужыць іх павагу, толькі калі яны ўбачаць, што перад імі прафесіянал. Таму з першых заняткаў ставілася да справы вельмі адказна, шмат рыхтавалася, каб дэманстраваць высокі ўзро­вень сваіх уменняў і ведаў. І ўсё атрымалася, — узгадвае яна пачатак сваёй педагагічнай дзейнасці.

З таго часу месца работы не мяняла — ва ўстанове прайшла шлях ад майстра да намесніка дырэктара па вытворчым навучанні. Дзякуючы такому вопыту, сёння ёй камфортна працаваць, бо Святлана Юр’еўна дасведчаная ва ўсім, што тычыцца яе справы. Яна сама працавала на вытворчасці і знаёма з усімі працэсамі на практыцы. Добра ведае ўсе спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць у каледжы, таму што сама выкладала іх. Дарэчы, гэта не толькі кандытарская і кухарская справа. Быў перыяд, калі не хапала спецыя­лістаў для падрыхтоўкі афіцыянтаў. І Святлана Юр’еўна прайшла навучанне і працавала ў гэтым напрамку. Яна разумее ўсіх сваіх калег, бо была на месцы кожнага: майстрам вытворчага навучання, выкладчыкам, загадчыкам аддзялення. Ды і проста добра ведае кожнага, таму што даўно працуе ва ўстанове.

Сёння ў намесніка дырэктара шмат абавязкаў і напрамкаў работы. Сучасны адукацыйны працэс разнастайны — навучанне адбываецца ў аўдыторыях, на практычных занятках, майстар-класах, пры падрыхтоўцы да конкурсаў. Дарэчы, падчас свайго навучання Святлана Юр’еўна і сама з задавальненнем удзельнічала ў конкурсах.

— У вучылішчы нярэдка ладзіліся конкурсы па кандытарскім майстэрстве сярод навучэнцаў. Гэта быў савецкі час, і да нас на конкурс прыязджалі нашы аднагодкі з розных краін Савецкага Саюза. Мне падабалася рыхтавацца да конкурсаў, бо так мы спазнавалі сакрэты майстэрства і тонкасці справы, пра якія не гаварылі на занятках, — адзначае мая суразмоўца. 

А зараз яна кіруе падрыхтоўкай да конкурсаў навучэнцаў каледжа. Выступаюць яны даволі паспяхова. Кожныя два гады іх імёны можна знайсці ў спісах узнагароджаных на Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus. Сёлета на гэтых спаборніцтвах заваявалі “бронзу” ў кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”. Добра выступаюць і на міжнародных спаборніцтвах. Напрыклад, некалькі гадоў назад ездзілі ў Маскву на чэмпіянат па кулінарыі і сэрвісе “Студэнцкі ПІР”. Вярнуліся з сярэбраным медалём у намінацыі “Вясельны торт” і бронзавым у намінацыі “Еўрапейская кухня”.

Шлях да конкурсных перамог няблізкі і складаны. Пачынаецца ён са спаборніцтваў унутры каледжа. З кожным годам жадаючых узяць у іх удзел  усё больш. І вызначыць на першым этапе будучага пераможцу няпроста.

— Трэба  знайсці чалавека, гатовага многа працаваць, стрэсаўстойлівага, шчыра зацікаўленага сваёй справай. Талент і здольнасці таксама важныя, аднак без упартай працы яны нічога не значаць, — лічыць Святлана Юр’еўна.

Потым пачынаецца тая самая работа навучэнца з майстрамі вытворчага навучання. А задача намесніка дырэктара — падтры­маць і навучэнцаў, і майстроў. Стварыць спрыяльную атмасферу, камфортныя ўмовы работы, паклапаціцца пра ўсё неабходнае. Каб разнастаіць і дапоўніць веды навучэнцаў, у каледж запрашаюць спецыялістаў з вытворчасці, выпускнікоў каледжа, якія адбыліся ў прафесіі.

 — Удзел у конкурсах  карысны для ўсіх — і для навучэнцаў, і для тых, хто іх рыхтуе, бо забяспечвае павышэнне прафесійнага ўзроў­ню. Руцінная работа не дае прафесійнага росту. Ты ўдасканальваешся, калі трапляеш у новую для сябе сітуацыю, ставіш перад сабой новыя задачы, — падкрэслівае спецыяліст.

Святлана Юр’еўна заўсёды імкнецца да самаўдасканалення ў рабоце, каб быць у курсе актуальнай сітуацыі ў прафесійным асяроддзі. Кулінарная і кандытарская галіна актыўна развіваецца, з’яўляюцца новыя рэчывы, новыя тэхналогіі, новае абсталяванне. За ўсім гэтым Святлана Юр’еўна со­чыць і вывучае. Работа над сабой, а таксама шчырая любоў да сваёй справы — вось што С.Ю.Куляшова лічыць галоўнымі складнікамі прафесійнага поспеху.

— Думаю, што галоўны крытэрый выніковасці нашай работы — гэта дасягненні нашых выпускнікоў, — прызнаецца Святлана Юр’еўна. — Калі ты выпусціў у вялікае жыццё добрага прафесіянала і добрага чалавека — значыць, выканаў сваю справу выдатна.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.