У рамках візіту дэлегацыі Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь прадстаўнікі дэлегацыі пазнаёміліся з работай сістэмы прафесійнай адукацыі Беларусі. Дзмітрый Яўгенавіч Глушко, першы намеснік міністра асветы Расіі, наведаў філіял РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”.
Установа была выбрана невыпадкова: на прыкладзе гэтага каледжа можна ўбачыць важныя кірункі развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі на сучасным этапе. Так, сёння значнымі для сістэмы пунктамі росту з’яўляюцца рэсурсныя цэнтры. У каледжы працуе рэсурсны цэнтр навучання работнікаў галіны машынабудавання і аўтасэрвісу. Удзельнікі расійскай дэлегацыі пабывалі ў спецыялізаваных класах і лабараторыях, аснашчаных сучаснымі сродкамі навучання і абсталяваннем. Гэта лабараторыя станкоў з ЛПК, гідра- і пнеўмааўтаматыкі, электратэхнікі і электронікі, наладкі і аўтаматызацыі, а таксама слясарная, такарныя і фрэзерныя майстэрні. Госці даведаліся, што ў рэсурсных цэнтрах краіны займаюцца не толькі навучэнцы ўстаноў адукацыі, таксама тут ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка дарослага насельніцтва.
Яшчэ адзін важны аспект, над якім працуе сістэма прафадукацыі ўвогуле і Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе ў прыватнасці, — арганізацыя апераджальнай падрыхтоўкі, калі навучанне рабоце з новым, высокатэхналагічным абсталяваннем пачынаецца яшчэ да таго, як гэтае абсталяванне з’явіцца на прадпрыемстве. Каб да моманту яго ўсталявання ўжо былі падрыхтаваны прафесіяналы, якія могуць на ім працаваць. Такую падрыхтоўку запяспечваюць лабараторыі рэсурснага цэнтра, а таксама вучэбны цэнтр па вывучэнні тэхналогій “Індустрыя 4.0”, які быў адкрыты год назад. Цэнтр першы на постсавецкай прасторы, які прайшоў сертыфікацыю па міжнародных стандартах. Гэтыя стандарты прызнаюцца на больш чым 200 тысячах прамысловых прадпрыемстваў па ўсім свеце.
Цеснае ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў — яшчэ адзін стратэгічны напрамак работы. Прадпрыемствы падключаюцца да работы не толькі на этапе працаўладкавання: яны ўдзельнічаюць у аднаўленні зместу адукацыі, распрацоўцы прафесійных стандартаў, прыцягваюцца да прафарыентацыйнай работы, дапамагаюць удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі.
Прадстаўнікі расійскай дэлегацыі пазнаёміліся таксама з такім важным элементам сістэмы прафадукацыі, як РІПА. В.М.Галубоўскі, рэктар РІПА, расказаў гасцям пра дзейнасць установы. Расказаў аб навукова-метадычным, вучэбна-метадычным, арганізацыйна-метадычным забеспячэнні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, бесперапынным прафесійным навучанні рабочых і служачых; навукова-даследчай рабоце інстытута; арганізацыі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых і педагагічных кадраў у прафесійнай адукацыі і інш.
Расійскім калегам было цікава, як выбудавана сістэма, якая забяспечвае кадравымі рэсурсамі эканоміку краіны, гнутка рэагуючы на патрэбы рынку працы, пры гэтым застаецца даступнай для кожнага і актыўна развіваецца.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.