Прастора для ініцыятыў і прафарыентацыі

- 12:41Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У Каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, які з’яўляецца філіялам РІПА, ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця навучэнцаў. Нядаўна тут з’явіўся кабінет маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, прафесійнай арыентацыі і самападрыхтоўкі.

Новая прастора для развіцця і творчасці з’явілася дзякуючы супрацоўніцтву з унітарным вытворчым прадпрыемствам “Ніва-Холдынг”. Кампанія з’яўляецца лідарам горна-шахтавага машынабудавання і аб’ядноўвае 8 буйных прадпрыемстваў, якія выпускаюць горна-шахтавае, абагачальнае, пад’ёмна-транспартнае, буравое абсталяванне і інш. Кампанія зацікаўлена ў падрыхтоўцы каледжам кваліфікаваных кадраў машынабудаўнічага профілю, што і стала падмуркам для ўзаемаадносін. Пачатак узаемадзеянню з каледжам пакладзены мінулай вясной: быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве, і “Ніва-Холдынг” стала адным з базавых прадпрыемстваў для каледжа. Ужо ў гэтым годзе ў каледж паступілі 8 навучэнцаў з Салігорска, дзе размешчаны некаторыя з прадпрыемстваў холдынга і дзе будучыя выпускнікі змогуць працаўладкавацца.

Новы партнёр падтрымаў ідэю кіраўніцтва аб стварэнні кабінета маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, прафесійнай арыентацыі і самападрыхтоўкі.

— У нас даўно з’явілася ідэя стварыць месца, дзе моладзь у вольны час можа сабрацца і абмеркаваць актуальныя для іх пытанні, выказаць свае ідэі і прапановы, дзе навучэнцы каледжа могуць самастойна атрымаць інфармацыю аб месцах для праходжання практыкі, магчымасцях працаўладкавання. Таксама хацелася, каб гэта была прафарыентацыйная пляцоўка, куды б мы маглі запрасіць патэнцыяльных абітурыентаў — школьнікаў — і расказац­ь і паказаць ім відэаматэрыялы аб каледжы, аб нашых базавых прадпрыем­ствах, — расказвае дырэктар каледжа Арцём Яўгенавіч Рыбак.

І вось такое месца з’явілася. Гэта прасторнае і светлае памяшканне з новай мэбляй, абсталяванае мультыбордам. Тут знойдуць месца шматлікія матэрыялы, дзякуючы якім можна пазнаёміцца з сацыяльнымі партнёрамі каледжа, прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Напрыклад, тут ужо з’явіўся стэнд прадпрыемства “Белгідраўліка”, якое ўваходзіць у “Ніва-Холдынг”.

 На цырымонію адкрыцця кабінета прыехалі прадстаўнікі “Ніва-Холдынг”. Адбыўся круглы стол, удзел у якім узялі прадстаўнікі кампаніі і навучэнцы кале­джа. Намеснік генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі “Ніва-Холдынг” Андрэй Юр’евіч Майсяеня расказаў аб прадпрыемствах кампаніі, магчымасцях праходжання практыкі і працаўладкавання на іх, сацыяльным пакеце, што прапануецца работнікам. На сустрэчы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час на прад­прыемстве будзе арганізаваны дзень адкрытых дзвярэй для навучэнцаў.

Госцем каледжа на цырымоніі адкрыцця стаў таксама рэктар РІПА В.М.Галубоўскі. Валерый Мікалаевіч адзначыў, што гэта прыклад, які паказвае, як сёння заказчыкам кадраў неабходна ўзаемадзейнічаць са сваімі базавымі ўстановамі адукацыі, бо заказчык павінен быць актыўна ўцягнуты ў прафарыентацыйную работу.

— Кабінет маладзёжных і грамадскіх аб’яднанняў, прафесійнай арыентацыі і самападрыхтоўкі стане месцам зносін са школьнікамі, якія стаяць перад выбарам прафесіі. І тут прадпрыемства будзе дэманстраваць усе тыя магчымасці, якія атрымае чалавек, скончыўшы гэты каледж. А ў каледжы пасля сустрэчы з работадаўцам школьнік бачыць сучаснае адукацыйнае асяроддзе. І такі падыход вельмі важны, калі ў прафарыентацыю ўключаны заказчыкі кадраў, — падкрэсліў рэктар РІПА.

Каледж цесна супрацоўнічае з заказчыкамі кадраў. 6 буйных прад­прыем­стваў краіны з’яўляюцца базавымі для ўстановы, гэта такія гіганты, як МТЗ, МЗКЦ, ААТ “Пеленг”, ААТ “Будтэхпрагрэс”, ММЗ імя С.І.Вавілава, в цяпер яшчэ і “Ніва-Холдынг”. Усе яны ўключаюцца ў прафарыентацыйную дзейнасц­ь. Актыўна ладзяць з партнёрамі дні адкрытых дзвярэй для патэнцыяльных абітурыентаў, калі школьнікі наведваюць спачатку прадпрыемства, куды можна ўладкавацца, а потым і ўстанову, дзе можна для гэтага атрымаць прафесію. На базе прад­прыемстваў ладзяцца выязныя заняткі, цікавыя сустрэчы і іншыя мера­прыемствы.

У каледжы заўсёды знаходзяцца ў пошуку новых форм прафарыентацыйнай работы. Апошнім часам у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй асаблівую ўвагу скіравалі на работу праз інтэрнэт, дыстанцыйную работу. Стварылі старонкі ў сацыяльных сетках “УКантакце” і Instagram. Дарэчы, старонка ў Instagram хутка набыла больш за паўтысячы падпісчыкаў, сярод якіх большасць — школьнікі. На гэтых старонках расказваецца аб акцыях і мерапрыемствах, што ладзяцца ў каледжы, аб поспехах у конкурсах прафесійнага майстэрсва, аб тым, як удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база і абнаўляюцца праграмы навучання. У гэтым годзе ўпершыню правялі дзень адкрытых дзвярэй анлайн. І, канечне, у каледжы віруюць разнастайныя маладзёжныя актыўнасці, якія, трэба думаць, са з’яўленнем новай прасторы для творчасці стануць яшчэ больш цікавымі.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымак прадастаўлены ўстановай адукацыі.