Вас запрашае “Кафэ 16”

- 12:52Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Новы вучэбны аб’ект рэсурснага цэнтра адкрылі 22 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным політэхнічным прафесійным ліцэі.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да 60-годдзя ўстановы адукацыі і 80-годдзя сістэмы ПТА, прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Марына Бабашынская, ды­рэктар Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу Ірына Макаранка, прадстаўнікі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска, навучэнцы і педагогі. Адкрыццё “Кафэ 16” атрымалася запамінальным святам з выступленнямі мала­дзёжных творчых калектываў на адкрытым паветры, пазнавальнымі экскурсіямі, майстар-класамі ад удзельнікаў і пераможцаў WorldSkillsBelarus. Па словах намесніка дырэктара ВДППЛ па вучэбна-вытворчай рабоце Марыны Уласевіч, назва новай установы грамадскага харчавання сімвалічная: менавіта ў ПТВ-16 кулінарыі, што пачало работу 1 лістапада 1960 года, былі закладзены многія традыцыі, на аснове якіх развіваецца сучасны ліцэй.

— Для старэйшага пакалення віцяблян выбар відавочны, бо прафесійна-тэхнічнае вучылі­шча № 16 мае вялікую і слаўную гісторыю, — патлумачыла Марына Уладзіміраўна. – Спадзяёмся, што незвычайная назва выклікае цікавасць у моладзі, гасцей горада і стане добрай нагодай даведацца пра нашы карані. Тэматыка кафэ ахоплівае найперш крафтавую кулінарыю, аўтарскую кухню — гэта значыць, будзем максімальна выкарыстоўваць натуральныя прадукты і рэалізоўваць свае творчыя ідэі. Сёння ў трэндзе здаровае харчаванне. Каб быць канкурэнтаздольным на рынку працы, спецыялісту нашай сферы трэба валодаць сучаснымі тэхналогіямі — напрыклад, прыгатавання ежы ў вакууме пры нізкай тэмпературы, шокавай замарозкі для вырабу паўфабрыкатаў любой ступені гатоўнасці.

Час работы новага пункта грамадскага харчавання — з 9:00 да 20:00. Паколькі “Кафэ 16” з’яўляецца вучэбным аб’ектам рэсурснага цэнтра па профілі грамадскага харчавання, то ўдасканальваць прафесійныя навыкі пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання бу­дуць навучэнцы як ліцэя, так і ўстаноў адукацыі вобласці, якія прыязджаюць сюды на падрыхтоўку. У залежнасці ад вучэбнай праграмы прадугледжана рэгулярнае абнаўленне меню. Акрамя таго, наведвальнікаў чакаюць сапраўдныя кулінарныя адкрыцці: толькі на цяперашні час у ліцэі распрацавана амаль 100 арыгінальных сучасных рэцэптур, дзе па-новаму раскрываецца класіка беларускай і сусветнай кухні, прычым работа ў дадзеным на­прамку працягваецца.

— Галоўная наша задача — якасная падрыхтоўка спецыяліста, — падкрэсліла Марына Уласевіч. — Высокакласнага кухара, афіцыянта, кандытара, пекара, бармена па кніжцы, інтэрнэце не вывучыш: неабходна пастаянная практыка, шматразовае паўтарэнне той ці іншай аперацыі і разам з тым прастора для рэалізацыі прафесійных знаходак, новых ідэй. Больш як 75 працэнтаў аб’ектаў грамадскага харчавання складаюць прадпрыемствы малога бізнесу, адпаведна на базе кафэ плануем арганізаваць маладзёжную бізнес-пляцоўку, вучыць моладзь асновам прадпрымальніцтва. У планах і правядзенне прафесійных конкурсаў, кулінарных батлаў. Мы актыўна ўдзельнічаем у WorldSkills, сёлета на рэспубліканскім этапе спаборніцтва нашы прадстаўнікі выступалі ў трох кампетэнцыях. Настасся Кавалёва заваявала бронзавы медаль у намінацыі “Кандытарскае мастацтва”. Расце зацікаўленасць работадаўцаў: мы наблізіліся да таго, каб не толькі рыхтаваць спецыялістаў, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі, але і рэтрансліраваць гэтыя тэхналогіі, займацца перападрыхтоўкай, павышэннем кваліфікацыі рабочых кадраў.

На снеданні, ланчы і ў вячэрнім меню наведвальнікам прапануюць некалькі страў на выбар, а на працягу дня — чай, дэсерты, каву з цукеркай, зефірам ці пасцілой ручной работы. Цэны прыемныя: на аналагічныя стравы ў сталічных кафэ яны практычна ўтрая вышэйшыя. Асобная тэма — снеданні. У Віцебску яна недастаткова развітая: напрыклад, чалавеку, які прыехаў у камандзіроўку, якасна паснедаць досыць складана. Цяпер адзін з самых прывабных варыянтаў — менавіта “Кафэ 16”. Улічваючы яшчэ і зручнае яго размяшчэнне ў цэнтры горада, можна выказаць упэўненасць: новы аб’ект у рэйтынгу папулярнасці сярод віцяблян і гасцей горада хутка выйдзе на вядучыя пазіцыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.