На Міжнародным турніры школьнікаў па інфарматыцы (International Autumn Tournament in Informatics — 2020) беларусы заваявалі 7 медалёў. Лепшымі сярод беларускіх удзельнікаў сталі прадстаўнікі Клуба юных пажарных Мазыра. Залаты медаль заваяваў Станіслаў Палынь (група Junior), сярэбраны медаль — Станіслаў Дамасевіч (група Senior). Да перамогі навучэнцаў прывёў трэнер па спартыўным праграмаванні педагог дадатковай адукацыі Аляксей Баруноў.
22 лістапада анлайн з хостынгам у Шумене (Балгарыя) адбыўся ХІІ Міжнародны турнір па інфарматыцы. У ім прынялі ўдзел школьнікі з 16 краін свету: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Кіпра, Грузіі, Ірана, Ізраіля, Македоніі, Малдовы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Сірыі і Украіны.
Спаборніцтвы праводзіліся для дзвюх узроставых катэгорый школьнікаў — Junior (2005 года нараджэння і маладзейшыя) і Senior. Краіна магла прадставіць у кожнай групе афіцыйную каманду з 4 чалавек. Таксама быў арганізаваны неафіцыйны залік спаборніцтваў для дадатковых удзельнікаў.
Як расказаў Аляксей Баруноў, міжнародны турнір быў арганізаваны ў два туры. У Беларусі былі вызначаны 7 пляцовак: Мінск, Віцебск, Мазыр, Брэст, Магілёў, Іўе, Бабруйск. На кожнай пляцоўцы арганізаваны відэазапіс работы ўдзельнікаў на турніры і запіс экранаў іх камп’ютараў. На працягу кожнага тура школьнікі павінны былі распрацаваць па прадастаўленых умовах тры праграмы і адправіць іх на праверку ў тэставую сістэму.
Па выніках турніру ўдзельнікі афіцыйных беларускіх каманд атрымалі медалі. У групе Junior залатым прызёрам стаў Станіслаў Палынь (Клуб юных пажарных Мазыра), бронзавымі прызёрамі — Аляксандр Лосеў (сярэдняя школа № 27 Гомеля) і Цімафей Балюконіс (гімназія № 7 Віцебска). У групе Senior сярэбраны медаль на рахунку Станіслава Дамасевіча (Клуб юных пажарных Мазыра), бронзавыя медалі — у Андрэя Касцянога (гімназія № 51 Гомеля), Данііла Забаўскага (Ліцэй БДУ), Дар’і Гнядзько (гімназія № 8 Віцебска).
Беларускія ўдзельнікі неафіцыйнага заліку ўзнагароджаны сертыфікатамі — эквівалентамі медалёў рознай вартасці. Так, у групе Junior эквіваленты сярэбраных медалёў атрымалі Ілья Кучынскі (гімназія № 1 Брэста), Цімафей Булаўка (Клуб юных пажарных Мазыра), эквівалент бронзавага медаля — Дзмітрый Барчук (гімназія № 2 Віцебска). У групе Senior эквіваленты бронзавых медалёў заваявалі Дзяніс Лагуноў, Багдан Толсцік, Уладзіслаў Анохаў з Ліцэя БДУ, Ягор Цілігузаў і Канстанцін Смірноў з гімназіі № 1 Віцебска, Віталь Паповіч з сярэдняй школы № 27 Гомеля.
Віншуем і жадаем пакарэння новых вяршынь!
Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.