Кувертная картка Алены Дубанос

- 9:37Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо
Уладальнік дыплома І ступені Яраслаў Ларычаў

А сёння запрашаем на ўрок да настаўніцы працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Алены Аляксандраўны Дубанос, якая з лёгкасцю пагадзілася падзяліцца сакрэтамі свайго педагагічнага майстэрства. Ужо ў класе, на пачатку ўрока, аказалася, што статус госці быў не толькі ў мяне, але і ў настаўніцы. Тэмай урока ў 6 класе стала “Падрыхтоўка да прыёму гасцей”. Але калі я старалася быць непрыметнай і не дакучаць сваёй прысутнасцю, то Алена Аляксандраўна, наадварот, была ініцыятарам і натхняльнікам усіх падрыхтоўчых клопатаў маленькіх гаспадынь. Талент яе педагагічнага пераўвасаблення адкрыўся для мяне першым.

Працоўнае навучанне — адзін з нямногіх прадметаў, дзе навучанне вельмі цесна мяжуецца з псіхалагічным адпачынкам. Дзеці на гэтыя ўрокі прыходзяць з лёгкім сэрцам, без страху, бо ведаюць, што кожны з іх будзе годны ўвагі і пахвалы настаўніка. Шасцікласніцы Алены Аляксандраўны толькі ў самым пачатку трохі хваляваліся з-за маёй прысутнасці, але праз колькі хвілін усё стала на свае месцы, і іх вочы былі ў палоне выключна настаўніцы. А як жа інакш? Сёння іх чакалі прыемныя клопаты: навучыцца прымаць гасцей.Дзяўчаты былі падзелены на дзве групы, кожная з якіх сядзела за сваім сталом. Урок пачаўся з прагляду невялікага фрагмента з мульціка пра Труса і Віні-Пуха, той часткі, дзе Віні-Пух у гасцях у Труса. Гэты відэафрагмент настроіў навучэнак на вынік і працэс работы, сумеснае вызначэнне мэт і задач урока. Сувязь з тэмай урока была відавочнай, таму шасцікласніцы вельмі хутка сарыентаваліся і сфармулявалі яе самастойна. Алене Аляксандраўне заставалася толькі пагадзіцца. “Умей у людзей пагасцяваць, да сябе запрасіць, да варот правесці і зноў вярнуць”, — звярнулася да дзяўчынак настаўніца. А затым разам з імі сфармулявала мэту ўрока (навучыцца правілам прыёму гасцей).
Гутарка настаўніцы з вучнямі працягвалася. Дзяўчынкі адказвалі на пытанні Алены Аляксандраўны: якія ў вас узнікаюць асацыяцыі са словам “дом” і “гасціннасць”? Што неабходна ведаць, каб стаць гасціннай гаспадыняй? Дзяўчаты адказвалі актыўна. Пасля кожнай пытальнай інтанацыі педагога можна было бачыць лес рук. Канечне, самі вучаніцы гасцей яшчэ не прымаюць, але маю ць досыць дакладнае ўяўленне, як гэта робіцца. Прынамсі бачылі, як рыхтуюцца да прыёму гасцей бацькі, ды і самі не раз былі гасцямі, таму пэўны вопыт ужо маюць, што далей дапамагло ім скласці алгарытм падрыхтоўкі да прыёму гасцей з дапамогай прапанаваных настаўніцай картак.А на экран Алена Аляксандраўна вывела агульнапрыняты алгарытм — запрашэнне гасцей, упрыгажэнне кватэры (дома), складанне меню, сервіроўка стала, падрыхтоўка забаў, — каб дзяўчаты маглі яго параўнаць са сваімі варыянтамі. Далей педагог разам з вучаніцамі падрабязна абмяркоўвае кожны пункт плана падрыхтоўкі да прыёму гасцей. Дзяўчынкі актыўна і з цікавасцю ўдзельнічаюць у гутарцы.
Настаўніца разам з класам гаворыць і пра формы запрашэння гасцей (вусная або пісьмовая), агучваюцца правілы для запрошаных у госці. Вельмі важна падзякаваць за запрашэнне, адказаць, ці зможаце вы прыйсці ў госці, а калі затрымліваецеся, то абавязкова аб гэтым папярэдзіць гаспадароў. Навучэнкам прапануюцца цікавыя варыянты ўрыгажэння кватэры з нагоды свята.
Затым шасцікласніцы выказалі свае меркаванні наконт складання меню.Тут настаўніца заўважыла, што вельмі важна пры гэтым улічваць кулінарныя густы сваіх гасцей і іх колькасць. Калі, напрыклад, сярод запрошаных ёсць вегетарыянец, то прапаноўваць яму мясныя стравы будзе, як мінімум, няветліва. Стол сервіруецца ў залежнасці ад складзенага меню. Уменне прыгожа засервіраваць стол — таксама вялікае мастацтва Алена Аляксандраўна прапануе праверыць веды вучняў па гэтых пытаннях і выканаць невялічкі тэст. Перад дзяўчынкамі былі карткі з лічбамі, якія неабходна было замалёўваць. Напрыклад: Меню складаецца з улікам віду прыёму гасцей? (калі да, то замалюйце лічбу 2, калі не, то замалюйце 1). Выканаўшы тэст, дзяўчынкі са здзіўленнем заўважылі, што пры правільных адказах атрымалася лічба 10. Звярнушы ўвагу на ўсе этапы сервіроўкі стала (ад выбару абруса да растаноўкі сталовага посуду і прыбораў), перайшлі да ўпрыгажэння стала.
Неад’емнай часткай урока з’яўляецца фізкультхвілінка. У Алены Аляксандраўны яна была асаблівая. Пад гукі музыкі з мульціка дзяўчынкі заплюшчылі свае вочкі і паспрабавалі ўявіць, што хутка да іх прыйдуць госці. Усміхнуліся, расплюшчылі вочы, павярнуліся з усмешкай да адной суседкі, потым да другой і з вялікім задавальненнем зноў прыступілі да працы.А далей для іх было падрыхтавана не проста творчае заданне, але і пазнавальнае. Шасцікласніц чакаў выраб кувертных картачак, якія цяпер можна часта ўбачыць на святочным стале, як і карты меню. На асобным століку стаялі ўжо гатовыя ўзоры, але іх капіраваць нельга. Яны выступалі ў ролі нагляднага дапаможніка і тлумачылі значэнне кувертнай карткі. Алена Аляксандраўна паведаміла: “Прыгожа аформленыя, у адным стылі, кувертныя карткі і карты меню надаюць закончанасць сервіроўцы стала. І пасля свята іх можна падарыць гасцям як сувеніры”. Каб даведацца, што ж такое кувертныя карткі і карты меню, вучаніцы звяртаюцца да падручніка. “Кувертныя карткі — гэта настольныя карткі з указаннем імя госця. А карты меню — гэта пералік страў, якія будуць прапанаваны гасцям,” — праз хвіліну агучваюць яны.
А настаўніца працягвала: “Пастаўце гэтыя карткі побач са сталовымі прыборамі. Такім чынам вы зможаце пасадзіць побач гасцей, якіх хочаце пазнаёміць, рассадзіць тых, хто добра знаёмы. А аформленыя з фантазіяй карты меню стануць прывабным дэкаратыўным элементам сервіроўкі стала”.
Падчас аповеду пра кувертныя карткі Алена Аляксандраўна звярнула ўвагу і на такі элемент сервіроўкі, як сэты, якія могуць выкарыстоўвацца замест абруса. І для нагляднасці прадэманстравала свае сэты з прыгожай вышыўкай. Настаўніца прапанавала дзяўчынкам засервіраваць стол самастойна і для гэтага выбраць ад зін з прапанаваных канвертаў з заданнем. Паколькі клас падзелены на дзве групы, то адна з іх павінна была засервіраваць стол і зрабіць карткі для навагодняга стала, а другая для гасцей, якія збіраюцца святкаваць 8 сакавіка. Гэта стала зразумела, калі былі адкрыты выбраныя канверты з заданнямі.
Затым настаўніца адкрыла майстэрню, у якой працавалі групы дызайнераў. На кожным стале былі падрыхтаваны матэрыялы для вырабу кувертных картак: каляровая папера, кардон, нажніцы, клей, наклейкі, пацеркі, фламастары. І, паўтарыўшы правілы тэхнікі бяспекі, дзяўчынкі з натхненем узяліся за выкананне сваіх кувертных картак. У час работы яны раіліся паміж сабой, з настаўніцай. Увесь час агучваліся новыя ідэі, нешта прымалася, нешта не. Сталы загучалі дзявочым смехам, скрыгатам нажніц, шоргатам паперы. І Алена Аляксандраўна была разам са сваімі вучаніцамі: дапамагала, падказвала, натхняла.
Калі творчая справа была закончана, дзяўчынкі запаўнялі свае ацэначныя лісты і выходзілі на прэзентацыю сваіх работ. Пад увагу бралася творчая задума, адпаведнасць карткі святу, акуратнасць выканання, наяўнасць імені, выкананне правіл бяспекі. Усе карткі былі зроблены творча і з густам. Гэта адзначалі і самі вучаніцы, і настаўніца. Падчас рэфлексіі навучэнкі склалі “букет настрою”, а настаўніца яшчэ заўважыла, што выдатным упрыгажэннем стала могуць стаць кветкі. Падводзячы вынікі, Алена Аляксандраўна звярнулася да сваіх вучаніц: “Для мяне гэта быў не проста ўрок, гэта быў паход у госці. І я вельмі рада, што ў гасцях я падзялілася з вамі сваімі ведамі, а вы — сваім цудоўным настроем. Я жадаю вам, каб у вашым жыцці было шмат свят, у тым ліку і арганізаваных вамі. Дзякуй за ўрок”.
Дзякуй і вам, Алена Аляксандраўна, за цудоўныя 45 хвілін, якія перанеслі мяне ў маё дзяцінства і прымусілі ўспомніць тыя адчуванні радасці і здатнасці хай сабе да самых простых рэчаў. Менавіта ў школе мяне навучылі трымаць іголку ў руках, гатаваць простыя стравы, даглядаць кветнікі. Усе гэтыя навыкі з гордасцю дэманстраваліся бацькам. Не сумняваюся, што і шасцікласніцы Алены Аляксандраўны таксама дома пакажуць свае карткі татам і мамам, якія пасля будуць упрыгожваць сталы для іх гасцей. Урок атрымаўся. Гэта бясспрэчна. Ён быў цікавым па змесце і разнастайным па форме. Дзеці пайшлі задаволеныя сабой і сваёй настаўніцай, якая здолела прывесці да выніку кожную вучаніцу.Сама Алена Аляксандраўна хоць і была ўзрушана, але таксама станоўча ацаніла ўрок:
— Урок быў камбінаваным, бо на ім прысутнічала і тлумачэнне новага матэрыялу, і практычная работа. У прынцыпе ўсе ўрокі працоўнага навучання ў нас камбінаваныя, бо тэорыя і практыка заўсёды неразрыўныя. Вучэбная праграма па абслуговай працы у нас цiкавая, практыка-арыентаваная. Урок на гэтую тэму ў раздзеле адзін і цесна звязаны з кулінарыяй, бо і сервіроўка стала, і распрацоўка меню адпрацоўваюцца на практыцы падчас вывучэння раздзела па кулінарыі. Мэты, пастаўленыя на ўроку, былі выкананы. Заўсёды стараюся абапірацца на асабісты вопыт дзяцей, каб было ўзаемадзеянне з жыццём. Той алгарытм, які яны будавалі на ўроку, быў накіраваны на суб’ектыўны вопыт навучэнцаў. Трошкі пазней, як вы заўважылі, была праведзена карэкцыя гэтага алгарытму.
Галоўнымі крытэрыямі пры адборы зместу ўрока былі ўз рост дзяцей, іх цікавасць і магчымасць выканаць практычную частку. Пры гэтым выкарыстоўваліся розныя формы работы: і індывідуальная, і групавая. Праводзіўся тэставы і графічны прамежкавы кантроль, што дазваляе і вучням, і настаўніку бачыць узровень засваення матэрыялу і рабіць неабходную карэкцыю. А выніковы кантроль — выкананая работа. Час на ўроку быў размеркаваны рацыянальна, былі выкарыстаны дадатковыя сродкі нагляднасці (раздатачны матэрыял, міні-выстава кувертных картак). Увогуле стараюся выкарыстоўваць мінімум нагляднага матэрыялу, каб заахвоціць дзяцей да ўласнай творчасці, а не капіравання. Калі гаварыць пра дзяцей, то гэты клас моцны. З імі працаваць лёгка і цікава. Дзяўчынкі з багатым слоўнікавым запасам, выдатна ідуць на кантакт. І гэта сапраўды так. Яны ўвесь урок кантактавалі паміж сабой і з настаўніцай. Алена Аляксандраўна пераканана, што ўрокі працы — гэта ўрокі жыцця. А ў жыцці трэба шмат чаго ўмець і ведаць. Яна вучыць сваіх выхаванак не толькі азам рукадзелля, фарміруе культуру працы, уменне наладжваць стасункі. Па сваёй другой адукацыі Алена Аляксандраўна псіхолаг. І трэба прызнаць, што ўрокі працы для гэтага проста ідэальныя. Дзеці спакойныя, бо рукі заняты вышыўкай, бісерапляценнем або вырабам тых жа картак для гасцей, а таму больш схільныя да зносін. У выніку яны атрымліваюць выдатныя навыкі хатніх гаспадынь і вучацца наладжваць адносіны з людзьмі.
Дарэчы, гэта яшчэ адзін талент Алены Аляксандраўны. Яна апантаны педагог, выдатная майстрыха. Цяжка нават пералічыць усе тыя віды рукадзелля, якія яна спасцігла і якім навучыла сваіх вучаніц, а яны не раз станавіліся прызёрамі абласной і рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Пры гэтым Алена Аляксандраўна з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настанікаў працоўнага навучання. Разам з тым педагог не жадае спыняцца на дасягнутым. У найбліжэйшых планах — асвоіць, нарэшце, саломапляценне і падрыхтаваць чарговую алімпіядніцу. У педагагічным запале Алены Аляксандраўны падстаў сумнявацца няма, бо ў яе ёсць цудоўная каманда паплечнікаў. Гэта калегі і сям’я. Алена Аляксандраўна — бабуля чатырох унучак, якія пакуль толькі развіваюць сваю дробную маторыку, але ў будучыні як мінімум стануць выдатнымі гаспадынямі. Як тыя былыя вучаніцы Алены Аляксандраўны, якія пры сустрэчы хваляцца звязанымі рэчамі для сваіх малышоў ці прыгожа вышытымі сурвэткамі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Р.S. Асобна хачу падзякаваць адміністрацыі сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска, яе дырэктару Аляксандру Іванавічу Бакуновічу, намесніку па вучэбнай рабоце Тамары Сяргееўне Толсцік, а таксама метадысту раённага метадычнага кабінета Вользе Леанідаўне Буклярэвіч за дапамогу і гасцінны прыём.