Раіцца з прафесіяналамі, абапірацца на падтрымку на месцах

- 12:27Апошнія запісы

Падрыхтоўка праекта Кодэкса аб адукацыі і Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2035 года, змяненне сістэмы выніковай атэстацыі навучэнцаў, практыкаарыентаваны кірунак выкладання школьных прадметаў, прэзентацыя адзінай адукацыйнай платформы дыстанцыйнага навучання, — адказы на гэтыя і іншыя пытанні прагучалі падчас сустрэчы міністра адукацыі Ігара Карпенкі з педагогамі Навагрудскага раёна.

Падчас візіту Ігар Карпенка сустрэўся з навучэнцамі і педагогамі гімназіі № 1 і Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. У размове з педагагічнай грамадскасцю таксама прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько, начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз.

Ігар Карпенка адразу падкрэс­ліў, наколькі важныя для яго паездкі ў рэгіёны, і агучыў актуальныя пытанні развіцця галіны:

— Раіцца будзем з прафесіяналамі, з тымі, хто непасрэдна працуе ў сістэме. Для мяне важна, як функцыянуе любая ўстанова адукацыі, як арганізаваны адукацыйны працэс, якія ёсць пытанні. Любыя кіраўніцкія рашэнні павінны абапірацца на падтрымку на месцах. Мы распачалі распрацоўку і ў пачатку наступнага года вынесем на абмеркаванне Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі да 2035 года. За аснову ўзялі тыя канцэптуальныя падыходы, якія былі акрэслены на педагагічным савеце ў 2017 годзе. У стадыі канчатковага ўзгаднення знаходзіцца стратэгія мала­дзёжнай палітыкі, сфарміравана дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на наступную пяцігодку. Падрыхтавана новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. У найбліжэйшы час праект Кодэкса будзе ўнесены на разгляд у Парламент Беларусі. У наступным годзе нас з вамі чакае яго абмеркаванне. Плануецца правядзенне парламенцкіх слуханняў, шэраг выязных пасяджэнняў парламенцкіх камісій ва ўстановах адукацыі, што дапаможа на месцах выявіць моманты, якія трэба выправіць для падрыхтоўкі дакумента. Разглядаецца таксама пытанне адзінага падыходу да здачы экзаменаў у школах і ўступнай кампаніі.

Міністр адукацыі прыгадаў, якім няпростым быў мінулы навучальны год, бо педагогі павінны былі працаваць ва ўмовах пандэміі. Аднак трэба пры­знаць, што яны годна справіліся з гэтым. Вельмі хутка была створана сістэма дыстанцыйнага навучання ў агульнай сярэдняй адукацыі, у вышэйшай школе ўсё ўжо было наладжана. Нягледзячы на тое, што сёння школы працуюць у звычайным рэжыме, дыстанцыйнае навучанне развівае новыя напрамкі.

Кіраўнік ведамства адзначыў, што менавіта ў гэты дзень (17 снежня) у краіне прэзентавана новая адукацыйная платформа дыстанцыйнага навучання, якая ўжо з 1 студзеня будзе запушчана ў тэставым рэжыме. Да яе стварэння былі прыцягнуты педагогі з усіх рэгіёнаў краіны.

Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі не заменіць урокі ў школе. Ён стане падтрымкай для вучняў, якія не могуць наведваць заняткі, і для тых, хто патрабуе дадатковага тлумачэння пройдзенага матэрыялу. Пры распрацоўцы платформы імкнуліся да таго, каб не было двайной нагрузкі на педагога. Платформа павінна дзейнічаць незалежна ад работы кожнага настаўніка ў кожнай установе адукацыі і, безумоўна, абнаўляцца. Лепшы педагагічны вопыт настаўнікаў ужо знайшоў там месца, аднак у далейшым будзе працягнуты працэс удасканалення гэтай праграмы, магчыма, з’явяцца адзіныя падыходы і патрабаванні да ўрокаў, адзіны дызайн, дыктарскі голас.

— Дыстанцыйнае навучанне не стане панацэяй і не заменіць урокаў у класе, — упэўнены Ігар Карпенка. — Школа выконвае яшчэ і функцыі сацыялізацыі маладых людзей, вучыць мець зносіны, узаема­дзейнічаць, развівае лідарскія якасці, арганізатарскія здольнасці. І ў прафесійнай адукацыі нельга дыстанцыйна падрыхтаваць, напрыклад, муляра або медыцынскага работніка. ­Узяць тыя ж лабараторныя заняткі па хіміі, біялогіі. Яны ёсць і ў фармаце анлайн, але ўспрымаюцца не так эмацыянальна, яны не вельмі змястоўныя. Падчас работы над платформай усе гэтыя моманты былі ўлічаны. Дыстанцыйнае навучанне павінна дапаў­няць адукацыйны працэс і не ствараць дадатковых праблем настаўніку. Ён можа прапанаваць вучням свае распрацоўкі, парэкаменда­ваць ім дадатковыя заняткі. Гэта не адмаўляе творчага выкарыстання настаўнікам матэрыялу адукацыйнай платформы і сваіх напрацовак для таго каб больш якасна арганізаваць адукацыйны працэс.

На сустрэчы таксама ішла гаворка пра далейшае развіццё электроннай школы. Сёння ў краіне каля 1,5 тясячы школ і некалькі правайдараў, якія забяспечваюць работу электроннай школы. Як паведаміў міністр, павінны быць адзіная платформа і адзіны аператар. Будзе праведзены тэндар на лепшую праграмную распрацоўку, якая аб’яднае ўсе школы ў адзіную сістэму і створыць адзіныя ўмовы для ўсіх.

Асобна міністр адукацыі спыніўся на распрацоўцы новай сістэмы выніковай атэстацыі ў школах, падкрэсліўшы, што на ўкараненнне ноу-хау будзе адведзены пэўны перыяд часу. Прапаноўваецца сумясціць выпускны экзамен у школе з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Выпускнік школы ў такім выпадку будзе здаваць у выгля­дзе тэста два экзамены — на выбар рускую або беларускую мову і матэматыку, і атрымае два сертыфікаты. Гэта стане незалежным элементам праверкі якасці ведаў. На цэнтралізаваным тэсціраванні абітурыент будзе здаваць профільны прадмет і яшчэ адзін непасрэдна ва УВА ў выглядзе ўнутранага экзамену. Такім чынам выпускнік школы атрымае больш часу на падрыхтоўку да тэсціравання. Дарэчы, пасля 30 мая дапамогу ў падрыхтоўцы яму могуць прапанаваць установы адукацыі.

Ёсць намер зрабіць больш жорсткімі крытэрыі паступлення ў 9 клас і скарэкціраваць праграму ў профільных класах.

— Два гады нам спатрэбіцца на гэтыя мэты, — лічыць міністр адукацыі. — Сёлета ж ва ўступнай кампаніі нічога не зменіцца за выключэннем пашырэння мэтавага набору. Некаторыя змены адбудуцца ў тэстах: на асобныя пытанні можа быць не адзін, а некалькі правільных адказаў, і назваць іх трэба ўсе. Гэта дапаможа мінімізаваць фактар выпадковасці.

Акцэнтаваўшы ўвагу на функцыях профільнай адукацыі, развіцці прафесійнага навучанння, Ігар Васільевіч падкрэс­ліў:

— Школа не галоўная ў праф­арыентацыйнай рабоце, гэтым павінен займацца работадавец. Настаў такі час, калі перш за ўсё ён зацікаўлены ў падрыхтоўцы кадраў патрэбнай спецыяльнасці, павінен клапаціцца пра тое, каб моладзь у яго затрымалася. Работадавец павінен зразумець, што трэба ўкладваць у адукацыю, у тым ліку і ў арганізацыі, якія працу­юць для падрыхтоўкі кадраў.

Ён таксама расказаў, што прадпрыемствы не заўсёды ­ідуць наперадзе тых ноу-хау і тэхналогій, якія павінны ўкараняцца. Таму адукацыя выступіла тут драйверам. Дзякуючы ўдзелу ў руху WorldSkills, новыя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, якія сёння выкарыстоўваюцца ў тых ці іншых галінах, сталі ўкараняцца ў рэсурсных цэнтрах, а сеткавая форма атрымання адукацыі дазваляе асвойваць іх навучэнцам з розных раёнаў.

Пытанні профільнай адукацыі абмеркавалі і падчас наведвання Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Міністр адукацыі пацікавіўся, ці лічаць тут перспектыўным арганічнае земляробства.

— Гэта вельмі перспектыўна, — адказаў дырыктар кале­джа Андрэй Сусла. — З 2018 года ў каледжы адкрыта спецыяльнасць “Ахова навакольнага асяроддзя і энергазберажэнне”, пачаў работу вучэбна-кансультацыйны цэнтр, у тым ліку ёсць свая ветраўстаноўка, якая забяспечвае інтэрнат электраэнергіяй, і геліакалектар, які забяспечвае душавую спартзалы гарачай вадой. Мы ўвайшлі ў праект па арганічным земляробстве, у планах набыць і выкарыстоўваць электратрактар для вырошчвання культур для цяплічных камбінатаў, фермерскіх гаспадарак і жывёлагадоўчых комплексаў.

Навучэнцы каледжа прэзентавалі інавацыйны праект “Ёсць ідэя”, многія задумы ўжо рэалізаваны і знайшлі прымяненне на практыцы. Цікавыя даследаванні праведзены ў рамках рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага інтэрнэт-праекта “Гісторыя#Памяць#Будучыня.by”. Потым паказалі экалагічны пакой. 

У гімназіі № 1 Навагрудка міністр адукацыі пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, з арганізацыяй вучэбнага працэсу. Дырэктар гімназіі Святлана Аляхновіч расказала, што ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і мала­дзёжная палітыка” было набыта новае вучэбна-лабараторнае абсталяванне для кабінетаў фізікі і хіміі, зараз яно мяняецца і ў кабінеце біялогіі. Кіраўніка ведамства пазнаёмілі з праектнай дзейнасцю педагогаў і навучэнцаў.

Візіт міністра адукацыі на Навагрудчыну стаў чацвёртым прыездам у Гродзенскую воб­ласць у гэтым годзе.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.