Жывуць сённяшнім, думаюць пра будучыню

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Брэсцкі абласны цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, размешчаны ў Пінску, — гэта шматпрофільная ўстанова адукацыі, дзе створаны выдатныя ўмовы для раскрыцця і рэалізацыі здольнасцей навучэнцаў. Тут можна цікава і змястоўна правесці вольны час, знайсці занятак для душы і ўвасобіць у рэальнасць творчыя задумы.

Гісторыя цэнтра пачалася 35 гадоў назад, калі ў горадзе на Піне быў адкрыты абласны Дом тэхнічнай і мастацкай творчасці навучэнскай моладзі. Вялікі ўклад у станаўленне ўстановы ўнеслі былыя кіраўнікі Г.С.Сухадольскі, М.В.Слесарчук, С.В.Вярэніч, М.М.Пракапчук і М.І.Вакульчык. Іх справу сёння годна працягвае выдатнік адукацыі Беларусі Т.П.Валевач, пад кіраўніцтвам якой педагогі ўпэўнена кро­чаць у нагу з часам. Таццяна Пятроўна на ўласным прыкладзе паказвае, што не варта баяц­ца цяжкасцей, трэба смела брацца за вырашэнне новых задач, увасабляць цікавыя ідэі і дабівацца выніку.

Выхаванцы цэнтра — шматразовыя пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Скарбонка дасягненняў пастаянна папаўняецца. Асабліва плённа ў гэтым кірунку працуюць студыя сучаснага танца “Навігатар” (кіраўнікі І.І.Прахаровіч і К.В.Сухабокаў) і ўзорны ансамбль эстраднага танца “Дэжавю плюс” (кіраўнікі Л.М.Шахновіч і М.І.Пашына). У бягучым навучальным го­дзе адкрыліся новыя аб’яднанні па інтарэсах: школа гімнастыкі “Навігатар”, “Акварэлька+”, цыркавая студыя “Монтэ-Карла”, лабараторыя адкрыццяў “Арганік”, “Электра­прывод” і LEGO&Arduino.

Пры падтрымцы гарадскога аддзела ідэалагічнай работы і па справах мола­дзі на базе цэнтра праводзяцца розныя маладзёжныя мерапрыемствы. Так, сёлета інтэрактыўная пляцоўка “Івент” аб’яднала актыўных і ініцыятыўных навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі ў адну вялікую і дружную каманду. Яе мэта — разам з зацікаўленымі ведамствамі рэалізоўваць праекты па развіцці пазнавальных і творчых інтарэсаў моладзі. У планах — рэалізацыя аўтарскага маладзёжнага сацыяльна значнага праекта “Не замест, а разам!” у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства.

На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання цэнтр адыгрывае важную метадычную, арганізацыйную і каардынацыйную ролю ў прапагандзе і развіцці тэхнічнай, інавацыйнай і мастацкай творчасці, рацыяналізацыі, вынаходніцтва і мастацкай самадзейнасці сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны. Сёння ў розных аб’яднаннях па інтарэсах, створаных у ПТНУ і ССНУ, займаюцца больш за 14 тысяч юнакоў і дзяўчат.

Педагогі цэнтра назапасілі вялікі вопыт прафарыентацыйнай дзейнасці, найперш у папулярызацыі рабочых прафесій, правядзенні абласных і рэспубліканскіх масавых мерапрыемстваў накшталт “ТэхнаЁлкі”, аглядаў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, персанальных тэматычных выстаў, аглядаў-конкурсаў на лепшага рацыя­налізатара ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны, “Спадчына”, “За квітнеючую Беларусь!”, “Навагодні калейдаскоп”, “ТэхнаІнтэлект”, “РобаФэст”, JuniorSkills, “Маленькі куток вялікай краіны”, “ТэхнаСпорт” і “ТэхнаЭнергія”, семінараў, інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “Праф-бум”, злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў, фестывалю “АРТ-вакацыі”, фестывалю-кірмашу “Дажынкі” і інш.

Педагогі цэнтра арганізоўваюць прома-акцыі ў раёнах вобласці па арыентацыі навучэнцаў на рабочыя прафесіі, шука­юць найбольш эфектыўныя формы і метады прафарыентацыі і ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай і прафесійнай адукацыі.

У цэнтры дзейнічае інфармацыйны стэнд “Вясёлка талентаў Брэстчыны”, створаны і папаўняецца банк даных адоранай моладзі. Па выніках мінулага года педагогі дадатковай адукацыі М.А.Макатрэвіч і С.А.Шчарбук сталі лаўрэатамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Ва ўстановах прафесійнай адукацыі дзейнічаюць 9 калектываў мастацкай творчасці са званнем “народны” і “ўзорны”: народны хор “Крынічанька” і народная студыя эстраднай песні ў Пінскім дзяржаўным ПТК лёгкай прамысловасці, народны маладзёжны акадэмічны хор у Пінскім каледжы БрДУ імя А.С.Пушкіна, народны агіттэатр “Кантраст” у Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова, народны тэатр “На Мышанцы” ў Навамышскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, народны хор “Палессе” ў Лунінецкім дзяржаўным політэхнічным ПТК, узорны духавы аркестр у Баранавіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі машынабудавання, узорны хор “Світанак” у Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі лёгкай прамысловасці і ўзорны ансамбль эстраднага танца “Дэжавю плюс” у Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Сумесная работа цэнтра і ўстаноў прафесійнай адукацыі ў галіне мастацкай творчасці прыносіць плён. У народных і ўзорных самадзейных калектывах задзейнічаны больш за 400 навучэнцаў ПТНУ і ССНУ.

За 35 гадоў зроблена шмат. Сённяшні калектыў установы на чале з Т.П.Валевач поўны сіл, энергіі і ідэй, накіраваных на абнаўленне зместу адукацыйнага працэсу. Асаблівая ўвага ўдзяляецца інавацыям. Педагогі знаходзяцца ў няспынным пошуку новых форм і метадаў работы, укараняюць інавацыйныя тэхналогіі. Так, у цэнтры адкрыта пастаянна дзеючая выстава тэхнічнай і інавацыйнай творчасці, дзе можна азнаёміцца з экспанатамі навучэнцаў і педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі вобласці.

Назапашаныя традыцыі і вопыт, творчы падыход да справы і зайздросная працавітасць — трывалая аснова, на якой грунтуецца паспяховая дзейнасць Брэсц­кага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.