“Зялёныя школы” для дашкалят

- 12:42Дашкольная адукацыя

У красавіку 2020 года яслі-сад № 8 Віцебска пачаў рэалізацыю праекта “Зялёныя школы” ў рамках праекта тэхнічнай дапамогі “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які рэалізуецца ПРААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праект працуе ў кірунках “Біяразнастайнасць”, “Энергазберажэнне”, “Водазберажэнне”, “Абыходжанне з адходамі”, “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па рабоце з мясцовай грамадскасцю (экалагічныя ініцыятывы)”.

“На сёння больш за ўсё калектывам установы зроблена ў кірунку “Біяразнастайнасць”. Пачнём з таго, што зіма — цяжкі час для птушак. У сувязі з гэтым усе групы сада прынялі ўдзел у адпаведных экалагічных акцыях, — расказала загадчыца ўстановы Ілона Францаўна Марчанка. — На дзіцячых участках з’явіліся “птушыныя сталовыя” для зімуючых птушак. Выхавальнікі расказваюць дзецям пра тое, чым можна, а чым нельга карміць птушак. Бацькі разам з дзецьмі зрабілі кармушкі і развесілі іх на тэрыторыі сада, назіраюць за птушкамі, якія прылятаюць пачаставацца кормам. На занятках па маляванні малыя малююць птушак і вельмі радуюцца, што робяць для крылатых сяброў добрую справу. У садзе таксама прайшлі выставы малюнкаў “Дрэвы і хмызнякі парку”, “Птушкі маёй краіны”, выставы восеньскіх букетаў з лісточкаў, экалагічны тыдзень”.

Гульня дапамагае дзецям атрымаць эмацыянальныя ўражанні і ўяўленні аб прыродзе, фарміруе ў дзяцей першаасновы экалагічнага мыслення і свядомасці. Навыкі ўспрымання чалавекам свету закладваюцца праз сумесную творчую дзейнасць дзяцей і дарослых — як у дзіцячым садзе, так і ў сям’і. Педагогі Н.Д.Палінава, К.У.Леаненка, К.С.Шакура распрацавалі гульню “Экавідэакамера du8vitebsk” з папяровымі відэастужкамі, на якіх намаляваны птушкі, якія адлятаюць ад нас у вырай і якія застаюцца зімаваць, матылькі, жукі, розныя жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі (зубр, мядзведзь і інш). Дзеці групавалі жывёл па розных прыметах: класе, месцы пражывання, спосабе перамяшчэння. Больш за ўсё ўвагу дзяцей прыцягнулі відэастужкі па матывах казкі “Пад грыбком” У.Р.Суцеева і беларускай народнай казкі “Пра быка i яго сяброў”. Малыя складалі аповед-апісанне пра жывёл па мнематабліцы: дзе жыве? (свойская або дзікая жывёла), чым харчуецца? (траваедная жывёла або драпежнік), як перамяшчаецца? (ходзіць, бегае, скача, лётае, поўзае, плавае), да якога класа адносіцца? (птушка, рыбы, звяры, насякомыя). Даўшы апісанне герою казкі, дзеці знахо­дзілі яго сілуэт на відэастужцы. Калі ўсе героі займалі свае месцы, стужка, згодна з правіламі гульні, “праяўлялася” і казка “ажывала” — дзеці разыгрывалі казку. Такім чынам, у гульнявой форме выхаванцы замацавалі свае веды аб прыро­дзе. Гульня “Экавідэакамера” будзе прадстаўлена на фестывалі “Тыдзень гульні і цацкі” Першамайскага раёна Віцебска.

У кірунку “Энергазберажэнне” распрацаваны памяткі па рацыянальным выкарыстанні энергіі дома, прайшлі заняткі “У госці да Берагошы”, а сям’я выхаванкі Лізы Ткачовай рэалізавала творчы праект “Эканомім энергію і цяпло ў доме”. У кірунку “Вода­зберажэнне” сям’я выхаванкі Софіі Кашалапавай таксама рэалізавала творчы праект. Разам з бацькамі дзяўчынка праводзіла доследы “Афарбоўванне вады”, “Лёд, які растае” і інш. Мама Софіі, якая працуе кухарам, склала міні-картатэку “Як можна ачысціць ваду ў хатніх умовах”. Вынікамі сваіх даследаванняў сям’я падзялілася з выхаванцамі старшай групы, якую наведвае Соня. У кірунку “Абыходжанне з адходамі” педагог правяла размову з дзецьмі аб важнасці іх раздзельнага збору.  

У кірунку “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па рабоце з мясцовай грамадскасцю (экалагічныя ініцыятывы)” музычны кіраўнік А.Я.Рашотка і выхавальнік К.С.Шакура распрацавалі і правялі экалагічнае свята “Сябры прыроды”. Выхаванцы вучыліся арыентавацца на прыпынках экалагічнай сцежкі “Мой любімы яслі-сад”, “Карысныя клумбы”, “Наш агарод”, “Зёлкавае поле”, “Беларуская хатка”. Па выніках мерапрыемства аформлены альбом “Сябры прыроды — гэта мы”. У абласным конкурсе праектаў па эканоміцы і беражлівасці “Энергамарафон-2020” яслі-сад № 8 Віцебска ў намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” (“Малюнак”) заняў 2-е месца.

“Хочацца верыць, што любоў да прыроды застанецца ў сэрцах выхаванцаў на доўгія гады і дапаможа ім жыць у гармоніі з навакольным светам. Усё добрае ў людзях закладваецца ў дзяцінстве!” — падкрэсліла загадчыца ўстановы.

Надзея ЦЕРАХАВА.