У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды — 2020. Штогод у фінальным этапе спаборніцтваў сустракаюцца больш за 8 тысяч студэнтаў. Многія з іх становяцца кандыдатамі на ўдзел у Сусветных універсітэцкіх гульнях і студэнцкіх чэмпіянатах свету.
“Цяжка сабе ўявіць адукацыйны працэс без спартыўнага і фізкультурна-аздараўленчага складнікаў. Удвая прыемней, калі ВНУ падтрымліваюць і матывуюць спорт высокіх дасягненняў і калі нашы студэнты не толькі ўдзельнічаюць у міжнародных універсіядах, але і заваёўваюць медалі самай высокай пробы на чэмпіянатах свету, Алімпійскіх гульнях і іншых прэстыжных спаборніцтвах, — гаворыць міністр адукацыі Ігар Карпенка. — У мінулым годзе мы правялі актыўную работу і стварылі Беларускую асацыяцыю школьнага спорту. Мы зрабілі гэта не толькі для таго, каб аб’яднаць усе школы, гімназіі, агульнаадукацыйныя ліцэі і праводзіць мерапрыемствы ў краіне. Асацыяцыя будзе садзейнічаць умацаванню нашых пазіцый на міжнароднай спартыўнай арэне. Нашы вучні ўжо некалькі гадоў запар удзельнічаюць у шкаліядах, гімназіядах сусветнага ўзроўню і прывозяць адтуль медалі. Прыемна, што ў нас вызначаецца пераемнасць ад школьнага спорту да студэнцкага і да спорту вышэйшых дасягненняў”.
Пасля прывітальных слоў пераможцы пачалі атрымліваць заслужаныя ўзнагароды. У першай групе 3-е месца заняў БНТУ, 2-е — БДПУ імя Максіма Танка, перамог ГрДУ імя Янкі Купалы. На спаборніцтвах зборныя Гродзенскага ўніверсітэта сталі прызёрамі ў баскетболе, футболе, валейболе, гандболе і ўзялі “золата” ў баскетболе 3´3 і грэка-рымскай барацьбе.
У другой групе за 3-е месца ўзнагародзілі БДТУ, за 2-е — БДЭУ, за 1-е — БДУІР. Мужчынскія каманды БДУІР перамаглі ў спаборніцтвах па баскетболе і баскетболе 3´3, жаночая зборная па валейболе ўзяла “серабро”.
У трэцяй групе 3-е месца заняў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, 2-е месца — Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, “золата” павёз БДАТУ. Ва ўстанове студэнты займаюцца ў секцыях па 16 відах спорту, што дазваляе ім годна прадстаўляць універсітэт на Рэспубліканскай універсіядзе.
Перад узнагароджаннем апошняй групы старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту чэмпіён ХХІХ Алімпійскіх гульняў у Пекіне Аляксандр Багдановіч падзякаваў прысутным за тое, што яны робяць для беларускага спорту, і паабяцаў з боку асацыяцыі развіваць яго яшчэ больш. У чацвёртай групе бронзавую ўзнагароду атрымала Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, сярэбраную — Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, “золата” заваяваў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. У 2020 годзе яго каманда паспяхова выступіла на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, а зборныя па валейболе і зімнім мнагаборстве “Здароўе” перамаглі.
Абсалютным пераможцам універсіяды стаў БДУФК. У 2020 годзе яго студэнты здабылі “золата” ў валейболе (жанчыны), лёгкай атлетыцы, футболе (мужчыны і жанчыны), гандболе (мужчыны) і міні-футболе (жанчыны).
Ад Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту граматы за актыўны ўдзел у папулярызацыі фізічнай культуры і спорту сярод студэнтаў атрымалі прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы: Станіслаў Лісоўскі, дацэнт кафедры фізічнага выхавання і спорту, Вольга Паўлюць, дацэнт кафедры спартыўных гульняў, Кірыл Акуліч, начальнік спартыўнага клуба, Данііл Шульгач, студэнт 2 курса інжынерна-будаўнічага факультэта, Юлія Васілевіч, студэнтка 1 курса факультэта фізічнай культуры, і Кірыл Андрэйчык, студэнт 6 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання спартыўная зала набыла свой звычайны выгляд. Там прайшоў фінал адкрытага турніру па жаночым валейболе на кубак рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы і на прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Каманда ўніверсітэта перамагла зборную Гродзенскай абласной СДЮШАР імя А.М.Сапегі з лікам 3:0.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.