У Глыбокім 17 сакавіка адбыўся навукова-практычны форум “Інтэлектуальная моладзь: ад SMART-ініцыятывы да SMART-горада”. Ініцыятыва правядзення форуму належыць старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Андрэйчанку.
“Зусім нядаўна ў Мінску, Віцебску, Полацку, Глыбокім, Докшыцах, Ушачах і іншых гарадах Беларусі працавалі дыялогавыя пляцоўкі, на якіх абмяркоўваліся лёсавызначальныя для нашай краіны пытанні грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя 5 гадоў, — гаворыцца ў яго пасланні да ўдзельнікаў мерапрыемства. — Дзякуючы гэтаму ўсе канструктыўныя ідэі і прапановы беларусаў былі вынесены на разгляд VI Усебеларускага народнага сходу і змаглі матэрыялізавацца ў яго рашэннях, якія сталі галоўнымі арыенцірамі ў рабоце заканадаўчай і выканаўчай галін улады. Прыйшоў час увасабляць іх у жыццё”. Як падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка, забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт мадэрнізацыі эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, працоўнай дзейнасці і самарэалізацыі чалавека шмат у чым залежаць ад тэмпаў і паўнаты развіцця лічбавай трансфармацыі ў Беларусі, кааперацыі ў гэтай і іншых галінах унутры краіны і з яе знешнімі партнёрамі. Галоўная мэта форуму “Інтэлектуальная моладзь: ад SMART-ініцыятывы да SMART-горада” — даць магчымасць моладзі, з яе ўласнымі поглядамі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі, на роўных са старэйшымі пакаленнямі ўключыцца ў работу па рэалізацыі прыярытэтаў і асноўных напрамкаў інавацыйнага развіцця краіны, абменьвацца думкамі і дасягнутымі вынікамі, выказваць новыя ідэі і разам знаходзіць алгарытмы іх рэалізацыі. Маладыя людзі з Глыбоцкага, Докшыцкага і Ушацкага раёнаў сустрэліся са сваімі равеснікамі і прадстаўнікамі больш старэйшага пакалення, якія працуюць у дзяржаўных органах заканадаўчай і выканаўчай галін улады, органах мясцовага кіравання, адукацыйнай, навуковай і вытворчай сферах. Значную работу па падрыхтоўцы і правядзенні форуму правёў аддзел па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама на чале з Таццянай Гаўрылавай; арганізатарам выступіў Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт.
Як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Таццяна Карніловіч, першапачаткова з прапановай пазнаёміць моладзь раёна з новымі напрамкамі навуковых даследаванняў і сваімі адкрыццямі ў акрэсленым напрамку арганізатары звярнуліся да Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Варта адзначыць, ідэя адразу знайшла зацікаўлены водгук (забягаючы наперад — у форуме прыняла ўдзел прадстаўнічая каманда маладых вучоных НАН на чале са старшынёй Савета, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэем Іванцом). Пасля ўзгаднення тэматыкі на нарадзе пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Тарасевіч было вырашана: варта далучыць да форуму больш удзельнікаў, каб юнакі і дзяўчаты не толькі даведаліся аб дасягненнях маладых вучоных, але і на яркіх прыкладах убачылі інавацыі, якія ўкараняюцца ў жыццё ў нашай рэспубліцы. Зразумела, што аргкамітэт не мог пры гэтым абмінуць увагай адзін з цэнтраў інавацыйнага развіцця — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”: яго прадстаўнікоў запрасілі расказаць аб сваёй дзейнасці і далейшых планах. Глыбаччане паставілі задачу як мага шырэй паказаць моладзі перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння па стварэнні і ўкараненні перадавых распрацовак у сферах адукацыі, аховы здароўя і трансфармацыі гарадской інфраструктуры не толькі ў буйных гарадах, дзе ў наступныя 5 гадоў плануецца рэалізаваць канцэпцыю “разумнага горада”, але і ў невялікіх населеных пунктах. Аб практычных напрацоўках і прававых рашэннях, што могуць быць выкарыстаны для стварэння “разумных гарадоў”, на форуме расказалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, профільных падраздзяленняў Віцебскага абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў. Да падрыхтоўкі форуму далучыліся Докшыцкі і Ушацкі раёны. У прыватнасці, было праведзена анкетаванне і зняты відэаролік, дзе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, актывісты Маладзёжнай палаты і прадстаўнікі працоўнай моладзі выказаліся наконт таго, як палепшыць гарадское асяроддзе і якім можа быць SMART-горад будучыні.
Старт форуму дала выстава “Дасягненні моладзі сёння — паспяховае развіццё і росквіт краіны заўтра”, дзе прэзентаваліся творчыя, спартыўныя, інтэлектуальныя здабыткі навучэнцаў Глыбоччыны. Тут сапраўды ёсць чым ганарыцца: моладзь у раёне актыўная і таленавітая, а праектная дзейнасць развіваецца і прыносіць плён. Сярод прадстаўленых гасцям экспанатаў — работы пераможцаў рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, сабраныя навучэнцамі робаты, праекты пераможцаў конкурсаў па Scratch-праграмаванні. Таксама на выставе расказвалася пра супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Паркам высокіх тэхналогій і дзейнасць STEM-класаў. Праблемнае поле пытанняў, разгледжаных на пленарным пасяджэнні, ахоплівала шырокі спектр сучасных напрамкаў, праблем і новых навуковых гарызонтаў ад канцэпцыі разумнага горада, лічбавізацыі, індустрыі 4.0, біятэхналогій, ІТ-тэхналогій у фізіцы і медыцыне, інавацый у аграпрамысловым комплексе і перапрацоўчай вытворчасці да рацыянальнага прыродакарыстання, развіцця айчыннай гуманітарыстыкі, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў як спосабу ўключэння моладзі ў грамадска-значную дзейнасць і падрыхтоўкі кадраў для SMART-тэхналогій.
— Гэты форум — стартавая пляцоўка для далейшай работы і характэрны прыклад таго, як моладзь актыўна падключаецца да вырашэння актуальных задач сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця рэспублікі, — выказала меркаванне старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца. — Адметна, што наша сустрэча праходзіць у Год народнага адзінства, бо толькі аб’яднаўшы існуючы патэнцыял, энергію і інтэлект, мы здольны паспяхова выканаць задачы любой складанасці. Упэўнена: удзельнікі мерапрыемства знайшлі новых сяброў, аднадумцаў, партнёраў, гатовых сумеснымі намаганнямі рабіць будучыню сучаснасцю.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама.