Яркія фарбы маладосці

- 13:10Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Адукацыйны працэс ва ўстанове быццам маштабнае жывапіснае палатно. Яго ў цесным супрацоўніцтве ствараюць мастакі — педагогі. Кожны з іх прыўносіць у карціну нешта непаўторнае. Адзін дэманструе свой упэўнены і ўраўнаважаны стыль, другі — адточаныя мазкі, трэці — асаблівыя фарбы. Самыя яркія колеры і энергетыку прыўносяць у адукацыйную карціну маладыя педагогі. Яны дадаюць па-майстэрску напісанай карціне крэатыву і энергіі, якія дапамагаюць зрабіць твор асаблівым. Менавіта з такімі маладымі педагогамі-мастакамі сёння знаёмім нашых чытачоў. Усе яны працуюць у сістэме прафесійнай адукацыі. І ўсе выдатна прадставілі сістэму ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства для маладых педагогаў “Будучыня ў сучаснасці” — удастоены дыпломаў І ступені. Гэта тры цудоўныя дзяўчыны. І пра кожную можна сказаць, што з ёй установе і наогул сістэме адукацыі вельмі пашанцавала.

Гаварыць на адной мове

Яўгенія Аляксандраўна Вакула выкладае англійскую мову ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва. На занятках яна размаўляе на англійскай мове, на рускай, здараецца, што і на нямецкай. Аднак самае галоўнае — яна заўсёды знаходзіць са сваімі навучэнцамі агульную мову: умее зразумець іх і прапанаваць менавіта тое, што ім трэба.

Калі Яўгенія на апошнім курсе вучобы ва ўніверсітэце шукала месца для размеркавання, убачыла аб’яву, што ліцэю па­трэбны выкладчык англійскай мовы. Падчас субяседавання ўстанова аказала на яе пазітыўнае ўражанне, як і яна на кіраўніцтва ўстановы. Першае ўражанне аказалася праўдзівым: у ліцэі яе сустрэлі гасцінна і сардэчна, усяляк падтрымліваюць і дапамагаюць.

Можна сказаць, што на работу яна прыйшла, маючы пэўны вопыт. Вопыт выкладання англійскай дала не толькі практыка ва ўніверсітэце, але і работа выкладчыкам у моўнай школе, якую Яўгенія сумяшчала з вучобай. А вопыт зносін з падлеткамі што­дзень набывае дома — у дзяўчыны тры малодшыя сястры.

— Сучасныя навучэнцы хочуць, каб на занятках ім было цікава і, як кажуць падлеткі, “ненапряжно”. Гэта зусім не значыць, што на занятках трэба толькі забаўляцца, але важна, каб нагрузка была чалавеку па сілах, каб ён мог ісці наперад і радавацца сваім дасягненням, — расказвае педагог.

Яе навучэнцы маюць вельмі розны ўзро­вень ведаў англійскай: усе прыйшлі ў ліцэй з розных школ, іх вучылі розныя настаўнікі, у кожнага з іх быў свой падыход. Яўгенія Аляксандраўна з гэтай сітуацыяй спраўляецца, рыхтуючы для навучэнцаў розна­ўзроўневыя заданні, індывідуальна падыхо­дзячы да кожнага. З тым, каб на занятках было цікава, таксама праблем няма: педагог выкарыстоўвае розныя сучасныя тэхналагічныя сродкі — мабільныя дадаткі, анлайн-рэсурсы. Прымяняе такія сэрвісы, як Quizz, Plickers, Kahoot, апошнім часам найбольш упадабала Formative.

Матэрыял для заняткаў яна выбірае зыходзячы з інтарэсаў сваіх навучэнцаў. Педагог пераканана: калі праявіць увагу і па-сапраўднаму слухаць, то будзеш заў­сёды ў курсе, што ім падабаецца. Яна ўмее не толькі даведацца аб інтарэсах навучэнцаў, але і выкарыстоўваць гэта для навучання.

— Напрыклад, калі разумею, што навучэнцам падабаецца анімэ, то на занятках можам разабраць тэкст на гэтую тэму або пагава­рыць аб музыцы, якую яны слуха­юць, фільмах, якія глядзяць. Можам паглядзець і абмеркаваць сучасныя мемы, прыдумаць каментарыі ці подпісы да смешных карцінак. Нават да стандартнай тэмы можна знайсці нестандартны, цікавы падыход, што дазволіць прыцягнуць увагу навучэнцаў. Напрыклад, вывучаючы тэму “Прафесіі”, мы прачыталі пра дзясятку самых незвычайных прафесій. Навучэнцы вельмі жыва рэагавалі на гэтую інфармацыю, напрыклад, калі даведаліся, што ёсць такая работа — тэсціроўшчык водных горак, — расказвае Яўгенія Аляксандраўна.

У маладога педагога ёсць і свае незвычайныя прыёмы ў рабоце.

— Калі навучэнцы перастаюць слухаць і пачынаюць сваволіць, я ніколі не крычу на іх, бо лічу гэта недапушчальным, не павышаю голасу, а… пачынаю гаварыць па-нямецку. Ад нечаканасці ўсе замаўкаюць, і я цалкам авалодваю іх увагай. Прыём заўсёды працуе! — дзеліцца педагог.

І самае галоўнае, у чым пераканана Яўгенія Вакула, — што педагог аддае дзецям, тое яму і вяртаецца. Яна ставіцца да іх з павагай — і навучэнцы паважаюць яе. Яна дорыць ім пазітыў — і яны яго прымнажаюць.

У ліцэі Яўгенія Аляксандраўна працуе з пачатку гэтага навучальнага года. За такі кароткі тэрмін яна змагла заваяваць сэрцы ўсіх. Яе паважаюць за прафесійныя ўменні: яна добра ведае свой прадмет, упэўнена ў сваіх сілах, адказная і патрабавальная да сябе і іншых, не баіцца складанасцей і ва ўсім імкнецца разабрацца. А яшчэ ўсе — і калегі, і навучэнцы — вельмі любяць яе за тое, што яна проста цудоўны чалавек.

Працаваць з педагагічнай смеласцю

Надзвычай пашанцавала і Мінскаму дзяржаўнаму прафесійнаму ліцэю № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання: тут працуе не проста цудоўны малады спецыяліст, а магістр гістарычных навук. Дар’я Віктараўна Карэтка ў ліцэі трэці год выкладае гісторыю, грамадазнаўства і асновы права. Малады педагог дакладна вызначылася са сваімі прынцыпамі і прыярытэтамі і цвёрда іх прытрымлівацца.

— Самае галоўнае — быць шчырай з дзецьмі. У ацэнцы, у словах і справах, ва ўсім. Мяне саму яшчэ ў дзяцінстве абуралі двайныя стандарты ў школе, калі за аднолькавую правіннасць выдатніка выбачалі, а двоечніка каралі. Дзеці ж усё заўважаюць і імгненна страчваюць давер. Калі ты з імі шчыры, адкрыты, справядлівы, то і яны адкрываюцца табе, — дзеліцца меркаваннем Дар’я Віктараўна.

Кожныя яе заняткі — гэта шчырая размова пра жыццё. Вывучэнне прадмета — гэта не проста атрыманне інфармацыі з падручніка, гэта даследаванне рэальнасці, што нас акружае.

— Адразу гавару дзецям, што не буду прымушаць іх завучваць падручнік на па­мяць. Расказваю, што мы вывучаем унікальныя прадметы, якія дапамагаюць зразумець само жыццё. Ведаць грамадазнаўства — гэта як вывучыць аўтамабіль. Добра навучыцца вадзіць машыну, аднак, калі ты ведаеш, як яна пабудавана і працуе, — гэта ўзнімае цябе на іншы ўзровень. Гэтак жа і грамадства: адна справа проста жыць у ім, зусім іншая — разумець, што гэта за механізм, і разабрацца, як ён дзейнічае, — тлумачыць педагог.

Безумоўна, такі падыход знаходзіць водгук у навучэнцаў, і яны цікавяцца прадметамі. Яшчэ больш матывацыі да навучання надае тое, што Дар’я Віктараўна імкнецца максімальна разнастаіць заняткі. Разам з педагогам навучэнцы глядзяць і абмяркоўваюць фільмы, ладзяць дэбаты, выконваюць інтэрактыўныя заданні. Акрамя таго, у Дар’і Віктараўны багаты запас сучасных тэхналогій, якія яна выкарыстоўвае ў рабоце. Яна прапаноўвае заданні, створаныя з дапамогай сэрвісаў Plickers, Quizlet, Padlet і інш. Прычым гэты спіс пастаянна папаўняецца, бо педагог заўсёды вывучае не­шта новае, каб не даць навучэнцам засу­маваць.

У першую ж чаргу навучэнцам цікава з Дар’яй Віктараўнай таму, што яна сама неардынарная, цікавая асоба. Разумная, дапытлівая, адкрытая новаму. А яшчэ ў яе ёсць захапляльнае хобі: Дар’я Віктараўна займаецца гістарычнай рэканструкцыяй.

— Я гісторык, і для мяне гэта магчы­масць жывога паглыблення ў гісторыю. У нас ёсць вялікая каманда аматараў рэкан­струкцый — свая гістарычная сям’я. Цікавімся эпохай Сярэднявечча і напалеонікай, актыўна ўдзельнічаем у фестывалях. Я шыю адзенне таго часу, вывучаю кухню і гатую адпаведныя стравы. Даю магчы­масць такога паглыблення ў гісторыю і маім навучэнцам. Напрыклад, падчас прадметнага тыдня прыходзіла ў гістарычным адзенні і прыносіла касцюмы з сабой, навучэнцы маглі іх разгледзець і прымераць, — расказвае педагог.

Безумоўна, гэтае хобі прыводзіць навучэнцаў у захапленне. Ды і ці можа быць інакш, калі ты бачыш свайго настаўніка ў сярэдневяковым уборы з лукам у руках? Як пры гэтым не зацікавіцца гісторыяй? Дарэчы, некаторыя цікавяцца настолькі, што вырашаюць зрабіць гісторыю прафесіяй. Адзін з навучэнцаў Дар’і Віктараўны пасля заканчэння ліцэя пайшоў вучыцца на гістарычны факультэт, яшчэ адзін плануе гэта паўтарыць.

Дар’і Віктараўне ўласціва прафесійная смеласць: яна эксперыментуе, любіць праводзіць адкрытыя ўрокі і кожны раз спрабуе падчас іх правядзення нешта новае; не баіцца крытыкі і лічыць, што яна спрыяе росту; любіць удзельнічаць у прафесійных конкурсах, бо пераканана, што гэта магчымасць для інтэнсіўнага самаразвіцця. Дар’я Віктараўна, здаецца, выпраменьвае непаўторную энергію творчасці і крэатыву і перадае яе ўсім навокал.

Усё рабіць на максімум

Марыя Сяргееўна Усціненка з самага дзяцінства ў спорце. Яна паспяхова займалася плаваннем і сучасным пяціборствам, займала прызавыя месцы ў спабоніцтвах на рэспубліканскім узроўні. Спорт многаму яе навучыў: вытрымцы, настойлівасці, дысцыпліне. Дзякуючы спорту, з’явілася ўменне ўспрымаць складаныя моманты як магчымасць набыць вопыт, а таксама імкненне ўсё рабіць на максімум, на сто працэнтаў. Усё гэта сёння дапамагае ёй у рабоце. Марыя Сяргееўна — выкладчык фізічнай культуры і здароўя ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

 Марыя Сяргееўна скончыла БДУФК, дзе атрымала спецыяльнасць псіхолага і выкладчыка фізічнай культуры. І менавіта такое спалучэнне вельмі падыходзіць ёй: педагог імкнецца дапамагчы сваім падапечным не толькі набыць найлепшую фізічную форму, але і дасягнуць духоўнай гармоніі. На занятках яна ўважліва назірае за навучэнцамі і хутка заўважае, калі кагосьці нешта непакоіць, не дае сканцэнтравацца. Да такіх праяўленняў ніколі не застаецца абыякавай: умее далікатна пагутарыць з чалавекам, падтрымаць і прапанаваць выйсце з сітуацыі. А яшчэ можа прапанаваць фізічныя практыкаванні для псіхалагічнай разрадкі, каб навучэнцы пазбавіліся накопленага стрэсу. І навучэнцы, адчуваючы шчырае да сябе стаўленне, давяраюць педагогу.

Самая галоўная перашкода, якую ёй даводзіцца пераадольваць, — гэта перакананасць многіх навучэнцаў у тым, што фізкультура — гэта нецікава: бег па крузе і нудныя нарматывы. Аднак Марыі Сяргееўне ўдаецца перамагчы такую прадузятасць.

— Я заўсёды зыходжу з жаданняў дзяцей, іх пераваг і стараюся даць ім больш таго, што ім па душы. Падабаецца групе валейбол — значыць, будзем больш гуляць у валейбол. У каледжы вучыцца пераважная большасць дзяўчат. Зразумела, усе яны хочуць добра выглядаць. У іх сёння высокі запыт на фітнес. І я іду ім насустрач: уключаю ў заняткі элементы аэробікі, ёгі, пілатэсу. У каледжы цудоўныя ўмовы для таго, каб займацца спортам, ёсць неабходны інвентар, — расказвае Марыя Сяргееўна. — Не дае засумаваць і высокая маторная шчыльнасць заняткаў. Навучэнцы пастаянна павінны працаваць. Калі нагрузка пры гэтым правільна размеркавана, то ім будзе цікава і напрыканцы заняткаў яны не застануцца без сіл, а, наадварот, атрымаюць зарад энергіі.

Для таго каб зрабіць заняткі яшчэ больш цікавымі, Марыя Сяргееўна вывучае розныя напрамкі фітнесу, у тым ліку анлайн. Яна заўсёды знаходзіць для навучэнцаў новыя цікавыя прапановы.

— Нестандартны падыход можна прымяніць і пры выкананні прывычных практыкаванняў. Напрыклад, выконваць іх з непрывычнага зыходнага становішча. Так, прапаную навучэнцам выкідваць мяч се­дзячы. Або задаю практыкаванні на пачуццё часу: не проста прабегчы дыстанцыю, а яшчэ і здагадацца, за які час удалося гэта зрабіць, — адзначае Марыя Сяргееўна. — Выкарыстоўваю ў рабоце і фітнес-дадаткі. З іх дапамогай можна даваць, напрыклад, дамашнія заданні, зразумела, з улікам групы здароўя. 

Яе ўласнае правіла — заўсёды сустракаць навучэнцаў з усмешкай і не дазва­ляць ніякім акалічнасцям сапсаваць заняткі, не дапускаць, каб негатыўныя эмоцыі адбіваліся на навучэнцах. І яшчэ адзін важны прынцып у рабоце — быць для навучэнцаў наглядным прыкладам у спорце: яна ў любы момант можа прадэманстраваць кожнае практыкаванне і выканаць любы нарматыў. Ды і наогул, гэтая разумная, абаяльная, спагадлівая дзяўчына — цудоўны прыклад для навучэнцаў не толькі ў спорце, а і ў жыцці. 

Дзякую маім цудоўным гераіням за пазітыў і за тое, што яны кожны дзень ро­бяць гэты свет крышачку лепшым.

Дар’я РЭВА.