У пачатку красавіка аднаму з найстарэйшых выдавецтваў нашай краіны — “Народнай асвеце” — споўнілася 70 гадоў! Павіншуем юбіляра разам і даведаемся, як ствараюцца падручнікі і якім патрабаванням яны павінны адпавядаць, дзе праходзяць апрабацыю і хто ініцыіруе іх перавыданне, якія кніжныя навінкі ў найбліжэйшы час прадставіць каманда “Народнай асветы” і хто ўваходзіць у яе склад, а таксама пацікавімся, пра што марыць дырэктар выдавецтва Вікторыя КАЛІСТРАТАВА.
— Вікторыя Віктараўна, давайце спачатку прыгадаем, з чаго пачалася гісторыя вашага выдавецтва.
— “Народная асвета” вядзе адлік сваёй гісторыі ад двух выдавецтваў: “Беларусь”, заснаванага ў 1921 годзе як Дзяржаўнае выдавецтва БССР, і Дзяржаўнага вучэбна-педагагічнага выдавецтва Міністэрства асветы РСФСР, створанага ў 1930- м і пераўтворанага ў выдавецтва “Просвещение” ў 1964-м. А “Народная асвета” як самастойнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва было створана 1 красавіка 1951 года. Да 1990 года ў нас выдаваліся вучэбныя дапаможнікі для агульнаадукацыйных, спецыяльных школ і ВНУ, метадычная і дыдактычная літаратура для настаўнікаў, кнігі для пазакласнага чытання, навукова-папулярная і мастацкая літаратура, праграмна-метадычныя выданні і наглядныя дапаможнікі менавіта для беларускіх школ.
З 1996 года ў выдавецтве працуе ўнікальная і адзіная ў Беларусі рэдакцыя па выпуску літаратуры шрыфтам па сістэме Брайля. У гэтым годзе ёй спаўняецца 25 гадоў. Галоўным дасягненнем спецыялісты гэтай рэдакцыі лічаць стварэнне “Рэльефна-кропкавай граматы” ў 2014 годзе. Арыгінальнае ілюстраванае выданне набылі нават казахстанскія калегі. А ў 2019-м мы ўпершыню выдалі некалькі вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі з электронным дадаткам у DAISY-фармаце для дзяцей з парушэннямі зроку.
Штогод “Народная асвета” ўдзельнічае ў Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” і атрымлівае ўзнагароды, у тым ліку і ў намінацыі “Падручнік новага веку”. Так, у 2020 годзе пераможцам стаў падручнік “Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас”, а сёлета — вучэбны дапаможнік “Чалавек і свет, 3 клас”, выдадзены шрыфтам Брайля. Нагадаю, што “Народная асвета” — выдавецтва і легендарнага “Буквара” Анатоля Клышкі. На жаль, аўтар 14 красавіка пайшоў з жыцця. Знакаміты “Буквар” у 1977 годзе быў абвешчаны лепшай кнігай свету, атрымаўшы залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай кніжнай выставы.
— “Народная асвета” — выдавецтва, якое захавала традыцыі савецкай школы і ўвабрала ў сябе павевы XXI стагоддзя…
— Так. Да падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў традыцыйна і апраўдана прад’яўляюцца вельмі жорсткія патрабаванні. У першую чаргу гэта выкананне гігіенічных патрабаванняў, стандартаў, якія рэгламентуюць вагу вучэбных дапаможнікаў, аб’ём, памер шрыфта, даўжыню радка, колеравую гаму і г.д. Захаванне СанПінаў і Дзяржстандартаў, адпаведнасць вучэбнага матэрыялу вучэбным праграмам — тыя традыцыі, якія прыйшлі да нас з савецкай школы.
Сучасныя ж беларускія падручнікі і дапаможнікі ўтрымліваюць больш практыка-арыентаваных заданняў. Матэрыял у іх аптымізаваны з пункту гледжання даступнасці і з улікам узроставых асаблівасцей школьнікаў, абапіраецца на нацыянальны кантэкст. Пры распрацоўцы вучэбных дапаможнікаў мы актыўна задзейнічаем інфармацыйныя тэхналогіі: QR-коды і дапоўненую рэальнасць. Прадмет гордасці “Народнай асветы” — падручнік па фізіцы ў інтэгральнай вокладцы ў павялічаным фармаце. Тры гады назад гэта быў своеасаблівы эксперымент, зараз падручнік правяраецца на зносаўстойлівасць. Заўважым, што тэрмін службы звычайнага падручніка ў цвёрдым пераплёце — ад 4 да 5 гадоў. У 2018 годзе аналагічны падручнік атрымалі вучні 8 класа, а у 2019-м — дзевяцікласнікі. Калі гэтыя падручнікі атрымаюцца “жыццяздольнымі”, то падобныя дапаможнікі, спадзяюся, будуць з’яўляцца і па іншых прадметах.
Вядома, мы ствараем падручнікі ў цеснай звязцы з аўтарамі і супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі, улічваем усе іх прапановы і заўвагі. У нас агульная мэта — стварыць прыгожы і функцыянальны падручнік, які дапаможа школьніку засвоіць прадмет на выдатна. Прынамсі, усе электронныя версіі падручнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, можна знайсці на нацыянальным адукацыйным партале. Падручнік сёння ўжо не разглядаецца як адзіная крыніца ведаў, а хутчэй выконвае навігацыйную функцыю і накіроўвае школьніка да дадатковых крыніц інфармацыі.
— Якім чынам распрацоўваюцца падручнікі і як праходзяць апрабацыю?
— Варта адрозніваць паняцці “падручнік” і “вучэбны дапаможнік”. Калі выданне выходзіць упершыню, яно з’яўляецца вучэбным дапаможнікам. Затым праводзіцца яго апрабацыя ў школе, ён дапрацоўваецца, удасканальваецца і перавыдаецца. Пасля двух-трох перавыданняў якасны вучэбны дапаможнік становіцца падручнікам. У сярэднім на распрацоўку вучэбнага дапаможніка затрачваецца 1,5—2 гады. Спачатку НІА аб’яўляе конкурс на стварэнне дапаможніка, пасля аўтарскі калектыў прадстаўляе сваю канцэпцыю. Далей конкурсныя матэрыялы разглядаюцца рознымі рэцэнзентамі, пасля чаго яны паступаюць на разгляд экспертнай камісіі, якая вызначае пераможцу, што атрымлівае права напісаць вучэбны дапаможнік. Варта адзначыць, што макет вучэбнага дапаможніка праходзіць таксама псіхолага-педагагічную экспертызу. І толькі пасля гэтага рукапіс паступае ў выдавецтва для стварэння арыгінал-макета, на які, як правіла, адводзіцца 3—4 месяцы. Затым макет накіроўваецца ў паліграфію.
Апрабацыя новага вучэбнага дапаможніка вядзецца цэлы навучальны год, пасля чаго педагогі, якія ўдзельнічалі ў доследнай праверцы, накіроўваюць заўвагі і прапановы ў НІА, дзе спецыяліст абагульняе і сістэматызуе іх. Затым яны абмяркоўваюцца на спецыяльным семінары, пасля якога ўсе істотныя заўвагі і прапановы ўлічваюцца пры перавыданні дапаможніка.
У сучасным падручніку павінны быць аптымальныя суадносіны тэкстаў, ілюстрацыйнага і метадычнага апарату, выкарыстаны прыёмы даступнага выкладання вучэбнага матэрыялу. Падручнік павінен быць практыка-арыентаваным, маляўнічым, стымуляваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, утрымліваць заданні розных узроўняў, а яшчэ важна, каб быў нацыянальны кантэкст, асабліва ў прыкладах, практыкаваннях і задачах.
— Хто звычайна ініцыіруе перавыданне падручніка?
— Школьныя падручнікі перавыдаюцца, калі сыходзіць тэрмін службы канкрэтнага дапаможніка, так званы тэрмін фандавання. Тэрмін службы выдання залежыць ад колькасці ўрокаў па прадмеце на тыдзень. Напрыклад, калі прадмет вывучаецца 4 гадзіны на тыдзень, падручнік будзе перавыдадзены праз чатыры гады, калі 2—3 — праз пяць гадоў. А таксама падручнікі перавыдаюцца ў сувязі з абнаўленнем вучэбных праграм.
— Дарэчы, “Народная асвета” выдае і выдатныя мастацкія серыі для дзяцей і падлеткаў: “Шкаф”, “Детский детектив”, “Тусовка.by” і інш.
— Наша выдавецтва першае з дзяржаўных адкрыла серыі для дашкольнікаў і падлеткаў. Дарэчы, праблема недахопу літаратуры для падлеткаў існуе і ў нашых суседзяў, у той жа Расіі. Так, аўтары серыі “Тусовка.by” Эльвіра Вашкевіч і Аляксандра Хамянок сталі аднымі з пераможцаў Міжнароднага конкурсу імя Сяргея Міхалкова на лепшы мастацкі твор для падлеткаў, а рукапіс Аляксандры Хамянок адзначаны Міжнароднай дзіцячай літаратурнай прэміяй імя У.П.Крапівіна. Кнігі пераможцаў пабачаць свет у выдавецтве “Детская литература” на рускай мове, мы ж вырашылі выдаць іх на беларускай. Ужо выйшла кніга “Італьянскае падарожжа” Аляксандры Хамянок.
Што тычыцца серыі “Шкаф” для дашкольнікаў Ірыны Токаравай, дарэчы, педагога з 35-гадовым стажам, то гэтыя кніжкі не паспяваюць паляжаць на складзе. Напэўна, у гэтым і заслуга нашых таленавітых мастакоў. Кнігі, выпушчаныя ў 2020 годзе, адзначаны прафесійнымі ўзнагародамі. Напрыклад, тытул “Лепшы ілюстратар” у намінацыі “Майстэрства” 60-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” прысуджаны Святлане Рыжыкавай за кнігу “Казкі дзядзечкі Рымуса” Джаэля Харыса. У намінацыі “Літ-фармат” лепшай прызнана кніга “Старая казка” Уладзіміра Караткевіча з выдатнымі ілюстрацыямі Лізаветы Пастушэнка.
Зусім нядаўна пабачыла свет кніга “Краіна эльфаў. Ісландыя” пісьменніцы Таццяны Брэславай. Гэтай кнігай мы пачынаем серыю “Падарожжы”, з дапамогай якой маленькія чытачы змогуць наведаць розныя дзівосныя мясціны планеты. І, карыстаючыся выпадкам, прапаную педагогам усіх школ краіны запрашаць нас у госці. Мы прыедзем з аўтарамі і падарункамі, правядзём цікавыя пазнавальныя мерапрыемствы.
— У 2020 годзе “Народная асвета” выдала каля 755 тысяч экзэмпляраў вучэбнай літаратуры. А на гэты год якія планы?
— Да пачатку новага навучальнага года плануем выпусціць шэраг дапаможнікаў для агульнаадукацыйнай школы: “Фізіка” і “Біялогія”, “Астраномія” і “Інфарматыка” для 11 класа, “Біялогія” для 6 класа, “Зборнік задач па геаметрыі, 10—11 класы”. Усе гэтыя падручнікі будуць як на рускай, так і беларускай мове. А таксама выдавецтва выпусціць шэраг выданняў для спецыяльнай школы.
— Кожны выдавецкі дом мае свае прынцыпы і пэўную рэдакцыйную палітыку. Ад чаго вы можаце адступіцца, а ад чаго — ніколі?
— Аснову рэдакцыйнай палітыкі нашага выдавецтва складаюць кнігі, неабходныя для арганізацыі паспяховага вучэбнага працэсу і дасягнення якаснага адукацыйнага выніку. Таму нашы галоўныя прынцыпы — нагляднасць, даступнасць, пераемнасць вучэбных дапаможнікаў, кампетэнтнасны падыход, выкарыстанне сучасных тэхналогій для стварэння лічбавых адукацыйных прадуктаў, у тым ліку электронных версій падручнікаў, а таксама прынцып інклюзіі ў адукацыйным працэсе. Адзначу, што на постсавецкай прасторы менавіта ў Беларусі ніколі не спыняўся выпуск вучэбных дапаможнікаў для спецыяльнай школы, у тым ліку для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Самы ж галоўны прынцып — гэта якасць! Падручнікі і дапаможнікі павінны выклікаць у дзяцей цікавасць да навучання, быць памочнікамі ў рабоце настаўнікаў.
Тое ж магу сказаць і пра выданні для дзяцей і падлеткаў. Лічу, што і аўтар, і выдавец павінны адчуваць павевы часу, ведаць інтарэсы падрастаючага пакалення, адчуваць псіхалогію розных узроставых катэгорый. Так, маленькімі чытачамі цэніцца сюжэтная дынаміка, падлеткамі — пазнанне сябе, зносіны з аднагодкамі, фарміраванне сваёй сацыяльнай ролі.
А чаго не прымаю, дык гэта застою ў творчасці, нежадання рухацца наперад. Захоўваючы традыцыі, варта ўпэўнена ісці ў будучыню, удасканальваць сябе і навакольных, вучыцца і вучыць.
— Колькі чалавек у камандзе “Народнай асветы”?
— Калектыў супрацоўнікаў выдавецтва — гэта група аднадумцаў, прафесіяналаў высокага ўзроўню, якія не шкадуюць сіл і часу, каб айчынныя падручнікі станавіліся больш якаснымі і адпавядалі патрабаванням ХХI стагоддзя. У нашай прафесійнай камандзе 38 чалавек, якія працуюць у розных рэдакцыях. Прычым некаторыя з іх маюць 30-гадовы стаж працы, для іх выдавецтва з’яўляецца першым і адзіным рабочым месцам. Дзякуючы такім прафесіяналам, захоўваецца пераемнасць у калектыве, маладыя спецыялісты навучаюцца кнігавыданню пад кіраўніцтвам дасведчанага куратара.
Вядома ж, у першую чаргу хацелася б назваць нашага галоўнага рэдактара Алену Уладзіміраўну Літвіновіч, якая вось ужо амаль 35 гадоў працуе ў выдавецтве. Менавіта на яе плячах ляжыць велізарная адказнасць за захаванне ўсіх патрабаванняў да вучэбнай і дзіцячай літаратуры, кантроль за якасцю нашых выданняў. Увогуле, усе супрацоўнікі “Народнай асветы” — цудоўныя людзі, самыя каштоўныя якасці якіх — уменне развівацца, жаданне прафесійна расці і працаваць у камандзе.
— Зараз вядзецца шмат спрэчак пра будучыню папяровай кнігі. А што вы думаеце на гэты конт?
— Папяровая і электронная кнігі будуць суіснаваць разам. І хутчэй за ўсё, электронныя вучэбныя дапаможнікі і дадаткі будуць дапаўняць папяровыя падручнікі. Вучэбная літаратура па многіх прадметах будзе, безумоўна, зрастацца з гаджэтамі. Дзіцячая ж кніга па-ранейшаму будзе каштоўная багаццем ілюстрацый, іх вобразнасцю, што развівае ўяўленне дзіцяці. У рэшце рэшт, кожнае пакаленне чытае класіку па-свойму, а кожнае пакаленне ілюстратараў яе па-свойму малюе. Вы самі можаце ў гэтым пераканацца, звярнуўшыся да нашай серыі “Замежная класіка — дзецям”.
У многіх краінах дзеці не вучацца па электронных падручніках, адмаўляюцца ад гэтага, таму што высветлілася, што якасць ведаў пры рабоце з папяровым тэкстам больш высокая. Безумоўна, электронная кніга, даступная з любога гаджэта, вельмі зручная, але папяровая кніга ў добрым паліграфічным выкананні — сапраўдны твор мастацтва.
Мне здаецца, што выдавецтвы, якія выпускаюць кнігі для дзяцей і падлеткаў, займаюць вельмі ўдалую нішу. Калі кніга для дарослых у большасці выпадкаў проста тэкст, то дзіцячая кніга — гэта спалучэнне тэксту і мастацкага афармлення. Дзіцячая кніга не толькі адукоўвае і інфармуе, але і фарміруе эстэтычны густ дзіцяці, задзейнічае тактыльныя адчуванні, развівае творчасць і фантазію. Думаю, што папяровай дзіцячай і вучэбнай кнізе знікненне пакуль дакладна не пагражае.
— Вікторыя Віктараўна, а пра што марыць дырэктар выдавецтва?
— Выдавецтва “Народная асвета” ўжо адбылося як вучэбны брэнд. І вельмі хочацца, каб нашы дзеці пачалі называць падручнікі сваімі любімымі кнігамі!
Што тычыцца вучэбных дапаможнікаў шрыфтам па сістэме Брайля, то хацелася б ас воіць выпуск падручнікаў з каляровымі ілюстрацыямі і вучэбнай літаратуры для прафесійна-тэхнічных і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама пачаць рыхтаваць упакоўкі і інструкцыі да лекавых прэпаратаў, як гэта робіцца ва ўсіх развітых краінах.
Мая ж мара — гэта вялікі дзіцячы брэнд! Дзіцячыя і падлеткавыя кнігі з інтэрактывам, новымі тэмамі, маладымі таленавітымі аўтарамі. Ім я пажадала б быць у трэндзе: ведаць, чым цікавяцца сучасныя дзеці і падлеткі, знаёміцца з выданнямі для юнай аўдыторыі іншых краін, а таксама ніколі не забываць пра сапраўдныя каштоўнасці. Нашы дзеці вырастуць, набудуць розныя прафесіі, але няхай дзякуючы добрым кніжкам, яны стануць у першую чаргу грамадзянамі сваёй краіны.
— Вялікі дзякуй за размову! Няхай усе вашы мары і жаданні здзейсняцца!
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.