Цэнтр сучасных методык дашкольнай адукацыі адкрыўся ў БДПУ

- 11:15Вышэйшая школа

1 чэрвеня на факультэце дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты Цэнтр сучасных методык дашкольнай адукацыі. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай, намеснік прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Габрыэла Івона Акімава і рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.

Цэнтр створаны ў рамках рэалізацыі праекта замежнай бязвыплатнай дапамогі “Арганізацыя падтрымкі бацькоў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту на базе Цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі” ў адпаведнасці з планам супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Функцыянаванне цэнтра дасць магчымасць канцэнтраваць дэфіцытныя і дарагія рэсурсы і забяспечваць доступ да іх (у тым ліку з выкарыстаннем ІКТ) дзяцей, педагогаў і бацькоў.

“У Міжнародны дзень абароны дзяцей мы адкрываем Цэнтр сучасных методык дашкольнай адукацыі. Нагадаем, што ў 2017 годзе ва ўніверсітэце па ініцыятыве Міністэрства адукацыі пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) быў адкрыты Рэспубліканскі цэнтр інклюзіўнай адукацыі, які сёння з’яўляецца інавацыйнай, навуковай, метадычнай пляцоўкай не толькі Беларусі, але і краін СНД, — адзначыў рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук. — Абсталяванне цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі дазволіць рыхтаваць педагогаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі на якасна іншым узроўні, што створыць умовы для творчага развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту — будучых грамадзян нашай краіны. Акрамя таго, будзем вырашаць задачу павышэння кваліфікацыі працуючых выхавальнікаў дашкольных устаноў і, што немалаважна, на базе цэнтра пачнём займацца педагагічнай асветай бацькоў, праводзіць навуковыя і навукова-практычныя семінары і канферэнцыі”.

“Міністэрства адукацыі з’яўляецца ініцыятарам развіцця і ўдасканалення педагагічных методык, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай. — З гэтай мэтай у БДПУ і была створана ўнікальная мультыдысцыплінарная пляцоўка, дзе студэнты на сучасным абсталяванні змогуць апрабоўваць і ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства. Бацькі пазнаёмяцца з новымі падыходамі ў адукацыі дзяцей, атрымаюць кансультацыі спецыялістаў. Айчынныя вытворцы ацэняць свае магчымасці па выпуску аналагічнага гульнявога абсталявання для дзяцей”.  

Намеснік прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Габрыэла Івона Акімава звярнула ўвагу на важнасць закладкі трывалага падмурка для ўсебаковага развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту пры падтрымцы бацькоў і спецыялістаў, у тым ліку ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Гэта створыць вялікі патэнцыял для шчаслівай будучыні дзяцей.

Экскурсію для гасцей цэнтра правяла дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ Вольга Мікалаеўна Анцыпіровіч. Тут акумулявана больш за 180 найменняў сучасных сродкаў навучання і гульнявога абсталявання, прызначанага для развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Сярод іх — матэрыялы адукацыйных модуляў STEAM-адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту. Дыдактычная сістэма Ф.Фробеля знаёміць дзяцей са з’явамі матэматычнай рэальнасці з дапамогай дзеянняў з разнастайнымі геаметрычнымі целамі і канструявання ў розных ракурсах і праекцыях.

Модуль “LEGO-канструяванне” развівае пазнавальную, эмацыянальную і эстэтычную сферы дзіцяці, фарміруе навыкі сумеснай творчасці, супрацоўніцтва. Модуль “Матэматычнае развіццё” рэалізуецца праз знаёмства з геаметрычнымі формамі, целамі па напрамках: велічыня, форма, прастора, час, колькасць, лік і лічбы, эталоны вагі. Тут ёсць матэрыялы для развіцця лагічнага мыслення. Рознымі відамі робатаў і наборамі LEGO WeDo 2.0 прадстаўлены адукацыйны модуль “Робататэхніка”, які знаёміць дзяцей з паняццем алгарытму, дазваляе атрымаць першапачатковы вопыт праграмавання.

У мультстудыі “Я ствараю свет” выхаванцы пад кіраўніцтвам педагога могуць ствараць аўтарскія мультфільмы, што спрыяе тэхнічнаму і творчаму развіццю дзяцей. Для гэтага ёсць неабходнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне. А знаёмства з лічбавымі тэхналогіямі дазваляе вырашаць задачы развіцця дзяцей на аснове міждысцыплінарнага і прыкладнога падыходаў. Такім чынам ствараюцца магчымасці для выкарыстання ў рабоце з дзецьмі як вучэбных праграм, так і забаўляльных матэрыялаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца сенсорнаму развіццю дзяцей ранняга ўзросту (уключаючы матэрыялы методыкі М.Мантэсоры і вырабленыя на яе аснове дапаможнікі), а таксама фізічнаму развіццю (фізкультурна-спартыўнае абсталяванне, балансіры, нейратрэнажоры).

Важнае значэнне для развіцця канструктарскіх уменняў і ўяўлення дзяцей маюць традыцыйныя канструктары. Розныя іх віды таксама прадстаўлены ў цэнтры. У творчай майстэрні змешчаны багаты матэрыял для эстэтычнага і творчага развіцця дзяцей (з магчымасцямі для пескаграфіі і малявання на вадзе ў тэхніцы эбру), розныя віды тэатра (пальчыкавы, пальчаткавы, ценявы, магнітны) і тэатральных лялек, музычныя гульні і цацкі, дзіцячыя музычныя інструменты розных народаў свету, касцюмы для тэатральнай дзейнасці, міні-сцэна, сінтэзатар, гукаўзмацняльная апаратура і апаратура для запісу відэа. 

Матэрыялы Цэнтра сучасных методык будуць выкарыстаны пры падрыхтоўцы студэнтаў па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, пры правядзенні навучальных курсаў для педагогаў дашкольнай адукацыі, выхаванцаў і бацькоў як у рэжыме афлайн, так і з выкарыстаннем магчымасцей сайта цэнтра. Сайт інтэгруе разнастайныя інфармацыйна-камунікацыйныя рэсурсы цэнтра і магчымасці для работы сеткавай супольнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі Беларусі і замежных краін.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Сяргея Лейбука.