Да нацыянальнай культуры — разам з бацькамі

- 11:40Навіны рэгіёнаў

Дашкольнае дзяцінства — спрыяльны перыяд для далучэння дзяцей да нацыянальнай культуры, традыцый, гісторыі роднага краю. Таму кожны год у нашай дашкольнай установе праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне патрыятызму ў маленькіх грамадзян, фарміраванне павагі да роднай мовы, сваёй краіны.

Нядаўна ў старшай групе прайшло мерапрыемства  “Вандруем па родным краі”. У госці да хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшоў Дзед Усёвед. Ён шмат падарожнічае і шмат што ведае, вось і вырашыў праверыць, ці ведаюць нашы выхаванцы, у якой краіне яны жывуць і кім з’яўляюцца. Ён запрасіў усiх павандраваць разам з ім па родным краі.

Дзед Усёвед прыйшоў не з пустымі рукамі, а прынёс з сабой торбачку, у якой было многа цікавага: маленькая птушачка — бусел, лыжкі, ільняны ручнік. Усе гэтыя рэчы сімвалізуюць Беларусь. Выхаванцы, у сваю чаргу, з задавальненнем весялілі Дзеда Усёведа беларускімі песнямі, народнымі танцамі і ігрой на музычных інструментах — лыжках і бубнах, якія дапамаглі змайстраваць бацькі. Яшчэ дзеці дэкламавалі свае любімыя вершы, расказвалі казкі, якія склалі разам з бацькамі, спаборнічалі паміж сабой у веданні герояў любімых казак на роднай мове. Каб яшчэ больш узняць сабе настрой, хлопчыкі запрасілі дзяўчынак на прыпеўкі. З гліняным гарлачыкам, які знайшоўся ў кошыку Дзеда Усёведа, дзеці згулялі ў беларускую гульню “Гарлачык”. А яшчэ Дзед Усёвед падарыў дзецям цікавую дыдактычную гульню “Сем цудаў горада Шклова”. Гэтая гульня пазнаёміла дзяцей з цудамі роднага горада, а таксама з народнай творчасцю беларусаў, удакладніла і замацавала ўяўленні выхаванцаў аб ёй.

Усе выхаванцы і выхавальнікі нашай установы вельмі адказна падышлі да правядзення свята, таму яно атрымалася цікавым і запамінальным, яркім і вясёлым, насычаным і вельмі займальным. Колькi радасцi прынесла яно дзецям! Засталіся ўспаміны — добрыя, пяшчотныя, душэўныя. Такія святы дапамагаюць фармiраваць у малых здольнасць бачыць i разумець прыгожае, любiць сваю спадчыну, ведаць звычаi i абрады, расцi сапраўднымі грама­дзянамі сваёй краіны.

Адметна, што падобныя мерапрыемствы праходзяць у нашым садку штогод. Кожны раз мяняецца назва, але сутнасць застаецца нязменнай: далучаць дзятву да беларускай культуры, звычаяў і абрадаў, даваць ім уяўленні пра традыцыйныя гульні, раскрываць хлопчыкам і дзяўчынкам багатую скарбніцу вуснай народнай творчасці іх продкаў. Шклоўскія дашкаляты з вялікім захапленнем удзельнічаюць у гэтых святах, рыхтуюцца да іх разам з бацькамі.

Педагогі нашай установы разам з бацькамі выхаванцаў таксама прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Беларуская лялька”, які прайшоў у нашым садку. Арганізацыі конкурсу папярэднічала доўгая работа: выхавальнікі збіралі фатаграфіі і звесткі пра беларускую ляльку: прызначэнне, спосабы вырабу. Лялькі, зробленыя сваімі рукамі, атрымаліся вельмі душэўнымі, дзеці ставяцца да іх як да нечага дарагога і важнага, нават далі ім імёны: Паўлінка, Яніна, Алеся, Ганначка. Задума ўвасоблена, і цяпер дзяўчынкі ў гульнях замяняюць аднатыпных Барбі на пышных, мяккіх, непадобных адна на адну лялек, што захоўваюць энергетыку рук іх матуль. Гэтыя лялькі таксама выкарыстоўваюцца на занятках у якасці нагляднага матэрыялу, які дэманструе адзенне нашых продкаў. Зараз у садку створаны міні-музей, дзе “жывуць” беларускія прыгажуні.

Мы пачынаем гаварыць на роднай мове, калі пачынаем слухаць беларускія казкі, а казкі вельмі падабаюцца нашым выхаванцам. Вядучую ролю ў навучанні дзяцей беларускай мове адыгрывае знаёмства з беларускім фальклорам. З гэтай мэтай сумеснымі намаганнямі педагогаў і бацькоў у нашай дашкольнай установе быў створаны лялечны пальчыкавы тэатр. Для гэтага выкарыстоўваліся старыя пальчаткі, рукавіцы, другасны матэрыял, а таксама пластыкавыя бутэлькі, лыжкі, талеркі. Каб арганізаваць пальчыкавы тэатр, спатрэбілася шырма невялікага памеру. На дапамогу зноў прыйшлі баць­кі: яны вырабілі яе сваімі рукамі і ўпрыгожылі дэкарацыямі. Цяпер дзеці з задавальненнем інсцэніруюць беларускія казкі. Ім вельмі падабаецца пераўвасабляцца ў казачных герояў. Пры дапамозе фігурак пальчыкавага тэатра перад малышамі адкрываецца дзіўны свет казкі, якую яны могуць па сваім жаданні ствараць і перарабляць. Тут у дзіцяці поўная свабода выбару: яно можа стаць проста гледачом або акцёрам, рэжысёрам і аўтарам сцэнарыя. Займаючыся з дзецьмі тэатрам, мы далучаем іх да вывучэння роднай мовы, робім іх жыццё ў садку цікавым і змястоўным, напаўняем яго яркімі ўражаннямі і радасцю творчасці.

На працягу ўсяго навучальнага года ў нашым дзіцячым садку афармляюцца тэматычныя выставы малюнкаў “Мой любімы горад Шклоў!”, “Шклоўшчына — душы маёй часцінка”, “Незвычайныя мясціны маёй радзімы”. Маленькія мастакі разам з бацькамі адлюстроўваюць гiстарычныя славутасцi горада, прыроду роднага краю, пазнаюць таямнiцы беларускай культуры.

Работа, якая праводзiцца з дзецьмi дашкольнага ўзросту, накiравана на фарміраванне ў маленькiх выхаванцаў устойлівай цікавасці да культуры роднай краiны, гордасці за яе, патрыятызму. Праз сумесную работу з бацькамі мы паказваем дзецям прыгажосць Беларусі, знаёмім з талентам беларускага народа, вучым дзяцей любіць свой горад, сваю спадчыну і ганарыцца тым, што яны жывуць у такой цудоўнай краіне.

Валянціна ГАПЕЕВА,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 4 Шклова.