Стылёвае слова БДУ

- 10:00Вышэйшая школа

Днямі ў Нацыянальнай школе прыгажосці адбылася абарона дыпломных праектаў студэнтаў факультэта сацыякультурных камунікацый Белдзяржуніверсітэта. Маладыя людзі распрацавалі 14 калекцый адзення для дзяцей і дарослых.

Аўтарамі работ сталі студэнты спецыяльнасці “Дызайн”. Юнакі і дзяўчаты атрымаюць кваліфікацыю “дызайнер” і стануць першым у гісторыі ўніверсітэта выпускам па прафілізацыі “Дызайн моды і аксесуараў”. Выпускаючай для будучых спецыялістаў з’яўляецца адно з самых маладых падраздзяленняў факультэта — кафедра дызайну моды (была заснавана ў 2017 годзе). Студэнты і выкладчыкі кафедры — частыя ўдзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў, ініцыятары аўтарскіх выстаў і паказаў. Гэтаму спрыяе супрацоўніцтва з ключавымі беларускімі і замежнымі дызайнерамі, вядучымі арганізацыямі галіны (Нацыянальнай школай прыгажосці, пры падтрымцы якой адбыўся паказ, Беларускім цэнтрам моды і інш.).

Кіраўнікамі праектаў выступілі старэйшыя калегі студэн­таў — вопытныя мастакі і дызайнеры кафедры дызайну і моды — загадчык кафедры Алена Атраховіч, дацэнт Надзея Прышчэп, выкладчыкі Марына Фаміна, Настасся Тарасава, Таццяна Астапчык і Марына Кавалькова.

Студэнты падчас навучання набывалі неабходныя прафесійныя навыкі ў розных напрамках сучаснай моднай інду­стрыі: фэшн-фатографа, дызайнера аксесуараў, мадэлье­ра, сэт-дызайнера, імідж-стыліста і інш. Гэтыя ўменні спатрэбіліся пры падрыхтоўцы праектаў у поўнай ступені. Маладыя людзі прадставілі камплекты паўсядзённага і дзелавога адзення, касцюмы для падлеткаў, дзіцячыя камплекты. Некаторыя з іх прапанавалі ўласнае бачанне беларускага народнага касцюма ў сучасных рэаліях.

Маладыя людзі яшчэ толькі робяць першыя заўважныя крокі ў будучай прафесіі. І, магчыма, выпускны паказ стаў для некага з іх стартам, каб сказаць сваё слова ў гісторыі беларускай моды.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадстаўлена прэс-службай БДУ.