Па добрай традыцыі ў пачатку новага года больш за 300 педагогаў з розных куткоў нашай краіны сабраў Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства, арганізаваны па ініцыятыве Акадэміі паслядыпломнай адукацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства”.
Як адзначылі арганізатары мерапрыемства, фестываль праводзіўся пяты раз і стаў пэўным пунктам адліку — гэта падвядзенне вынікаў таго, што зроблена, і вызначэнне шляхоў развіцця метадычнай работы на будучыню. Фармат фестывалю першапачаткова выключаў спаборніцкі аспект і вызначэнне пераможцаў. Мерапрыемства задумвалася як дыялог розных пакаленняў, абмен меркаваннямі і педагагічным вопытам.
“Мы імкнуліся не паўтарацца, кожнае выступленне педагогаў арыгінальнае, цікавае. Асноўнымі тэмамі, якія ўздымаліся ва ўсіх секцыях, былі “Выхаваўчыя аспекты ўрока”, “Практыка рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў рабоце настаўніка”, — адзначыла начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ірына Віктараўна Багачова. — Сёлетні фестываль меў такую асаблівасць, як незавершанасць: яго закрыццё адбылося непасрэдна ў кожнай секцыі. Яшчэ адна асаблівасць: калі раней арганізатары клапаціліся не толькі пра змест фестывалю, але і пра яго культурную частку, то на гэты раз культурная праграма была даручана ўдзельнікам”. Пленарнае пасяджэнне адкрыў рэктар АПА кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй Пятровіч Манастырны. Ён падкрэсліў неабходнасць узаемасувязі педагагічнай навукі і практыкі ў сістэме сучаснай адукацыі.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася намеснік міністра адукацыі кандыдат педагагічных навук Раіса Станіславаўна Сідарэнка. Яна адзначыла, што сучасная адукацыя падразумявае не толькі інтэлектуальнае і асобаснае развіццё навучэнца, але і прафесійнае, духоўна-маральнае ўдасканаленне настаўніка, педагога-практыка. Раіса Станіславаўна падкрэсліла значнасць выхаваўчага аспекту ў навучанні школьнікаў і ўзрастаючую ролю кампетэнтнаснага падыходу. Яна заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства абмеркаваць праблемы і па выніках калядных сустрэч накіраваць у Міністэрства адукацыі пытанні, прапановы, новыя ідэі, якія будуць цікавымі ўсёй краіне.
“У адукацыі абсалютна ўсё — чым мы ганарымся, што для нас важна, што важна для нашых дзяцей і бацькоў — створана вамі, дарагія калегі, нестандартнымі, творчымі, крэатыўнымі людзьмі, для якіх слоў “не” ці “немагчыма” няма, бо любую немагчымасць вы робіце рэальнасцю дзякуючы вашаму педагагічнаму майстэрству”, — падкрэсліла намеснік міністра адукацыі.
Старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі ІПКіПК МДЛУ, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска, старшыня асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне” Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна падзялілася з прысутнымі сваімі разважаннямі наконт пошуку сэнсу педагагічнага быцця, прадставіла шлях станаўлення маладога настаўніка да настаўніка-майстра.
Шлях настаўніка — шлях да пазнання, шлях, падчас якога педагог вучыць і вучыцца сам. Гэты шлях у кожнага педагога свой: хтосьці знаходзіцца ў яго пачатку, хтосьці прайшоў 2/3, а хтосьці ўжо каля фінішнай стужкі. У школу часцей за ўсё трапляюць тыя, хто вырас у настаўніцкім асяроддзі. Для многіх настаўнікаў узорамі сталі героі вядомых фільмаў — “Дажывём да панядзелка”, “Вялікі перапынак” і інш. На думку І.У.Зубрылінай, гэтыя фільмы не толькі павінны ўваходзіць у залаты фонд кіно, але і ў праграму многіх педагагічных УВА побач з вывучэннем работ класічнай педагогікі. А яшчэ ў кожнага з настаўнікаў у жыцці была свая школа, якая сапраўды дала шмат патрэбнага і карыснага. Педагогі часта ўзгадваюць людзей, якія дапамаглі добрым словам, парадай. Любові да прадмета, да прафесіі яны вучыліся і ў выкладчыкаў ва ўніверсітэце.
Па словах І.У.Зубрылінай, звычайна маладыя педагогі ў першы год работы ў школе імкнуцца капіраваць сваіх настаўнікаў. У другі год малады спецыяліст пачынае разумець паняцце слова “цыклаграма”. І хаця ўсё паўтараецца, прыходзіць усведамленне, што заставацца ранейшым нельга, нельга паўтарацца ў эмоцыях, дзеяннях, думках, неабходна адказваць на дзіцячыя і недзіцячыя пытанні. І педагог пачынае вучыцца ў калег, ён разумее, што адзін у школьным полі не воін. І калі супрацоўніцтва (з адміністрацыяй, з калегамі) адбудзецца, то ні адзін з маладых педагогаў са школы ўжо не сыдзе. Трэці вучэбны год. Педагог разумее, што маладосць — той недахоп, які хутка праходзіць, у прафесіі трэба браць нечым іншым. Крыніцай прафесійнага станаўлення становяцца ўжо не толькі педагогі-настаўнікі, але і сам настаўнік і яго навучэнцы (ён спрабуе мяняць структуру ўрока, перапісвае свае самыя лепшыя канспекты, імкнецца эксперыментаваць). Менавіта на такіх уроках адточваецца майстэрства настаўніка.
Працэс прафесійнага развіцця педагога бясконцы. Год за годам перагортваюцца старонкі настаўніцкага жыцця. Педагог на сваім шляху сустракаецца з цэлым шэрагам перашкод: стэрэатыпы, стомленасць, нежаданне развівацца, адмаўленне ад усяго новага. Як вынік — выгаранне. “Ідучы па розных маршрутах, сутыкаючыся з рознымі людзьмі, я зразумела: каб быць паспяховай у гульні пад назвай “Школа”, творчасць ва ўсёй сваёй разнастайнасці павінна быць не дадатковым элементам вучэбнага працэсу, а яго асновай, настаўніку не трэба баяцца прыўносіць у прафесійнае жыццё свае інтарэсы. Тады педагог навучыцца пераадольваць перашкоды як унутры, так і вакол сябе”, — адзначыла І.У.Зубрыліна.
Вельмі часта развіццё педагога залежыць не толькі ад таго імпульсу, які яму дадзены прыродай, выхаваннем, адукацыяй, але і ад таго асяроддзя, у якім ён знаходзіцца, і ад той метадычнай падтрымкі, якую ён атрымлівае. Шляхі ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка паказала ў сваім выступленні Ірына Віктараўна Багачова. У развіцці настаўніка можна вылучыць тры станы: прагрэс — удасканаленне, развіццё, рух наперад нават у межах сваёй настаўніцкай работы; кольца на месцы — падтрыманне сябе на пэўным узроўні; рэгрэс — дэградацыя, спыненне ў развіцці.
“Мы разумеем, што імідж настаўніка ствараем мы самі, педагогі. І ад таго, які ўзровень нашых настаўнікаў, залежаць і адносіны да нас, і тое, як будуць навучаны дзеці, — адзначыла Ірына Віктараўна. — Тыя, хто развіваецца, хто працуе над сабой, могуць сапраўды рэалізаваць сябе. Па-першае, праз самаадукацыю і ўдзел у разнастайных праектах, па-другое, праз павышэнне кваліфікацыі і метадычныя мерапрыемствы, па-трэцяе, праз зносіны і ўдзел у сеткавым узаемадзеянні. Для тых, хто знаходзіцца ў кольцы, таксама ствараюцца ўмовы для прафесійнага развіцця. Для тых, хто крыху падае ўніз, існуе стымулюючая сіла атэстацыі. Сістэма метадычнай работы ў нашай краіне накіравана на тое, каб педагогі без стрэсаў і ўзрушэнняў маглі прафесійна развівацца”.
Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка спынілася на пытаннях распаўсюджвання эфектыўнага вопыту настаўнікаў-практыкаў. На яе думку, найбольш прадукцыйным і грунтоўным з’яўляецца абагульненне вопыту на метадычным узроўні. І тут на першы план выходзіць дзейнасць сістэмы дадатковай адукацыі педагагічных кадраў.
Сярод эфектыўных форм распаўсюджвання педагагічнай практыкі — семінары, канферэнцыі, круглыя сталы, майстар-класы. Лепшыя настаўнікі ўваходзяць у склад творчых груп, з’яўляюцца экспертамі праграм і вучэбна-метадычных комплексаў, праводзяць адкрытыя ўрокі, аўтарскія курсы, выступаюць у якасці лектараў на курсах павышэння кваліфікацыі. Творчыя педагогі чуйна рэагуюць на змяненні часу і на яго патрабаванні, знаходзяць эфектыўныя шляхі мадэрнізацыі адукацыйнага працэсу. У поўнай меры гэта пацвярджаюць пераход да профільнага навучання, рэалізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі. На сайтах рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, акадэміі з’яўляецца вопыт педагогаў рэспублікі ў азначаным напрамку.
Сучаснай формай прадстаўлення вопыту з’яўляюцца конкурсы. І хаця зараз іх існуе вялікая колькасць, аднак эфектыўнасць такіх конкурсаў, як “Адкрыты ўрок”, завочныя конкурсы метадычных распрацовак, “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, бясспрэчная. Галоўным вынікам апошняга конкурсу з’яўляецца стварэнне клуба “Крыштальны журавель”. Яго члены ажыццяўляюць метадычныя выезды ў рэгіёны, самыя аддаленыя куточкі нашай радзімы. Прыезд “жураўлёў” — гэта заўсёды падзея, а іх майстар-класы становяцца сапраўдным адкрыццём для настаўнікаў.
Эфектыўнасць асабістага прадстаўлення вопыту педагогаў бясспрэчная. У той жа час можна гаварыць і аб практыцы публікацый, напрыклад, кніг з вопытам работы настаўнікаў-метадыстаў. Выяўленню лепшага вопыту садзейнічае і правядзенне кваліфікацыйнага экзамену. З выкарыстаннем магчымасцей інфармацыйных тэхналогій вядзецца работа па стварэнні інфармацыйна-педагагічных модуляў. Узнікае таксама неабходнасць стварэння мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў. У межах работы Беларускага педагагічнага таварыства і асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне” ўзніклі блогі ўсіх творчых груп настаўнікаў-прадметнікаў. Як мяркуе Галіна Іванаўна, магчымасць сеткавага ўзаемадзеяння ўзнімае работу вопытных педагогаў на зусім новы ўзровень — дазваляе забяспечыць своеасаблівы палілог, узаемнае ўзбагачэнне прафесійных уяўленняў і дасягненняў педагогаў.
Як ужо адзначалася, найвышэйшай формай эфектыўнасці вопыту прызнаецца вопыт інавацыйны. У цяперашні час створана дастаткова дзейсная сістэма інавацыйнай дзейнасці педагогаў. Асаблівае месца ў ёй займае новы праект па ўкараненні мадэлі рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў. Магчымасці сеткі такіх цэнтраў дазволяць распаўсюдзіць лепшы інавацыйны вопыт у маштабах рэспублікі.
* * *
У межах праграмы фестывалю працавала 12 прадметных секцый, праведзена 72 майстар-класы, вядучымі якіх былі 87 лепшых педагогаў рэспублікі — члены клуба “Крыштальны журавель”, асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, члены творчых рэспубліканскіх груп, якія працуюць пры АПА. Новымі формамі правядзення пасяджэнняў секцый былі “Урокі для дарослых”, “Урокі на экспарт” (напрыклад, для біёлагаў быў прадстаўлены ўрок фізікі). Члены клуба “Крыштальны журавель” правялі калядны капуснік, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх прадметных секцый.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.