Праца ў радасць

- 12:50Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Нягледзячы на тое, што большасць навучэнцаў адправілася на канікулы, ва ўстановах прафесійнай адукацыі не пануюць цішыня і спакой. Напрыклад, у Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі кіпіць работа. Некаторыя навучэнцы змянілі інтэлектуальную працу на фізічную і засталіся ў ліцэі, каб папрацаваць. Ужо 10 гадоў тут дзейнічаюць брыгады другаснай занятасці.

Другасная занятасць навучэнцаў у вольны час арганізоўваецца ў Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі з 2011 года. Для гэтага ўстанова цесна супрацоўнічае з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Слуцкага райвыканкама.

Папярэдне навучэнцаў праінфармавалі аб магчымасці папрацаваць летам. Агітаваць і ўгаворваць нікога не даводзіцца — ад старэйшых таварышаў навучэнцы ведаюць, што гэта добрая магчымасць, якую нельга прапускаць. Калі заявы сабраны, фарміруюцца працоўныя брыгады. Кожны ­ўдзельнік брыгады афіцыйна прымаецца на работу, праходзіць медыцынскую камісію, інструктаж па ахове працы.

У склад брыгад другаснай занятасці ўваходзяць навучэнцы 1—3 курсаў. Як правіла, усяго за лета паспяваюць папрацаваць каля 100 навучэнцаў. У гэтым годзе плануецца, што ўдзельнікамі брыгад стануць 110 юнакоў і дзяўчат. Кожная брыгада працуе 10 дзён, пасля чаго работнікі атрымліваюць грошы. Некаторыя выказваюць жаданне і адпрацоўваюць не адну рабочую дзесяцідзёнку.

За кожнай брыгадай замацоўваецца майстар вытворчага навучання, усе работы выконваюцца пад яго наглядам. У залежнасці ад узросту навучэнцы працу­юць на працягу дзвюх з паловай, трох з паловай або чатырох з паловай гадзін. Від работы таксама падбіраецца з улікам узросту, паколькі ў склад брыгад уваходзяць як паўналетнія, так і непаўналетнія юнакі і дзяўчаты. Яны мо­гуць займацца рамонтам у інтэрнаце ці вучэбных кабінетах і майстэрнях: клеіць шпалеры, фарба­ваць падлогу, аднаўляць мэблю. Прапануюцца работы па пашыве розных вырабаў, напрыклад, пасцельнай бялізны і ручнікоў для інтэрната. Юныя працаўнікі займаюцца і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ліцэя — пасадкай і доглядам клумб. 

— Кожны год навучэнцы з ахвотай застаюцца ў ліцэі працаваць. Для іх другасная занятасць — гэта выдатная магчымасць правесці вольны час з карысцю, паспрабаваць сябе ў розных відах працоўнай дзейнасці, атрымаць сваю першую заработную плату, — расказвае майстар вытворчага навучання Наталля Рыгораўна Маткіна. — Нам прыемна заўважаць, што працуюць яны адказна і старанна.

У такой дзейнасці многа плюсоў. Работа ідзе на карысць навучэнцам: яны могуць не толькі зарабіць грошы, але і атрымаць першыя працоўныя навыкі, правесці час у дружнай кампаніі. Іх праца мае і сацыяльную значнасць: у ліцэі ў першую чаргу імкнуцца далучаць да летняй занятасці навучэнцаў, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, якія ста­яць на розных відах уліку, асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для такіх навучэнцаў гэта магчымасць сацыялізацыі. Адначасова іх дзейнасць ідзе на карысць установы адукацыі: у ліцэі праводзіцца рамонт і добраўпарадкаванне. Пры гэтым не прыцягваюцца пабочныя працаўнікі, а навучэнцы, усведамляючы, што выконваюць работу для сябе і сваіх сяброў, працуюць сумленна. А паколькі сярод спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў ліцэі, ёсць і будаўнічыя, работы выконваюцца на высокім узроўні. Так што можна разлічваць, што да новага навучальнага года ліцэй значна пахарашэе.

Дар’я РЭВА.