“Прыбужскае” лета для цяжкіх падлеткаў

- 14:13Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

На базе вайсковай часці № 115 зенітнага ракетнага палка Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі, якая дыслацыруецца ля вёскі Малая Курніца Брэсцкага раёна, адкрыўся кругласутачны ваенна-патрыятычны летнік для цяжкіх падлеткаў “Прыбужжа”.

Лагер дзейнічае ўжо на працягу 10 гадоў. У ім аздараўляюцца дзеці, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку і ўліку ў ІСН, і дзеці з нядобранадзейных сем’яў. Па выніках мінулагодняй летняй аздараўленчай кампаніі калектыў вайсковай часці быў узнагароджаны Ганаровай граматай Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.
На працягу чэрвеня ў лагеры дзейнічаюць дзве дзевяцідзённыя профільныя змены. За час знаходжання ў летніку азы армейскай навукі і салдацкага побыту спасцігнуць 60 цяжкіх падлеткаў ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў са школ Брэсцкага раёна.
Нязменны начальнік лагера А.Я.Шумовіч гаворыць, што сумаваць дзецям не даводзіцца. Кожнаму знаходзіцца цікавы і карысны занятак.
— Вельмі важна, што падчас знаходжання ў летніку ў юнакоў ёсць з каго браць прыклад, — адзначае А.Я.Шумовіч. — Падлеткі штодзень кантактуюць не толькі з салдатамі тэрміновай службы, але і з афіцэрамі, вучацца ў іх дысцыплінаванасці, адказнасці і мужнасці. Адметна, што некаторыя школьнікі прыязджаюць у лагер штогод.
Падлеткі жывуць у казармах ці палатках. За 9 дзён праходзяць міні-курс маладога байца. Распарадак дня нічым не адрозніваецца ад армейскага (пад’ём а 7-й гадзіне), але ёсць і экскурсіі, і спартыўныя мерапрыемствы. Лагер цесна ўзаемадзейнічае з супрацоўнікамі МНС, якія з’яўляюцца яго частымі гасцямі.
— Мы размаўляем з юнакамі, як з дарослымі, — гаворыць А.Я.Шумовіч. — Імкнёмся, каб яны былі ўвесь час чымсьці занятыя. Дзеці могуць глядзець тэлевізар, карыстацца спартыўным інвентаром, займацца ў гімнастычным гарадку. Многія з цікавасцю спасцігаюць вайсковы побыт. З задавальненнем дапамагаюць салдатам прыбіраць тэрыторыю часці. Вельмі важна навучыць падлеткаў працаваць у калектыве.
У лагеры падлеткі атрымліваюць першапачатковыя навыкі па некаторых прадметах агульнавайсковай падрыхтоўкі, абароне ад зброі масавага паражэння (вучацца надзяваць процівагаз і агульнавайсковы ахоўны камплект), знаёмяцца з асноўнымі элементамі зенітна-ракетнага комплексу С-300 і інш.
Па словах А.Я.Шумовіча, прафесійнага трэнера, чэмпіёна свету ў рыўку па гіравым спорце, з цяжкімі падлеткамі працаваць нават цікавей, чым з іншымі. Гэтыя падлеткі больш актыўныя і энергічныя. Для супрацоўнікаў летніка яны звычайныя хлапчукі, з якімі трэба займацца, якім неабходна ўдзяляць шмат увагі і якіх варта ўспрымаць як роўных. А яшчэ — паказваць ім добры прыклад. Канечне, чакаць імгненных вынікаў ад работы нельга. Выхаванне — працэс працяглы і патрабуе ад дарослых шмат цярпення. Але з цягам часу, упэўнены А.Я.Шумовіч, работа прыносіць плён. А ўсё таму, што да кожнага падлетка асабісты падыход.
У летні перыяд на тэрыторыі Брэстчыны будуць працаваць больш за 30 палатачных лагераў з кругласутачным знаходжаннем. Акрамя вайсковых часцей, такія летнікі створаны і на базе пагранічных застаў. Актыўную дапамогу ў арганізацыі палатачных і профільных лагераў з дзённым знаходжаннем аказваюць абласныя ўпраўленні ўнутраных спраў і МНС. Як правіла, такія летнікі працуюць па трох напрамках — ваенна-патрыятычным, спартыўна-патрыятычным і абаронна-спартыўным.
Сёлета на Брэстчыне будуць функцыянаваць больш за 800 аздараўленчых лагераў з кругласутачным і дзённым знаходжаннем. У іх плануецца аздаравіць каля 60 тысяч дзяцей (з іх каля 20,5 тысячы — у летніках з кругласутачным знаходжаннем).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алены ГАРМЕЛЬ.