Калі б у крыжаванцы трапілася пытанне, з чаго пачынаецца тэатр, большасць з вас прыгадала б Станіслаўскага з яго неўміручым афарызмам. Але насамрэч тэатр, асабліва калі ён напоўнены дзіцячай энергіяй, пачынаецца з прыцягнення роднасных творчых душ, пераканана наша сённяшняя гераіня. І ці магчыма з гэтым не пагадзіцца, калі ён нават называецца “Прыцяжэнне”.
Гавораць, што рэжысура — гэта адна з тых прафесій, якой вучацца ўсё жыццё. Менавіта так атрымалася ў Таццяны Васільеўны Блоцкай, кіраўніка ўзорнай тэатральнай студыі “Прыцяжэнне” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы.
“Захапленне тэатрам у маім выпадку — заканамернасць. Яшчэ маленькай я любіла прыдумваць эцюды і паказваць іх перад сваімі роднымі. Дома прыходзілася быць “адной за ўсіх” — актрысай адразу ўсіх роляў, а вось у двары была магчымасць рэжысіраваць канцэрты: я прызначала акцёраў сярод сяброў, прыдумвала ім нумары, арганізоўвала парадак выступленняў, нават малявала да сваіх спектакляў дэкарацыі. У школьныя гады пісала сцэнарыі свят, канцэртаў. Такім чынам лёс планамерна вёў мяне на факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў”, — расказвае Таццяна Васільеўна.
Тварыць і ствараць
Гісторыя студыі “Прыцяжэнне” пачалася 15 гадоў назад. Калі малады рэжысёр Таццяна Васільеўна Блоцкая прыйшла ў цэнтр, ёй прапанавалі стварыць лялечны тэатр. Паралельна пачаў сваё існаванне музычна-тэатральны гурток. Але выхаванцы, самы першы набор педагога, якія прыйшлі да яе яшчэ сямі-васьмігодкамі, паступова сталелі, і педагог сканцэнтравалася толькі на тэатральнай студыі.
“Мне хацелася, каб месца, якое аб’яднала нас, стала і для дзяцей, і для мяне другім домам, каб кожны адчуваў прыцяжэнне, жаданне прыходзіць сюды, тварыць і ствараць, — расказвае педагог. — Адзін з рабочых дзён студыі — нядзеля. Спецыяльна выдзеліла яго, каб у выпускнікоў, якія жывуць ці вучацца ў іншых гарадах, была магчымасць наведацца ў студыю, пагаварыць, успомніць пастаноўкі, у якіх яны былі задзейнічаны”.
Дарэчы, у педагога ёсць выпускнікі, якія ўслед за ёй тэатральнае захапленне дзяцінства ператварылі ў справу жыцця. Антаніна Іванова скончыла БДАМ па спецыяльнасці “Акцёр тэатра і кіно”, служыць у Драматычным тэатры Беларускай Арміі. Уладзімір Трафімчук па той жа спецыяльнасці скончыў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Выпускнік БДУКіМ Сяргей Папоў выбраў вакальнае мастацтва, і тэатральныя ўменні ў гэтай справе таксама будуць дарэчы. Сёлета працягнуць творчасць на прафесійным узроўні вырашыла яшчэ трое выпускнікоў студыі: Варвара Свіціч, Мікалай Руціч і Дзяніс Сынкоў.
Усплёск эмоцый
У “Прыцяжэнні” займаюцца дзеці з 7 да 17 гадоў. Педагог выкладае не толькі асновы акцёрскага майстэрства і сцэнічнай мовы, пластыкі і сцэнічнага руху. У студыі дзеці вучацца трымаць кантакт з гледачом, працаваць на сцэне з партнёрам. Тэатральныя заняткі развіваюць памяць, эмацыянальны інтэлект, надаюць упэўненасці ў сваіх магчымасцях, вучаць адаптавацца да новых умоў.
Работа з маленькімі дзецьмі (сямі-васьмігодкамі) самая складаная. Таму што вынік творчай дзейнасці ў тэатральнай студыі нельга ўспрымаць на дотык. Яго можна толькі адчуць. І гэтаму адчуванню папярэднічае шматдзённая праца. Першае, што прапануе навічкам Таццяна Васільеўна, — трэнінгі і практыкаванні. А з самымі малодшымі наведвальнікамі работа поўнасцю пабудавана на гульнявым прынцыпе. “Гульні закладзены ў дзіцячай прыродзе. Праз іх дзеці вельмі хутка адаптуюцца, праяўляюць сябе, становяцца больш разняволенымі, з задавальненнем удзельнічаюць у творчым працэсе”, — расказвае Таццяна Васільеўна. — Галоўная мая педагагічная мэта — не паставіць спектакль, а раскрыць дзіця, каб яму хацелася выдумляць, уяўляць. Назіраю, што самае складанае для сучасных дзяцей — фантазіраваць. Таму з часам пачынаем рабіць з дзецьмі спецыяльныя практыкаванні, ставім камедыйныя эцюды, прыдумваем пантамімы, мініяцюры. Цяжка дабіцца, каб глядач назіраў за развіццём дзеяння з усмешкай і ў прыўзнятым настроі выходзіў з глядзельнай залы. Таму нашы кароткія нумары сканцэнтраваны на тым, каб выклікаць у гледачоў усплёск станоўчых эмоцый”.
Зразумела, у рэпертуары “Прыцяжэння” шмат вялікіх драматычных пастановак: “Заўтра была вайна” паводле аповесці Б.Васільева, “Чайка па імені Джонатан Лівінгстан” паводле аповесці Р.Баха, п’есы К.Драгунскай “Усе хлопцы — дурні, альбо І вось аднойчы”, “Дагары нагамі” і інш.
Навучэнцы разам з педагогам актыўна прымаюць удзел у Днях міласэрнасці. На працягу некалькіх гадоў Таццяна Васільеўна з’яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам навагодніх музычных дабрачынных паказаў. Разам з калегамі, вучнямі студыі і іншых аб’яднанняў па інтарэсах ЦДАДіМ Бярозы педагог стварыла некалькі цудоўных музычных казак.
Не пералічыць і перамог узорнай тэатральнай студыі “Прыцяжэнне” ў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах: на абласным фестывалі дзіцяча-юнацкага тэатральнага мастацтва “Тэатральная прыстань”, рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва “Юныя таленты Беларусі”, рэспубліканскіх аглядах-конкурсах дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!” і “Рытмы планеты”, Міжнародным фестывалі творчасці “Калейдаскоп талентаў” (Рэспубліка Польшча), Міжнародным фестывалі “Мы разам”, Міжнародным конкурсе мастацтваў “Творчасць без межаў”, “Хрустальны васілёк” і інш. Дзякуючы перамозе на Усерасійскім конкурсе дэкламацыі “Дзеці чытаюць вершы”, дзе Антаніна Іванова стала першай сярод амаль 12 тысяч удзельнікаў, рэжысёр студыі “Прыцяжэнне” і выхаванка былі запрошаны ў Дзяржаўную Думу Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі на святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню адзінства народаў Расіі.
Насуперак характару
Кіраўнік студыі прызнаецца, што ёй вельмі падабаецца працаваць з падлеткамі. Маленькія прыходзяць у студыю, таму што ім цікава. Падлеткі ж вяртаюцца сюды, таму што разумеюць, што інакш ужо не могуць. Калі тэатральная дзейнасць становіцца душэўнай патрэбай і дзіця гэта адчувае, пачынаецца работа на зусім іншым, больш высокім узроўні.
“У спектаклях дзеці іграюць герояў, блізкіх ім па ўзросце. У нашай студыі вы не ўбачыце дзяўчыну-падлетка ў вобразе, напрыклад, 30-гадовай маці з двума дзецьмі. Гэта не па-сапраўднаму. Дзіця пражывае ролю так, як яе адчувае, таму і ўзрост героя павінен быць яму зразумелы, — расказвае Таццяна Васільеўна. — З малодшымі выхаванцамі імкнёмся ставіць такія камедыйныя пастаноўкі, у якіх магчыма заняць усіх дзетак. Апошняе, што мы з імі ладзілі, — “Шкодныя парады” па Р.Остэру, дзе кожнае дзіця мела магчымасць паказаць сябе маленькім шкоднікам. Падрастаючы, дзеці выбіраюць больш глыбокія, драматычныя творы. Назіраю за іх выбарам і разумею, што сучасная моладзь, насуперак навязанаму ім стэрэатыпу павярхоўнасці, вельмі глыбока ўсё ўспрымае. Так, нядаўна была пастаўлена п’еса пра бяздомных сабак паводле аповесці К.Сергіенкі “Да пабачэння, яр”. Такія сур’ёзныя, драматычна складаныя пастаноўкі — добрая школа пачуццяў і для акцёраў, і для гледачоў. Падлеткі шмат працавалі над сваімі героямі, стараліся так глыбока іх зразумець і пераўвасобіцца ў іх, што здзіўлялі нават мяне”.
Ролі ў новых п’есах педагог размяркоўвае пад характар акцёраў, інтуітыўна адчуваючы, каму якая бліжэй. Але не абыходзіцца і без эксперыментаў. “Калі ставілі п’есу паводле аповесці Б.Васільева “Заўтра была вайна”, я дазволіла дзецям самім размеркаваць паміж сабой ролі. На той момант мне здавалася, што іх выбар не зусім правільны, недастаткова пападае ў характары, — прыгадвае педагог. — Пачалі рэпеціраваць, і сапраўды пасыпаліся праблемы: роля падабаецца — сыграць не магу. Але я ўпершыню пайшла на прынцып: “Выбралі — іграйце”. Гэта вельмі добра для творчага росту акцёра, калі роля не ўласцівая табе, і рысы героя трэба адшукаць, прачуць. Дзеці доўга пераадольвалі свае бар’еры, вялі ўнутраную барацьбу, і вынік таго варты. Пасля прэм’еры я і сама зразумела, што той дысананс у характарах, які склаўся адразу, падштурхнуў маіх акцёраў да новых вяршынь”.
Кожнаму з акцёраў хочацца, каб яго карпатлівую работу над роллю ацаніў родны, аўтарытэтны для яго чалавек. Таму на прэм’ерныя спектаклі выхаванцы “Прыцяжэння” запрашаюць бацькоў, аднакласнікаў, сяброў. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі пастановак бацькі студыйцаў шмат дапамагаюць з падрыхтоўкай сцэнічных касцюмаў і дэкарацый да спектакляў. Пасля суправаджаюць на конкурсы па краіне і за яе межамі. Адным словам, родныя акцёраў жывуць тым жыццём, якім жыве і студыя.
Калі сцэна лечыць
У тэатральнай справе, калі адзін спектакль рыхтуецца больш за паўгода, а напрыканцы дзіця падводзіць і па нейкіх прычынах пакідае студыю, работа ўсяго калектыву імгненна абясцэньваецца. Юныя акцёры, нягледзячы на ўзрост, вельмі добра адчуваюць гэтую ступень адказнасці і стараюцца не падводзіць “калег па цэху” і свайго кіраўніка. Таццяна Васільеўна прыгадвае некалькі выпадкаў, калі дзеці прыходзілі на адказныя рэпетыцыі ці выступленне, адыгрывалі, а пасля прызнаваліся, што дрэнна сябе адчуваюць. Ёсць у гісторыі студыі і паўкамічныя здарэнні, калі сцэна ў прамым сэнсе вылечвала юных акцёраў.
“Падчас рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”, які праходзіць у рамках тэатральнай змены ў НДЦ “Зубраня”, галоўная гераіня спектакля захварэла і трапіла ў ізалятар. Дзеці, спадзеючыся, што актрыса паправіцца да выступлення, вырашылі загадзя мяне не хваляваць. Я даведалася пра праблему толькі тады, калі прыехала ў летнік перад нашым выступленнем, — расказвае педагог. — З дазволу ўрача прыйшлося забіраць дзяўчынку з ізалятара на час выступлення. Але колькі было здзіўлення ў доктара, калі праз некалькі гадзін яго пацыентка вярнулася бадзёрая, без усялякіх прыкмет хваробы! Пасля медыцынскага агляду спецыяліст, ці то жартуючы, ці то здзіўляючыся, адзначыў, што ўпершыню ўбачыў, каб сцэна так хутка лячыла”.
Творчая сям’я
Падчас работы Таццяна Васільеўна аб’ядноўвае ў сабе розныя сцэнічныя прафесіі. У студыі яна і рэжысёр-пастаноўшчык, і гукааператар, дызайнер, дэкаратар і касцюмер, грымёр, часам і відэааператар. Сцэнарыі для ўсіх спектакляў педагог таксама піша сама. Гэтаму ж вучыць і сваіх выхаванцаў: “Акцёр — гэта ўніверсальны чалавек, ён павінен умець усё. Тым больш у акцёра няма інструмента, за які можна схавацца. Яго інструмент — цела і псіхіка”.
Тэатральная аўра студыі зацягвае ўсіх, творчая сям’я “Прыцяжэння” разрастаецца і папаўняецца не толькі творчымі “адзінкамі” , але і дадатковымі “работнікамі сцэны”, як жартуюць выхаванцы студыі. Здараецца, дзеці прыходзяць, спрабуюць сябе, з цягам часу разумеюць, што сцэна “не маё”, але пакінуць студыйную сям’ю ўжо не могуць. “Можна я буду прыходзіць і дапамагаць у нечым?” — просяцца яны. Таццяна Васільеўна рада ўсім: “Я пераканана, што ўсе дзеці таленавітыя. І ў кожнага ёсць нейкія здольнасці і цікавасць, трэба іх толькі адшукаць. Тым больш работа ў тэатральнай студыі не абмяжоўваецца акцёрскай ігрой. Дзяўчаты, якія не жадаюць “свяціцца” на сцэне, прыдумваюць нашым выступоўцам цікавыя прычоскі, падказваюць ідэі для касцюмаў герояў. Хлопцы дапамагаюць з дэкарацыямі, часам здымаюць фота ці відэа выступленняў. Студыя нагадвае вялікую сям’ю, дзе месца знаходзіцца ўсім”.
Вырасці над сабой
Дзяцей, якія вучацца акцёрскаму майстэрству, адразу вылучыш сярод іншых. Дзе б яны ні вучыліся — у школе ці ва ўніверсітэце — яны свабодныя, разняволеныя, лёгка ідуць на кантакт з людзьмі розных узростаў і без праблем падтрымліваюць размову, яны лёгка адаптуюцца да новых умоў.
“Я пераканана, што тэатр — гэта такое мастацтва, якое патрэбна кожнаму дзіцяці. Бывае, прыходзяць дзеці замкнутыя, няўпэўненыя ў сабе, часам маюць нейкія праблемы з маўленнем. Такім школьнікам тэатральныя заняткі паказаны ў першую чаргу, незалежна ад таго, ёсць здольнасці ці няма. Падчас іх хлопчыкі і дзяўчынкі раскрываюцца, іх пакідаюць заціснутасць і комплексы, дзеці на вачах становяцца іншымі”, — гаворыць педагог.
Таццяна Васільеўна прыгадвае выпадак, калі на адзін з конкурсаў, у якіх студыя брала ўдзел, трапіла бабуля маленькай актрысы “Прыцяжэння”. Тут трэба адзначыць, што актрыса гэтая дома была спакойным дзіцем, пра такіх кажуць “непрыкметныя”. На сцэне дзяўчынка мянялася кардынальна: хуткая, жвавая, яркая. Узрушаная такімі зменамі бабуля падышла да педагога і прамовіла: “Такой я не бачыла Дашу яшчэ ніколі!” “Гэта гісторыя пра тое, што ў дзіцяці ёсць усе тыя якасці, якімі была так уражана яе бабуля. Але з-за нейкіх акалічнасцей яны схаваны ўнутры. Патрэбны толькі штуршок звонку, каб даць ім раскрыцца, — тлумачыць педагог. — І калі ў дзіцяці атрымліваецца адкрыць сябе падчас ігры на сцэне, вырасці над сабой, я адчуваю сваю патрэбнасць. І гэта дае жаданне рухацца наперад”.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва студыі.