На працягу 20 гадоў Валянціна Уладзіміраўна Шамшура працуе загадчыцай дзіцячага сада, з іх 11 гадоў узначальвае яслі-сад № 110 Віцебска. Установа ў мінулым годзе адзначана дыпломамі за забеспячэнне якасці адукацыйнага працэсу і лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы і занесена на Дошку гонару горада. Валянціна Уладзіміраўна двойчы атрымала Падзяку Прэзідэнта Беларусі, мае граматы Міністэрства адукацыі і іншыя ўзнагароды. Педагагічную дзейнасць мая суразмоўніца пачала ў 17 гадоў.
“У школе я вучылася на выдатна, мне ўсё было цікава: любіла шыць, нават складаныя рэчы атрымліваліся, напрыклад, блузкі, паліто, валодала цырульніцкімі здольнасцямі, смачна гатавала, — успамінае Валянціна Уладзіміраўна. — Пасля заканчэння 10 класаў паўстала пытанне, што рабіць далей. Мама парэкамендавала працягнуць навучанне ў сярэдняй школе № 28 Віцебска, дзе адкрываўся педагагічны клас. Там былі выдатныя педагогі, асабліва мне запомнілася выкладчыца па педагогіцы і псіхалогіі дашкольнай Лілія Іванаўна Гутковіч. У далейшым яна стала загадчыцай дзіцячага сада № 15 пры Віцебскім тэлевізійным заводзе імя 60-годдзя БССР і прапанавала мне ўладкавацца да яе выхавальніцай. На той момант мне было 17 гадоў. Мне напісалі добрую характарыстыку і выдалі дакумент, які дазваляў працаваць з дзецьмі. Пачала сваю дзейнасць я ў другой малодшай групе, якую праз тры гады выпусціла.
З першых дзён работы з малымі я вельмі ўважліва ставілася да асобы дзіцяці, баялася кагосьці пакрыўдзіць словам ці ўчынкам, нават калі дзіця паводзіла сябе няправільна. Напрыклад, малы ўзяў чужую рэч, схаваў і не аддае. Нельга гаварыць пра гэта пры ўсіх, тым больш залазіць дэманстратыўна ў шафу або кішэню маленькага гарэзы. Тым самым мы зняважым і псіхалагічна траўміруем малыша. Любую сітуацыю трэба вырашаць спакойна. Першы мой выпуск быў вельмі паспяховы, з некаторымі бацькамі выхаванцаў я падтрымліваю сувязь і сёння. Захаваліся і фотаздымкі тых часоў, якія заўсёды прыемна праглядаць, згадваючы мінулыя падзеі, і нават паштоўка, дзе кіраўніцтва завода віншуе мяне з паўналеццем.
У дашкольнай установе пры заводзе я працавала 12 гадоў. За гэты час скончыла факультэт дашкольнай адукацыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Часта запрашала калег да сябе на адкрытыя заняткі, дзялілася вопытам работы па сучасных тэхналогіях і методыках. Наступны этап маёй біяграфіі — работа загадчыцай дзіцячага сада санаторыя “Лётцы”, а затым загадчыцай ясляў-сада № 2 ААТ “Веста”. У 2010 годзе мяне прызначылі кіраваць установай-новабудоўляй — яслямі-садам № 110 Віцебска, які на той момант толькі ўзводзіўся. Праект будынка прыйшлося амаль цалкам памяняць пад патрэбы калектыву. У выніку наш аб’ект у тым годзе быў прызнаны лепшым будаўнічым аб’ектам у Беларусі, а мне ўручылі пасведчанне ганаровага будаўніка і белую каску прараба”.
У яслях-садзе № 110 Віцебска сёння функцыянуе 9 груп для выхаванцаў 2—7 гадоў, спартыўная і трэнажорная залы, музычная зала, басейн, студыя выяўленчага мастацтва, цэнтр інтэрактыўнага навучання, абсталяваны інтэрактыўнай дошкай, сенсорны пакой, шахматна-шашачны цэнтр, кабінет педагога-псіхолага, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. У прасторных холах размешчаны наглядна-інфармацыйныя стэнды, аформлены музеі “Алімпійскі калейдаскоп”, “Беларуская хатка”, дзейнічае “Буккросінг хол”.
“Сёлета ў нас адбыўся фестываль вершаў беларускіх паэтаў, — расказала Валянціна Уладзіміраўна. — Педагогi ў вобразе ветлiвых гаспадароў азнаёмілi дзяцей з бытам сялян Беларусі, далі магчымасць у вершах і гульнях паказаць любоў да роднай зямлі. Выхаванцы старшых груп чыталі вершы на роднай мове, дэманстравалі інсцэніроўку, выконвалі прыпеўкі. У гонар чэмпіёнаў і пераможцаў Алімпійскіх гульняў у Токіа ва ўстанове прайшлі свае Малыя летнія Алімпійскія гульні з удзелам дзяцей.
На базе дзіцячага сада пастаянна ладзяцца семінары-практыкумы, у тым ліку абласнога і рэспубліканскага значэння, пасяджэнні метадаб’яднанняў. Адукацыйны працэс арганізуецца з выкарыстаннем сучасных методык і тэхналогій: ТРВЗ, метаду нагляднага мадэлявання, ІКТ і электронных сродкаў навучання, метаду праектаў, гульнявых тэхналогій і інш. Па запытах бацькоў аказваюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі для дзяцей па 8 кірунках. Напрыклад, з’явілася новая форма работы ў рамках адаптацыйнай пляцоўкі для дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў, якія не з’яўляюцца выхаванцамі нашага сада. Штодня на працягу трох гадзін (з 9.00 да 12.00, без арганізацыі харчавання) дзеці могуць наведваць групы сада ў адпаведнасці са сваім узростам і займацца з нашымі выхаванцамі”.
Педагогі ўстановы напрацавалі багаты матэрыял па выкарыстанні гульнявых дапаможнікаў (блокі Дзьенеша і палачкі Кюізенера) для інтэлектуальнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту ў рамках адпаведнага рэспубліканскага інавацыйнага праекта. Ва ўстанове праходзілі майстар-класы па тэме праекта, павышалі кваліфікацыю слухачы Віцебскага абласнога ІРА. У 2019 годзе ў выдавецтве быў выпушчаны методыка-практычны матэрыял “Развіццёвыя гульні логіка-матэматычнага зместу для дзяцей ад 3 да 6 гадоў”, у якім прадстаўлены аўтарскія развіццёвыя гульні і канспекты заняткаў выхавальнікаў ясляў-сада.
“Рэспубліканскі праект даў старт абласному творчаму праекту “Укараненне праграмы “Інфарматыка без разеткі” ў адукацыйны працэс установы дашкольнай адукацыі” пры падтрымцы ПВТ, да якога мы далучыліся ў 2020 годзе, — адзначыла Валянціна Уладзіміраўна. — Педагогі сада прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Інфарматыка без разеткі”. У намінацыі “Творчая майстэрня” за распрацоўку поліфункцыянальнага аўтарскага гульнявога дапаможніка кубік-трансформер “ЛогіКуб” творчая група педагогаў атрымала дыплом III ступені і каштоўны падарунак (прынтар). Выхавальнік і цьютар праекта Т.Л.Кірсанава прадставіла на конкурс у намінацыі “Фотаімгненне” фатаграфіі, на якіх адлюстраваны выхаванцы падчас правядзення заняткаў па праграме “Інфарматыка без разеткі”. За фота “Дзе ж мая парачка?” Таццяна Леанідаўна атрымала дыплом III ступені і каштоўны падарунак (акустычную калонку). Усе ўдзельнікі праекта — дзеці і педагогі — атрымалі заахвочвальныя прызы ад ПВТ: майкі, нататнікі, наклейкі, ручкі”.
Ва ўстанове рэалізуецца абласны творчы праект “Фарміраванне экалагічнай дасведчанасці выхаванцаў 4—7 гадоў з дапамогай праектнай дзейнасці і нагляднага мадэлявання” (2019—2022 гады). Дзеці далучаюцца да вядзення прысядзібнай гаспадаркі на міні-агародзе “Вясёлы цягнік”, дзе за кожнай групай замацаваны свой вагончык, у якім яны вырошчваюць пэўную культуру. У садзе таксама рэалізавана ідэя сямейнага агарода, на якім шчыруюць выхаванцы разам са сваімі бацькамі.
“Мы прыцягваем увагу дзяцей і насельніцтва мікрараёна Білева да пытанняў экалогіі і навакольнага асяроддзя, а менавіта да культуры паасобнага збору смецця, — расказала Валянціна Уладзіміраўна. — З пачатку 2017 года ва ўстанове рэалізуецца доўгатэрміновы інтэрактыўны адукацыйны праект “Урбікі”. Яго мэта — стварэнне ўмоў для фарміравання ў дзяцей элементарных уяўленняў аб рацыянальным выкарыстаннi прыродных і грашовых рэсурсаў з дапамогай сістэмы арганізацыі дзейнасці ў кірунку паасобнага збору цвёрдых бытавых адходаў. На тэрыторыі ўстановы стаяць тры кантэйнеры для збору адходаў, упрыгожаныя дзіцячымі малюнкамі. Іх напаўняюць як наведвальнікі дзіцячага сада, так і жыхары Білева. Затым адходы вывозяцца ў пункты прыёму. У кожнай групе сада размешчаны міні-кантэйнеры для паасобнага збору адходаў, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні дыдактычных гульняў з выхаванцамі. Акрамя таго, аформлена спецыяльная архітэктурная форма — вавёрка, прызначаная для асобнага збору пластыкавых закрутак. За тры гады агульнымі намаганнямі сабрана 305 кг закрутак, якія былі перададзены ў фонд праекта “Новае жыццё ў абмен на закруткі”.
“Мы пашыраем дыстанцыйныя формы работы з бацькамі і педагогамі з дапамогай розных месенджараў, сацыяльных сетак, — заўважыла кіраўнік. — У 2018 годзе наша ўстанова завяла старонку ў Instagram, дзе на сёння больш за 300 падпісчыкаў, сярод якіх ёсць і нашы выпускнікі. Тут мы выкладваем фота- і відэасправаздачы з мерапрыемстваў, вядзём прамыя трансляцыі з ранішнікаў і заняткаў. Бацькоўскія сходы, пасяджэнні папячыцельскага савета апошнім часам праводзім з выкарыстаннем адкрытых і закрытых груп у Viber, што значна эканоміць час. Актыўна ўзаемадзейнічаем з педагогамі і бацькамі пры дапамозе апытальнікаў па Google-формах. Пры правядзенні такога апытання важна, каб існавала зваротная сувязь з тымі, хто адказвае на пытанні, каб ім сталі вядомы вынікі апытання. Пры падрыхтоўцы педсаветаў, сходаў працоўнага калектыву, савета ўстановы па рабочых пытаннях папярэдне на электронную пошту членаў савета дасылаюцца адпаведныя рабочыя матэрыялы для азнаямлення. Пры сустрэчы педагогі ўжо не трацяць час на вывучэнне дакументаў і аператыўна прымаюць рашэнні”.
Яслі-сад № 110 Віцебска забяспечаны персанальнымі камп’ютарамі для спецыялістаў, ноўтбукамі, мае выхад у інтэрнэт і Wi-Fi. У рабоце з выхаванцамі педагогі выкарыстоўваюць ІКТ: тэлевізары, інтэрактыўную дошку, для якой распрацоўваюць інтэрактыўныя гульні. У абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Электронны вучэбны модуль для дашкольнай і пачатковай адукацыі” за распрацоўку інтэрактыўнай дыдактычнай гульні “Экскурсія па Першамайскім раёне горада Віцебска” выхавальніца А.К.Сапрыка атрымала дыплом ІІІ ступені. Прапанаваная гульня накіравана на рэалізацыю мэт і задач кампанента “Пазнанне соцыуму” адукацыйнай галіны “Дзіця і грамадства” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Гульня распрацоўвалася ў праграме Microsoft Power Point і дазваляе замацаваць у дзяцей 5—6 гадоў уяўленні аб славутасцях роднага горада, раёна, пашырыць уяўленні пра будынкі, якія тут знаходзяцца, і іх прызначэнне.
У сакавіку 2021 года ў абласным конкурсе публікацый “ІДЭЯ” (Інтэлектуальны, дасведчаны, эфектыўны Я-педагог) выхавальнікі ўстановы атрымалі дыпломы. У намінацыі “Лепшая распрацоўка вучэбных заняткаў (урока)” 1-е месца — у Алены Генадзьеўны Мурадавай за канспект заняткаў для дзяцей старшай групы на тэму “Лесу дапамагаем — смецце раздзяляем”, 2-е месца — у Марыны Уладзіміраўны Прастаковай за канспект заняткаў для дзяцей старшай групы на тэму “Падарожжа ў Белавежскую пушчу”. У намінацыі “Лепшы вопыт педагагічнай дзейнасці” 2-е месца — у Алесі Канстанцінаўны Сапрыка за заняткі на тэму “Фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей 5—6 гадоў з дапамогай выкарыстання інтэрактыўных камп’ютарных гульняў у спецыяльна арганізаванай дзейнасці”.
Загадчыца ўстановы Валянціна Уладзіміраўна Шамшура — ініцыятар добрых і цікавых спраў у калектыве. Напрыклад, яе ідэя — стварыць метадычную распрацоўку: серыю кніг “Мая кніга Перамогі”. Творчая група педагогаў выпусціла 7 маляўніча аформленых кніг, што асвятляюць падзеі вайны. Апавяданне ў іх ідзе ад імя 6-гадовага Арсенія, выхаванца ўстановы, які шмат даведаўся ад свайго дзядулі, удзельніка вайны, і расказвае пра гэта сваім аднагодкам. З кнігі “Спорт падчас вайны” дзеці змаглі пераканацца, што ў гады вайны ў нашай краіне праходзілі спаборніцтвы і спартакіяды. Пра тое, як цяжка жылося старым, жанчынам і дзецям, чые сыны, мужы, браты і бацькі адправіліся на фронт, гаворыцца ў кнізе “Быт падчас вайны”. У ваенны час абаранялі нашу Радзіму не толькі дарослыя, але і дзеці. Арсеній расказаў пра іх у кнізе “Піянеры-героі”. Пра людзей, якія вызвалялі Віцебск, выхаванцы даведаліся з кнігі “Героі Віцебска”, “Помнікі героям вайны ў Віцебску”. Таксама выйшлі кнігі “Ваенная тэхніка”, “Віцебск у гады вайны”. Гэтая серыя была прадстаўлена на VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў рамках 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Надзея ЦЕРАХАВА.