Калі здзяйсняюцца мары,

- 11:20Навіны рэгіёнаў

або Як адчуць водар творчасці і ўнікальнасці

Педагог дадатковай адукацыі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі кіраўнік узорнай студыі моды “Гармонія” Алена Чашчэвік — чалавек творчы і запальвае сваёй энергіяй, энтузіязмам, шматлікімі ідэямі выхаванцаў, ганарыцца іх поспехамі. Яна адчувае неймаверную радасць самарэалізацыі ад таго, што дапамагае дзецям рэалізавацца, напрыклад, праз паспяховы ўдзел у конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі JuniorSkills Belarus. У бягучым годзе педагог прызнана лепшай па прафесіі ў Шчучынскім раёне.

Алена Феліксаўна добра памятае, як у 1986 годзе на першым уроку педагогікі ў Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы пісала сачыненне “Чаму я выбрала прафесію настаўніка працы”. Яна расказала, што вучылася шыць у гуртку Шчучын­скага дома піянераў, а ў педвучылішчы хацела ўдасканаліць уменні, каб пасля звязаць сваё жыццё з навучаннем шыццю дзяцей.

Так і атрымалася. Працоўную дзейнасць Алена Чашчэвік пачынала ў групе прадоўжанага дня і вяла гурток “Іголачка”. Пасля была настаўнікам працоўнага навучання, выкладала спецыяльную тэхналогію “Швачка” ў ліцэі, некалькі гадоў працавала на вытворчасці майстрам, кантралёрам, тэхнолагам. Але ўвесь час хацелася большай прасторы для творчасці, больш магчымасцей для самавыяўлення свайго і дзіцячага. І ў 2013 годзе яна прыйшла ў Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, каб разам з выхаванцамі ўдзельнічаць у конкурсах.

— Творчасць тут, як і ўвогуле ў дадатковай адукацыі, на кожным кроку: сам ствараеш вучэбную праграму, сам шукае­ш вучняў для яе рэалізацыі, з іх у­дзелам распрацоўваеш эскізы і мадэлі а­дзення, тэхналогію іх вырабу, — расказвае Алена Феліксаўна. — Трэба сказац­ь, што да майго прыходу ва ўстанову тут ужо даволі працяглы час працавала школа моды “Гармонія”, педагогі і навучэнцы якой мелі поспехі ў конкурсна-выставачнай дзейнасці. Але ж мне там трэба было пачынац­ь са сваіх ідэй, каб набыц­ь адметнасц­ь самой і дапамагчы зрабіць гэта маім дзяўчынкам, якім хацелася падкрэсліць сваю непаўторнасць, разуменне прыгожага. Праўда, спачатку было пачуццё неразумення і нават крыўды ад таго, што ў гурток ішлі звычайна дзеці малодшага ці сярэдняга ўзросту, бо ў маім дзяцінстве якраз старэйшыя падлеткі часцей за ўсё станавіліся гурткоўцамі. Калі зразумела, што сучасныя тынэйджары пераважна вызначыліся з інтарэсамі, адмовілася ад праграмы “Майстрыха”, якая спалучала авалодванне рознымі відамі рукадзелля, і ўсю ўвагу аддала канструяванню, мадэляванню і вырабу адзення. Вядома, спачатку дзяўчынкі асвойваюц­ь простыя швы і спосабы апрацоўкі дэталей, вырабляючы розныя рэчы што­дзённага, падарункавага ці сувенірнага прызначэння. Самая простая ігольніца ці пенал таксама маюць шмат варыянтаў для творчага падыходу і імкнення зрабіць так, “як нідзе і ні ў кога”, не гаворачы ўжо пра сурвэткі ў тэхніцы пэчворк, касметычкі ці экасумкі. Падрасталі мае выхаванкі — і мянялася, удасканальвалася, ускладнялася адукацыйная праграма. Апошні яе варыянт, разлічаны на 3 гады рэалізацыі, стаў асновай для пераходу да праграмы павышанага ўзроўню засваення адукацыйнай галіны і адзначаны ў мінулым годзе дыпломам ІІІ тупені Міністэр­ства адукацыі.

Педагог заўсёды радуецца, калі дзяўчынкі выказваюць сур’ёзныя жаданні, напрыклад, пашыць спадніцу ці шорты, сарафан ці туніку, нават кактэйль­ную сукенку. Перш за ўсё гэта сведчыць аб адэкватным уяўленні навучэнак пра ўзровень засваення тэхналогіі вырабу адзення, а таксама пра ўстойлівую цікавасць да справы. Авалоданне дастаткова шырокім спектрам ведаў па матэрыялазнаўстве, канструяванні, мадэляванні і дэкарыраванні адзення дазваляе дзяўчынкам прымаць актыўны і выніковы ўдзел у такіх конкурсах майстэрства, як “Жывіца”, “Нашчадкі традыцый”, “Прывітанне, свет!”, “Творчасць без меж” і інш.

З 2015 года аб’яднанне стала называцца студыяй моды “Гармонія”, тады ж калектыву прысвоена, а ў 2018 паспяхова пацверджана ганаровае званне ўзорнага. Алене Чашчэвік было даверана стац­ь кіраўніком студыі, у складзе якой зараз чатыры аб’яднанні па інтарэсах, у кожнага з якіх свой кірунак дзейнасці: распрацоўка эскізаў калекцыйнага адзення, канструяванне, мадэляванне і выраб адзення, яго дэкарыраванне, стварэнне харэаграфічных кампазіцый для дэманстрацыі калекцый.

— Мае калегі па студыі — Жанна Паўлаўна Карэцкая, Ганна Аляксандраўна Кузяк, Людміла Анатольеўна Куралёва, Таццяна Дзмітрыеўна Дзякевіч — асобы творчыя, захопленыя пошукам новага, умеюць сваё натхненне перадаць кожнаму з сотні навучэнцаў, — прызнаецца Алена Феліксаўна. — Супрацоўніцтва ў такім вялікім крэатыўным калектыве дазваляе найбольш поўна і эфектыўна выкарыстоўваць умовы дадатковай адукацыі для рознабаковага развіцця ўдзельнікаў студыі — як дзяцей, так і дарослых. Студыйцы працуюць над стварэннем новых калекцый адзення рознага сэнсавага зместу і стылёвага афармлення, спалучаючы традыцыі і сучаснасць. Прадуманая да дробязей падрыхтоўка да ўдзелу ў конкурсах прыносіць добрыя вынікі: толькі за мінулы навучальны год мы атрымалі 9 дыпломаў на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Важны кірунак дзейнасці “Гармоніі” — стварэнне касцюмаў для ўнутраных па­трэб Палаца творчасці. З непасрэдным удзелам студыйцаў рэалізуюцца праекты па распрацоўцы касцюмаў для юных артыстаў з дзвюх вакальных студый, танцавальнага і тэатральнага калектываў, для вялікіх навагодніх паказаў, гульнявых конкурсных праграм. Навучэнцы “Гармоніі”, даведаўшыся аб чарговай перамозе вакалістаў ці танцораў, з гонарам зазначаюць: “Канечне, у нашых касцюмах перамогу лягчэй здабыць!” Непадробнае захапленне выказваюць члены экскурсійных груп пасля прагляду ў музеі палаца тэатралізаванай пастаноўкі аб жыцці і каханні князя Ф.К.Друцкага-Любецкага, калі даведваюцца, што касцюмы па модзе пачатку ХІХ ст. пашыты ў дзіцячай студыі. Прыцягваюць увагу шматлікіх наведвальнікаў палаца і выклікаюць гордасц­ь бацькоў традыцыйныя выставы студыі моды, у якіх абавязкова ствараюцца персанальныя экспазіцыі навучэнцаў. І ні адно гарадское ці раённае свята не абыходзіцца без дэман­страцыі калекцый “Гармоніі”.

— Але найбольшае дасягненне і гор­дасц­ь для мяне — удзел маёй вучаніцы Віярыкі Няяскінай у конкурсе прафесійнага майстэрства JuniorSkills Belarus, — дзеліцца Алена Чашчэвік. — Першы раз мы рашыліся паехаць на прэстыжную конкурсную пляцоўку, калі Віярыцы не было яшчэ і 14 гадоў, але дазвол на ўдзел у конкурсе атрымалі. Старт быў удалы — 4-е месца. Мінулай восенню Віярыка ў складзе каманды Гродзенскай вобласці на JuniorSkills Belarus прымала ўдзел у намінацыі “Дызайн і мадэляванне адзення”. Гэта вельмі складаны і цяжкі конкурс, але адначасова цікавы і інтрыгуючы як для ўдзельніка, так і для яго педагога. Складанасць нават не ў тым, што за пэўны час, арыентуючыся на прапанаваную тканіну, яе колер і мадэль, трэба зрабіць эскіз, выканаць макет сукенкі, а потым яе пашыць і дэкарыраваць. Незвычайныя і ўмовы. Як па­дзялілася ўражаннямі Віярыка: “Уся работа праходзіць на адкрытай пляцоўцы, за тваімі дзеяннямі сочаць не толькі эксперты, але і проста прахожыя ці цэлыя групы экскурсантаў, якія спыняюцца, назіраюць, штосьці ціха абмяркоўваюць. А ты не разумееш: ім падабаецца тое, што ты робіш, ці яны бачац­ь нейкую памылку…”

Гэтым разам і ў педагога таксама было намнога больш цяжкасцей, таму што задача эксперта, ролю якога ёй даверылі, сама па сабе няпростая — правільна, справядліва ацаніць канкурсантаў.

— А калі заўважаеш, што тваёй вучаніцы патрэбна падказка, зрабіць яе немагчыма. Наш вынік усяго на 0,2 бала быў ніжэйшы за вынік навучэнкі прафесійнага каледжа з Віцебскай вобласці, але ж радавала тое, што мы зрабілі чарговы крок наперад, пацверджаны дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі, спецыяльным медалём і каштоўнымі прызамі. Добрым стымулам для ўдзельнікаў студыі таксама стала прысваенне Віярыцы Няяскінай звання лаўрэата абласной прэміі імя А.І.Дубко з унушальным для падлетка матэрыяльным дадаткам, — дадае А.Ф.Чашчэвік.

Калі ў Алены Феліксаўны пытаюцца, як удаецца матываваць навучэнцаў на вызначэнне прыярытэтаў, на карпатлівую працу для здзяй­снення мары, яна адказвае, што ўсё пачынаецца з малога, маючы на ўвазе не толькі ўзрост дзяцей. Пачатковае засваенне базавых і сучасных ведаў, прыёмаў і тэхнік адбываецца на аснове вырабу цацак, адзення для лялек, затым набыты вопыт пераносіцца на падбор тканіны, раскрой і пашыў адзення спачатку па гатовых выкрайках з часопісаў, а з развіццём навыкаў і вопыту — па асабістых эскізах мадэлей адзення для сябе і конкурсна-выставачных калекцый.

— Любы педагог раскажа, як важна ўлічваць узроставыя асаблівасці дзяцей, ведаць і разумець іх памкненні. З сучаснымі падлеткамі няпроста будаваць узаемаадносіны ў школьным навучанні, і тым больш гэта складана ў дадатковай адукацыі, дзе ніхто нікому і нічым не абавязаны, дзе ўзаемаадносіны засноўваюцца на асабістых сімпатыях і агульнай цікавасці. І каб усё супала, даводзіцца шмат працаваць, выкарыстоўваць фармальныя і нефармальныя шляхі павышэння прафесійнай кампетэнцыі, ствараць план самаадукацыі, каб авалодваць новымі педагагічнымі тэхналогіямі, інтэрактыўнымі метадамі навучання. Заўсёды ёсць куды расці і да чаго імкнуцца ў бязмежнай прасторы сучасных адукацыйных магчымасцей, — дзеліцца вопытам педагог.

Алена Феліксаўна прызнаецца, што праз дадатковую адукацыю прайшла яна сама, дачка і зяць, цяпер паспяхова займаюцца ў розных аб’яднаннях па інтарэсах унукі.

— Дзеці растуць і мяняюцца, а мне як педагогу хочацца, каб мае выхаванцы не проста вучыліся шыць, прыгожа апранацца і разбірацца ў модных тэндэнцыях, — дадае А.Ф.Чашчэвік. — Важна, што ўдзельнікі нашай узорнай студыі атрымліваюць задавальненне і радасць ад самарэалізацыі, робяць крокі да прафесійнага выбару, праз удзел у конкурсах і грамадскіх справах праяўляюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Напярэдадні новага навучальнага года і 75-годдзя нашай установы мы з дзяўчынкамі захоплены новымі планамі, ускладняем нашы задачы і абмяркоўваем шляхі іх вырашэння. Вядома ж, упэўнены ў дасягненні новых поспехаў на агульную карысць, бо ва ўсім адчуваем падтрымку вялікага творчага калектыву.

А што поспехі будуць, сумнявацца не прыходзіцца. Калі склаўся такі тандэм апантанага, захопленага сваёй працай і нават ўлюблёнага ў яе педагога і творчай, працалюбівай моладзі, прызнанне павінна прыйсці.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота з архіва А.Ф.Чашчэвік.