Учора на сталічнай плошчы Перамогі ў рамках турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы прайшла грамадзянска-патрыятычная акцыя “Подзвіг народа бессмяротны”. Ва ўрачыстым мерапрыемстве, акрамя юных турыстаў і іх педагогаў, прынялі ўдзел члены Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскага гарвыканкама і Мінскага аблвыканкама, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
Традыцыйны турыстычны злёт навучэнцаў Беларусі і Расіі сёлета праводзіцца ўжо дзявяты раз. За гэтыя гады ён стаў адным з самых яркіх і маштабных маладзёжных мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы. І гэта нядзіўна, бо кожнае лета для незабыўнага, напоўненага толькі станоўчымі турыстычнымі эмоцыямі пражывання ў вялікім палатачным гарадку збіраюцца больш за 600 чалавек. Заўсёды насычаная і цікавая праграма турзлёту садзейнічае выхаванню патрыятызму, фарміраванню ў яго ўдзельнікаў здаровага ладу жыцця, развіццю сяброўскіх сувязей паміж юнымі турыстамі, тых якасцей, якія дазволяць ім у любой прафесіі дабіцца значных вынікаў і тым самым забяспе-чыць росквіт нашых краін, іх незалежнасць.
— Сімвалічна, што сёлетні турзлёт, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 70-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, праходзіць на беларускай зямлі. Вас чакае выдатная магчымасць прадэманстраваць свае ўменні, навыкі і веды, вы пакажаце тое, чаму навучыліся ў мірны час ва ўстановах адукацыі. Спадзяюся, што падчас спаборніцтваў вы прадэманструеце свае лепшыя фізічныя і разумовыя сілы і, самае галоўнае, зможаце адчуць, што значыць мір, што значыць перамога. Упэўнены, што тое сяброўства, якое сфарміруецца падчас турыстычнага злёту, дапаможа вам у далейшым жыцці, — звярнуўся да юных турыстаў міністр адукацыі нашай краіны
Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Пра сімвалічнасць правядзення злёту ў гадавіну вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пра важнасць захавання памяці пра подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне гаварылі ўсе выступоўцы. Так, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Міхаіл Сяргеевіч Орда адзначыў, што ў нашых народаў адзіная слава перамогі над фашызмам, бо мільёны беларусаў і расіян аддалі свае жыцці на алтар агульнай перамогі. Нельга не пагадзіцца і з дырэктарам Дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў сферы выхавання дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Эдуардавічам Страдзэ ў тым, што нашы прадзеды аддалі свае жыцці ў тым ліку і дзеля таго, каб праз 70 гадоў на плошчы Перамогі сабраліся юныя турысты Беларусі і Расіі, каб яны не толькі абмяняліся ўсмешкамі, але і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра герояў, усклалі да знакамітага абеліска кветкі, сказалі словы падзякі ветэранам.
На жаль, час няўмольны, і тыя, каму мы абавязаны сваім сённяшнім мірным небам, імкліва адыходзяць ад нас. Таму асабліва каштоўнымі былі словы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы Валянціны Пятроўны Буйкевіч: “Мы стараемся, каб адваяванае намі мірнае неба было цёплым для вас. Цаніце ўсё гэта, старайцеся помніць, якой цаной дасталася наша перамога”.
Далей юных турыстаў чакала маляўнічая, азёрная Мядзельшчына. Менавіта тут, на беразе возера Мястра, на тэрыторыі гарадскога амфітэатра сёння адбудзецца ўрачыстае адкрыццё турыстычнага злёту. Да 1 ліпеня, калі пройдзе яго закрыццё, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў, навучэнцаў чакае насычаная, цікавая праграма і, канечне, адказныя спаборніцтвы, на якіх у бескампраміснай барацьбе каманды будуць абараняць турыстычны гонар сваіх рэгіёнаў.
Спадзяёмся, што, нягледзячы на не самыя цёплыя летнія дзянькі, надвор’е ўсё ж не азмрочыць той добры настрой, з якім на гасцінную мядзельскую зямлю завіталі педагогі і навучэнцы ад Брэста да Уладзівастока. Больш падрабязна пра жыццё палатачнага гарадка, падзеі турзлёту чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.