Хімічнае таварыства

- 9:20Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Выкарыстанне ІКТ дазваляе вырашаць праблемы сучаснай адукацыі, а менавіта мяняе спосаб навучання, спрыяе фарміраванню вучэбна-пазнавальных, камунікатыўных і інфармацыйных кампетэнцый у навучэнцаў.

Сетка інтэрнэт — гэта тое, што найбольш блізка сучаснаму дзіцяці, і тое, што найбольш запатрабавана ім (у якасці крыніцы інфармацыі ў тым ліку). Не сакрэт, што дзецям цікава мець зносіны ў сетцы, гуляць у анлайн-гульні, у той жа час для адукацыйных мэт камп’ютар выкарыстоўваецца рэдка. Мы можам многа разважаць пра плюсы і мінусы выкарыстання сеткі, але рэаліі такія, што нашы дзеці “ўжо там” і мы павінны абысці магчымыя праблемы, узяць з сітуацыі, якая склалася, максімум станоўчых момантаў. Трэба паспрабаваць накіраваць дзіцячую цікавасць у адукацыйнае рэчышча.Такая магчымасць з’яўляецца, калі педагог пачынае наладжваць зносіны з навучэнцамі ў сетцы інтэрнэт. Для гэтага можна стварыць сеткавую суполку ў Google. У адрозненне ад сацыяльных сетак яна не змяшчае негатыўнай рэкламнай інфармацыі. Для таго каб стаць удзельнікам суполкі, дастаткова быць зарэгістраваным у Google і быць запрошаным у суполку. Для арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння з навучэнцамі мной была створана закрытая сеткавая суполка “Пахімічым?”.
Як правіла, пазнавальны інтарэс да прадмета “Хімія” праяўляецца ў той момант, калі навучэнцы вызначаюцца з прафесіяй. Аднак базавыя веды і ўменні фарміруюцца ў 7—8-х класах. Часта ў выпускнікоў узнікае праблема са здачай ЦТ па хіміі, прыходзіцца звяртацца да рэпетытара. У суполку я запрасіла навучэнцаў 7 класа, таму што гэта першая прыступка ў вывучэнні прадмета “Хімія”.
Работа пачыналася на факультатыўных занятках. Навучэнцы знаходзілі ў інтэрнэце відэасюжэты з цікавымі доследамі, навучальнымі ўрокамі і дзяліліся гэтым у суполцы, а на факультатыўных занятках узнаўлялі гэтыя доследы пад кіраўніцтвам настаўніка ў лабараторных умовах. Ствараўся фотаальбом праведзеных доследаў, які размяшчаўся ў суполцы. Гэта прыцягвала ў нашу сумесную работу ўсё большую колькасць навучэнцаў. З’явілася ідэя стварыць рэкламны буклет суполкі.
Асноўным напрамкам работы нашай суполкі стала рэалізацыя вучэбнага сеткавага праекта “Вадарод — паліва будучыні?”, паколькі на сёння актуальным у сучасным грамадстве з’яўляецца пытанне пошуку новых крыніц паліва. На вывучэнне тэмы “Вадарод” у вучэбнай праграме 7 класа адводзіцца 10 гадзін.
На працягу гэтага навучальнага часу была арганізавана работа 4 эксперыментальных лабараторый — “Лакмус”, “ХІЛБ”, “Узрыўная хімія” і “Хімікі-вадародчыкі”. Кожная эксперыментальная лабараторыя стварыла візітоўку, у якой выбрала сабе назву, эмблему, дэвіз, размясціла фота ўдзельнікаў.
Для арганізацыі работы ў групе дзеці прапанавалі правілы работы і размясцілі іх на дошцы з дапамогай сэрвісу http://en.linoit.com/. Падчас рэалізацыі праекта вучні запаўнялі лабараторны журнал, табліцу прасоўвання каманды ў праекце, ацэначныя лісты эксперыментальных лабараторый.
Асвоілі сэрвіс http://learningapps.org/ і стварылі інтэрактыўныя практыкаванні: бліцапытанне, віктарыны, гульню “Як стаць мільянерам” і г.д. Для таго каб прадставіць, як чалавек выкарыстоўвае вадарод, у сэрвісе http://wikiwall.ru/ стварылі віртуальную насценгазету “Вадарод у гісторыі чалавецтва”.
Усе матэрыялы па меры іх стварэння размяшчаліся ў суполцы і былі даступныя кожнаму. Гэта дазваляла дзецям набіраць бонусныя балы ў рамках тэмы, якая вывучаецца. Усе выкананыя навучэнцамі заданні фіксаваліся ў рэфлексіўнай табліцы і ацэньваліся згодна з прапанаванымі крытэрыямі. Па меры прасоўвання па праекце навучэнцы ажыццяўлялі самаацэнку і ўзаемаацэнку сваёй дзейнасці.
Вынікам праекта стала дэманстрацыя даследаванняў кожнай хімічнай лабараторыі. Кожная лабараторыя абараняла свой пункт гледжання і давала адказ на асноватворнае пытанне “Ці стане вадарод палівам будучыні?”. Навучэнцы знайшлі аргументы і прызналі вадарод экалагічным палівам будучыні, паколькі прадуктам яго згарання з’яўляецца вада, а таксама прызналі вадарод даступным палівам, таму што крыніцай для атрымання вадароду можа стаць вада. У той жа час вучні адзначылі яго выбухованебяспечнасць і высокі кошт. Усе вывады былі зроблены на падставе праведзеных хімічных эксперыментаў і навукова-папулярных артыкулаў у інтэрнэце. Трэба адзначыць, навучэнцы ўмеюць працаваць у інтэрнэце бяспечна.
Для мяне як педагога арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння з навучэнцамі дазволіла рэалізаваць адукацыйную праграму па хіміі на іншым узроўні. Паколькі, акрамя ўрочнага ўзаемадзеяння, ажыццяўляецца дыстанцыйнае кансультаванне па прадмеце, стала магчымым рэалізаваць індывідуальны падыход да цяжкасцей навучэнцаў і арганізаваць работу з высокаматываванымі вучнямі. А рэалізацыя вучэбных сеткавых праектаў павысіла ўзровень сфарміраванасці праектна-даследчых навыкаў і ўменняў навучэнцаў. Мае вучні сталі мінімум часу праводзіць у сацсетках і максімум аддаваць рабоце ў суполцы. Там яны атрымліваюць неабходную інфармацыю да ўрока, дзеляцца сваімі творчымі работамі, асвойваюць сэрвісы Web 2.0, віртуальна маюць зносіны. Але самае галоўнае — сеткавае ўзаемадзеянне дазваляе нам вучыцца разам, проста і захоплена.

Алена ЛЕБЯДЗЕВІЧ,
настаўніца хіміі гімназіі № 1 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці.