Час шукаць хобі

- 11:00Дадатковая адукацыя

З 4 па 11 верасня пройдзе Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яго закрыццё адбудзецца на базе Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, бо ў 2021 годзе Гродна — маладзёжная сталіца Беларусі. 

Кожная ўстанова сама выбірае, як правесці тыдзень. Традыцыйна ён пачынаецца з дня адкрытых дзвярэй, дзе госці знаёмяцца з дзейнасцю гурткоў, педагогамі і іх выхаванцамі. Калі штосьці запала ў душу, можна адразу і запісацца. Таксама для наведвальнікаў рыхтуюць канцэрты, конкурсы, гульні і інш.

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прапаноўвае ўстановам далучыцца да сваіх мерапрыемстваў анлайн. Большасць з іх будзе цікавая намеснікам дырэктараў, педагогам і метадыстам. Напрыклад, можна завітаць на майстэрню па праектаванні праграм аб’яднанняў па інтарэсах ці на мітап “Анлайн-экскурсія — новы фармат арт-прасторы”. Праграма ўсіх Zoom-канферэнцый ёсць на сайце цэнтра. 

Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства запрашае на адукацыйны практыкум “Займальная экалогія”, інтэрактыўную праграму “У свеце жывёл”, анлайн-кансультацыі па рабоце аб’яднанняў па інтарэсах “Рэспубліканская школа актыву юных лесаводаў”, “Школа біялогіі” і інш. Поўны спіс можна знайсці на сайце цэнтра. 

Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк чакае ўсіх жадаючых 11 верасня на Славінскага, 12. Там можна будзе пагутарыць з педагогамі, паўдзельнічаць у майстар-класах, паспрабаваць сябе на інтэрактыўных пляцоўках і азнаёміцца з аб’яднаннямі па інтарэсах. Усе ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны з радасцю прымуць гасцей у сваіх сценах.

Дарэчы, 4 верасня не толькі стартуе рэспубліканскі тыдзень, але і пройдзе першы шосты школьны дзень. Хтосьці правядзе яго ў спартыўнай атмасферы, хтосьці наведае любімы гурток пасля летняга перапынку, а хтосьці адправіцца на экскурсію. 

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.