У Мінскім гарадскім педагагічным каледжы адкрыты клуб “П3фармат: педагог — патрыёт — прафесіянал”. Гэта прастора ініцыятыў і крэатыву, месца нефармальных зносін, дзе кожны можа максімальна развіваць свае прафесійныя і асобасныя якасці. Адкрыццё клуба прыўрочылі да Дня народнага адзінства.
Што педагог перадасць сваім навучэнцам? Тое, што сам увабраў у сябе падчас навучання, у тым асяроддзі, дзе ён фарміраваўся як асоба і як прафесіянал. Таму ў Мінскім гарадскім педкаледжы імкнуцца ствараць такое адукацыйнае асяроддзе, якое б увесь час дапамагала будучаму педагогу развівацца. Новым элементам гэтага асяроддзя стаў клуб “П3 фармат: педагог — патрыёт — прафесіянал”.
Спачатку клуб задумваўся як аб’яднанне лідараў. Аднак з цягам часу ва ўстанове зразумелі, што патрэбен больш шырокі клубны фармат, які б дазваляў выхоўваць не толькі лідарскія, а значна больш шырокае кола якасцей. Гаворачы пра задачы, над якімі працуе ўстанова адукацыі, адной з першых называюць выхаванне ўсебакова развітой асобы. Актуалізаваўшы ключавыя кірункі развіцця, вызначыліся і з кірункамі работы клуба — выхаванне педагога, прафесіянала, патрыёта. Усе тры кірункі надзвычай важныя, заўсёды актуальныя і цесна пераплятаюцца паміж сабой.
— Калісьці па запрашэнні дырэктара Мінскага педкаледжа Уладзіміра Адамавіча Пяткевіча я стала ўдзельніцай падобнага клуба, які дзейнічаў у нашым каледжы, — падзялілася з навучэнцамі сваёй гісторыяй дырэктар педкаледжа Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — Лічу, што я стала педагогам у многім дзякуючы клубу. Кожны з нас моцная і цікавая асоба. Аднак аднаму складана справіцца з высокімі задачамі, што ставіць перад педагогамі час, грамадства, дзяржава. А калі мы аб’ядноўваем намаганні, нам па плячы любыя задачы. Клуб закліканы ўмацаваць нашу супольнасць, нашу еднасць. Клуб — гэта форма зносін людзей, аб’яднаных адзінымі поглядамі і перакананнямі. Гэта месца нефармальных зносін, дзе кожны знойдзе тое, што яму цікава. Разам з вамі мы ствараем унікальную прастору абмену вопытам і адзінства інтарэсаў.
Менавіта дырэктар каледжа Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая з’яўляецца кіраўніком клуба.
Клуб будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове, запрашаюць у яго ўсіх жадаючых. Дарэчы, ужо зараз жадаючых знайшлося 80 чалавек. А гэта ж толькі пачатак! Асноўны акцэнт робіцца на ініцыятыве навучэнцаў — менавіта іх інтарэсы і прапановы будуць дыктаваць змест і формы работы. Яны самі будуць генерыраваць ідэі, апрабаваць іх і потым трансліраваць сваім таварышам.
— Кожны новы набор у педкаледж — гэта новыя людзі з новымі запытамі. У сучасных навучэнцаў ёсць запыт на нефармальныя зносіны, ім хочацца даведацца аб педагогіцы і педагогах з іншага боку. І клуб дае менавіта такую магчымасць. Клуб — гэта месца, куды не прыходзяць па званку, па загадзе, па спісе, а прыходзяць толькі па закліку сэрца. Я пераканана, што навучэнцы самі будуць падказваць, што б яны хацелі даведацца, з кім сустрэцца ў рамках клуба, якія праблемы абмеркаваць, — дзеліцца меркаваннем К.А.Пятруцкая.
Клуб — гэта яшчэ і магчымасць аператыўна рэагаваць на ўсе змяненні ў педагагічнай сферы. Адукацыйны працэс, якім бы маштабным і насычаным ён ні быў, не можа ўключыць абсалютна ўсё. Немагчыма імгненна ўключаць у змест адукацыі ўсе праблемныя пытанні і актуальныя кірункі, якія з’яўляюцца літаральна штодзень. Аднак усё гэта дазваляе зрабіць клуб.
Клуб аб’яднае і тыя кірункі работы, якія ўжо добра развіты ў каледжы. Напрыклад, валанцёрская работа і служба медыяцыі. Падчас адкрыцця клуба быў дадзены старт і новаму праекту “100 пытанняў лідару”, у рамках якога на дыялогавую пляцоўку будуць запрашаць цікавых асоб. Плануецца мноства мерапрыемстваў па розных напрамках з выкарыстаннем усіх сучасных форм работы: інтэрактываў, квестаў, анлайнпляцовак, вэбінараў і ўсяго новага і цікавага, што прыдумаюць навучэнцы.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.