Сіла ва ўзаемадзеянні

- 12:27Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Пазіцыя Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа ў дачыненні да сацыяльных партнёраў адназначная — без супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў паспяхова рыхтаваць кадры немагчыма. Таму з арганізацыямі і прадпрыемствамі ўстанова ўзаемадзейнічае актыўна і плённа. Калі падлічыць усе арганізацыі, з якімі так ці інакш супрацоўнічае каледж, то атрымаецца лічба, блізкая да сотні.   

Школьнікі на практыцы ў магазіне.

4 прадпрыемствы з’яўляюцца для каледжа базавымі — гэта “Марк Фармэль”, “Забудова-буд”, “Маладзечнагаз” і Радашковіцкі керамічны завод. Безумоўна, з некаторымі ўстановамі працуюць больш цесна, з некаторымі — менш, аднак у цэлым гэтай рабоце ў каледжы ўдзяляюць значную ўвагу і лічаць яе стратэгічна важнай.

Сярод сацыяльных партнёраў ёсць даўнія сябры, як, напрыклад, Мала­дзечанскі хлебазавод, з якім больш як 20 гадоў каледж звязваюць цесныя сувязі. А ёсць і зусім нядаўнія сябры: з кампаніяй “Віталюр” сур’ёзнае супрацоўніцтва толькі пачынаецца. Радуе, што ўсё часцей самі арганізацыі ўсведамляюць важнасць супрацоўніцтва і робяць першыя крокі насустрач. Так было і з “Віталюрам”. Сёння гэтай буйной сетцы магазінаў патрэбны кандытары, кухары, прадаўцы. Усведамляючы важнасць вырашэння кадравага пытання, прадстаўнікі кампаніі самі звярнуліся да каледжа і гатовы супрацоўнічаць.

Дайце кадры! 

Для ўзаемадзеяння існуюць розныя формы і напрамкі работы. Найбольш значны напрамак — гэта арганізацыя падрыхтоўкі па пэўных спецыяльнасцях і кваліфікацыях. Хто, як не заказчык кадраў, найлепш ведае, колькі яму па­трэбна работнікаў і па якіх кваліфікацыях. Сыходзячы з гэтага, установа можа планаваць набор, адкрываць і закры­ваць падрыхтоўку па пэўных кваліфікацыях. Дакладны запыт ад прадпрыемства — гарантыя таго, што выпускнікі каледжа будуць запатрабаваныя. 

 У якасці прыкладу можна прывесці сумесную работу Маладзечанскага каледжа з кампаніяй “ЭНЭФ”, якая займаецца выпускам электратэхнічнай прадукцыі. Больш як 30 гадоў назад каледж рыхтаваў кадры па кваліфікацыі “мантажнік радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў”. Аднак у 90-я гады закрыўся шэраг электразаводаў, дзе былі патрэбны такія кадры. Прафесія стала незапатрабаванай і рыхтаваць такіх спецыялістаў у каледжы перасталі. Аднак апошнія гады ў Маладзечне расло і мацнела прадпрыемства “ЭНЭФ”. Кампаніі спатрэбіліся новыя кадры. З такім запытам 4 гады назад у каледж звярнулася дырэктар кампаніі Наталля Іванаўна Галота. І ў той жа год была арганізавана падрыхтоўка неабходных кадраў. Кваліфікацыя “мантажнік радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў” інтэгравана з кваліфікацыяй “слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы”. Сёлета першыя выпускнікі адправіліся працаваць на “ЭНЭФ”, а ў новым навучальным го­дзе зноў набралі навучэнцаў і рыхтуюць кадры для гэтага прадпрыемства.

Так кампанія “ЭНЭФ” стала надзейным партнёрам каледжа. Прычым ўзаемадзеянне не абмяжоўваецца заказам кадраў — прадпрыемства актыўна далучаецца да прафарыентацыйнай работы, усяляк спрыяе прафесійнаму развіццю сваіх будучых работнікаў. Напрыклад, кіраўніцтва кампаніі раздзяліла з навучэнцамі святочныя моманты Дня ведаў, наведаўшы каледж. Наталля Іванаўна Галота павіншавала дзяцей з пачаткам навучальнага года і расказала  аб сумесных пазаўрочных мерапрыемствах, якія чакаюць навучэнцаў. 

 І ўстанова, і заказчыкі кадраў імкнуцца пашыраць набор на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Гэта выгадна ўсім бакам — заказчык гарантавана вырашыць кадравае пытанне, каледжу не трэба клапаціцца аб працаўладкаванні навучэнцаў, ды і самі навучэнцы і іх бацькі не турбуюцца з-за нявызначанасці, а адчуваюць сябе больш упэўнена, бо загадзя ведаюць, дзе і ў якіх умовах будзе праца­ваць навучэнец пасля выпуску. У гэтым навучальным годзе ў каледжы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прыняты 17 чалавек. 

На заняткі — на вытворчасць

Заказчыкі кадраў удзельнічаюць і непасрэдна ў працэсе падрыхтоўкі кадраў — вытворчае навучанне і прахо­джанне практыкі ла­дзяцца непасрэдна на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Гэта робіць падрыхтоўку максімальна практыка-арыентаванай, дапамагае навучэнцам акунуцца ў рэальныя працоўныя ўмовы. Потым, калі яны прыйдуць працаваць, усё будзе ім знаёма, спатрэбіцца менш часу на адаптацыю.

Навучанне ва ўмовах вытворчасці мае яшчэ адзін значны плюс — так навучэнцы атрымліваюць доступ да сучаснага абсталявання, найноўшых тэхналогій і матэрыялаў. Установа адукацыі не заўсёды можа набыць такое абсталяванне для сваіх майстэрняў і лабараторый, а на прадпрыемстве можна з імі пазнаёміцца.

Напрыклад, “Маладзечнагаз” пастаянна абнаўляе тэхнічнае аснашчэнне, набываючы навінкі тэхнікі. Так, нядаўна на прадпрыемстве ўсталявалі ацяпляльныя газавыя катлы новага пакалення, набылі сучасныя газавыя пліты, і навучэнцы могуць з імі папрацаваць. Таксама тут яны могуць навучыцца выкарыстоўваць высокаадчувальны дыстанцыйны дэтэктар метану, дзякуючы якому ўцечку газу можна дыягнаставаць на адлегласці да 20 метраў, або папрацаваць з дыягнастычнай сістэмай PLEXOR, з дапамогай якой ажыццяўляецца дыягнаставанне газарэгулятарных пунктаў.

Заказчыкі кадраў вітаюць такі практычны падыход і ствараюць належныя ўмовы для моладзі. Так, на прадпрыемстве “Маладзечнагаз” створаны навучэнскія працоўныя месцы, ёсць вучэбны клас, трэніровачны палігон, навучэнцаў бяруць на рэальныя вытворчыя аб’екты. Канечне, такія ўмовы адбіваюцца на якасці падрыхтоўкі — у выніку на прадпрыемства прыходзяць дасведчаныя і высокакваліфікаваныя работнікі.

 А яшчэ заказчыкі кадраў заахвочваюць навучэнцаў да практычнага навучання: практычна ўсе юнакі і дзяўчаты, што атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, праходзяць вытворчую практыку на прадпрыемствах, якая аплачваецца.

З новымі тэхналогіямі і абсталяваннем знаёмяцца не толькі навучэнцы. На прадпрыемствах ладзяць стажыроўкі для выкладчыкаў вучэбных прадметаў прафесійнага кампанента і майстроў вытворчага навучання. Так, у мінулым навучальным годзе 14 супрацоўнікаў каледжа атрымлівалі новы вопыт ва ўмовах вытворчасці. 

Сёння на прадпрыемствах вітаюць таксама і школьнікаў. Хлопцы і дзяўчаты, якія праходзяць у каледжы працоўнае навучанне па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых), таксама маюць магчымасць  практычную частку навучання праходзіць у рэальных працоўных умовах — у аб’ектах харчавання і гандлю, будаўнічых арганізацыях. 

Выключнае значэнне мае сумесная праф­арыентацыйная работа. Калі патэнцыяльны навучэнец ці яго бацькі ўласнымі вачыма бачаць, што ўяўляе сабой тая ці іншая прафесія, у якіх умовах давя­дзецца чалавеку працаваць і што рабіць, гэта значна ўплывае на прафесійны выбар. Таму экскурсіі на вытворчасць шырока практыкуюцца ў каледжы.

Не дабрачыннасць, а стратэгія

 Яшчэ адзін напрамак сумеснай работы — падрыхтоўка навучэнцаў да ўдзе­лу ў прафесійных конкурсах. Асабліва гэтая работа актывізавалася апошнія некалькі гадоў, калі актыўна пачаў развівацца конкурсны рух WorldSkills.

Арганізацыі — заказчыкі кадраў аказваюць матэрыяльную дапамогу пры арганізацыі конкурсаў, забяспечва­юць канкурсантаў патрэбнымі матэрыяламі ў час трэніровак і спаборніцтваў. Спецыялістаў вядучых прадпрыемстваў Маладзечна прыцягваюць у якасці экспертаў падчас прафесійных конкурсаў у каледжы.

Таксама прадпрыемствы запраша­юць канкурсантаў да сябе і даюць ім магчымасць рыхтавацца, выкарыстоўваючы іх вытворчую базу, да падрыхтоўкі падключаюць сваіх спецыялістаў-практыкаў, якія выступаюць у ролі кансультантаў. А бывае і так, што заказчыкі кадраў дапамагаюць арганізаваць для навучэнцаў міжнародныя стажыроўкі. Напрыклад, да мінулага чэмпіянату краіны WorldSkills Belarus навучэнец Яўген Гайбута рыхтаваўся ў тым ліку і на базе прадпрыемства “БудТрастСэрвіс”. У выніку юнак перамог у рэспубліканскім спаборніцтве і заваяваў “золата” ў кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне”. Зараз ён рыхтуецца прадставіць нашу краіну на міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Shanghai 2022. “БудТрастСэрвіс” настолькі шчыльна ўключыўся ў падрыхтоўку канкурсанта, што дырэктар прадпрыемства Юрый Анатольевіч Пруднікаў дапамог арганізаваць для Яўгена Гайбуты стажыроўку на адным з перадавых прадпрыемстваў у Германіі.

Для заказчыкаў кадраў такая дапамога — гэта не дабрачыннасць, а стратэгія. Уклад у падрыхтоўку да конкурсаў прафмайстэрства — гэта, па сутнасці, доўгатэрміновы ўклад у развіццё прадпрыемстваў. Падчас конкурсных падзей навучэнцы, майстры вытворчага навучання набываюць перадавы вопыт, самыя сучасныя тэндэнцыі прафесійнай галіны пранікаюць у каледж. Усё гэта ў канчатковым выніку ўвасобіцца ў высокім узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў і адаб’ецца на тым, як яны будуць працаваць на прадпрыемстве. Ад гэтага ў сваю чаргу залежыць, як прадпрыем­ства будзе развівацца. Такім чынам, су­працоўніцтва і ўзаемадзеянне — гэта стратэгія, якая вядзе да поспеху.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены Маладзечанскім дзяржаўным каледжам.