Прышчэпка — самы просты крок

- 9:00Вышэйшая школа

У канцы верасня ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка пачаў работу пункт вакцынацыі ад COVID­19. Кіраўніцтва ўніверсітэта, клапоцячыся пра здароўе студэнтаў, таксама далучылася да сусветнага руху па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. 

Пункт аховы здароўя № 1 БДПУ імя Максіма Танка знаходзіцца ў галоўным корпусе ўніверсітэ­та. У першы дзень работы медпунк­та па вакцынацыі студэнтаў супраць інфекцыі COVID­19 жадаючых прышчапіцца было нямнога, затое сёння студэнты прыходзяць, каб за­даць мед­работніку пытанні, якія іх цікавяць, і даведацца ўсе нюансы вакцынацыі. Гэта, як сказала начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ імя Максіма Танка Святлана Мікалаеўна Маліноўская, добры знак.   

“Безумоўна, вакцынацыя — гэта адзі­ны правільны спосаб пазбегнуць цяжкіх наступстваў COVID­19, — упэўнена прадстаўнік універсі­тэта. — Ва ўніверсітэ­тах краіны, і ў нашай установе ў тым ліку, а таксама ў пунктах аховы здароўя, што размяшчаюцца ў студэнцкіх інтэрнатах, працуюць прышчэпачныя пункты. Для арганізацыі вакцынацыі на базе медпунктаў БДПУ імя Максіма Танка рэктаратам было закуплена маразільнае абсталяванне для падтрымання неабходнага тэмпературнага рэжыму пры захоўванні вакцыны супраць інфекцыі COVID­19. Вакцынацыя з’яўляецца вельмі важнай для стварэння калектыўнага імунітэту, таму і супрацоўнікі БДПУ імя Максіма Танка, і студэнты нашага ўніверсітэта актыўна прышчапляюцца. 

У БДПУ імя Максіма Танка студэнтам прапануюць зрабіць прышчэпку вакцынай ад COVID­19 “Спутник Лайт” — аблегчаную версію вядомага “Спутника V”. 

Даша Кулікова, студэнтка 3 курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, нядаўна зрабіла другую прышчэпку. Дзяўчына прышчапілася вакцынай “Спутник V”. 

“Безумоўна, як і ўсе, спачатку сумнявалася ў тым, ці варта рабіць прышчэпку, але ў выніку зрабіла выбар на яе ка­рысць, — расказвае студэнтка. — Я не так баюся самой інфекцыі, як ускладненняў, якія яна выклікае. Калі даведалася, што ў нашым універсітэце пачаў праца­ваць медыцынскі пункт, то вельмі ўзрадавалася. Гэта вельмі зручна, што прышчапіцца можна ва ўніверістэце, а не бегаць па горадзе ў пошуках спецыялізаваных пунк­таў”.

У адрозненне ад сваіх калег Данііл Жураўлёў, студэнт 4 курса факультэта сацыяльна­педагагічных тэхналогій, зрабіў прышчэпку ад COVID­19 яшчэ ў красавіку. 

“Справа ў тым, што ў чэрвені ў скла­дзе педагагічнага атрада “Ніка”, што дзейнічае на факультэце сацыяльна­педагагічных тэхналогій, я ездзіў у спартыўна­аздараўленчы комплекс БДУ “Брыганціна” на работу, таму прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі неабходна было зрабіць у любым выпадку, — дзеліцца Д.Жураўлёў. — У першую чаргу я хацеў засцерагчы сябе. Каранавірус пастаянна муціруе, таму пытанне нашай засцярогі было прыярытэтным. Па­другое, мы павінны былі таксама думаць пра бяспеку і здароўе дзяцей, з якімі працавалі. Прышчэпку я рабіў не адзін: прышчапіўся ўвесь наш атрад. Ніякіх наступстваў ад прышчэпкі на сабе не адчуў, самаадчуванне было выдатным. Я не шкадую, што пайшоў на такі крок. Наша здароўе — у нашых руках, і каб засцерагчы сябе, мы павінны хаця б нешта для гэтага зрабіць. Прыш­чэпка — самы просты крок”. 

Наталля САХНО. 
Фота аўтара.