Рэспубліканскі семінар-практыкум арганізатараў вольнага часу ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Сучасныя падыходы ў культурна-адпачынкавай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” прайшоў у Лідзе на базе раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Пачалася работа семінара з азнаямлення з выставай-прэзентацыяй метадычных матэрыялаў і рэгіянальнага вопыту ўстаноў дадатковай адукацыі. Гасцей віталі выхаванцы Лідскага цэнтра, якія ў тэатралізаванай пастаноўцы прадставілі старажытную гісторыю Ліды і адразу настроілі ўдзельнікаў мерапрыемства на творчы лад.
— Установы дадатковай адукацыі павінны стаць цэнтрамі духоўнага жыцця соцыуму, адукацыі і культуры, — падкрэсліла намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ларыса Ісачкіна. — У шматпрофільных установах дадатковай адукацыі краіны працуе 31 334 аб’яднанні па інтарэсах, заняткі з дзецьмі вядуць звыш 9000 педагогаў дадатковай адукацыі. Сёння неабходны кардынальныя змены ў змесце, структурах, мадэлях развіцця гэтых устаноў, тэхналогіях выхавання і навучання. Выпрацоўцы новых падыходаў павінна паслужыць і сумесная праца ў межах семінара-практыкуму.
Сістэму дадатковай адукацыі Лідскага раёна прадставіла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк. У Лідскім раёне працуюць шэсць устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзве з іх — шматпрофільныя, а таксама чатыры профільныя цэнтры. Штогод у іх займаецца да 40 працэнтаў усіх школьнікаў раёна. У сельскай мясцовасці дзейнічае 62 аб’яднанні па інтарэсах. На базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуюць занальныя цэнтры па арганізацыі суботняга дня. Станоўча зарэкамендавала сябе практыка правядзення дзён сельскага школьніка, якія дазваляюць разнастаіць формы вольнага часу навучэнцаў устаноў адукацыі аграгарадкоў, сельскіх школ. Так, за 2016 год праведзена 57 дзён сельскага школьніка як на базе ўстаноў дадатковай адукацыі, так і на базе навучальных устаноў.
— Менавіта ва ўстановах дадатковай адукацыі можна навучыць дзяцей разумна праводзіць вольны час. Сёння гэта немагчыма без інавацый у культурна-адпачынкавай дзейнасці, пошуку новых, цікавых для дзяцей і моладзі форм работы. Так, з мінулага года практыкуем танцавальныя батлы, канцэрты на прыступках, работу аніматараў-“энерджайзераў” у парку культуры і адпачынку. І ўжо зараз вядзецца работа па арганізацыі такіх праграм летам, — расказала загадчык Лідскага раённага ЦТДіМ Галіна Ганчар. — І толькі пры спалучэнні грамадскага значэння і асобаснай значнасці дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі становіцца прывабнай для дзяцей і набывае выхаваўчае значэнне.
Лекцыя-практыкум загадчыка кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Людмілы Казлоўскай прысвячалася актуальнай тэме тэхналогіі мадэлявання сучасных культурна-адпачынкавых праграм. Людміла Іванаўна адзначыла, што вельмі важна ўлічваць змяненні ў культурных патрэбах дзяцей, размяжоўваць паняцці вольнага часу і часу, які аддаецца культурна-адпачынкавай дзейнасці, што гульня і сёння застаецца магутным педагагічным сродкам. Напрыклад, на Гродзеншчыне існуе 300 варыянтаў выканання полькі, адна трэцяя частка з іх — гэта полька-гульня.
— Не забаўляць, а далучаць дзяцей да сумеснай дзейнасці, каб яны станавіліся яе сутворцамі, суаўтарамі, самавыяўляліся ў працэсе творчасці, — гэты пасыл прафесара Казлоўскай быў працягнуты ў калейдаскопе творчасці і майстэрства “Ад сучасных педагагічных падыходаў і тэхналагічных рашэнняў — да высокага выхаваўчага эфекту”, падчас якога педагогі і выхаванцы прадэманстравалі работу і дасягненні аб’яднанняў па інтарэсах Лідскага раённага ЦТДіМ: тэатральнай студыі “Майстар” — пераможцы абласнога і дыпламанта Рэспубліканскага конкурсу гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці — гуляем усе”, пераможцы Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку”; міжшкольнага аб’яднання вясёлых і знаходлівых; адукацыйных праграм ІТ-акадэміі “Ступені” — і змаглі папрактыкавацца ў стварэнні прафілактычнага мультыплікацыйнага фільма ў праграме Video Scribe. Аб рабоце раённага клуба інтэлектуальных гульняў “Стальны пацук” расказаў пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” Сяр гей Вераціла. Разам з ім удзельнікі семінара практыкаваліся ў стварэнні японскіх хоку і ўдзельнічалі ў японскай чайнай цырымоніі.
Адбылася таксама прэзентацыя лепшых метадычных распрацовак, творчых ідэй і знаходак “Турботы для суботы: вольны час з карысцю і захапленнем”.
Як адзначыла метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Сідарэвіч, у Лідскім раёне фарміруецца эфектыўны вопыт адпачынкавых традыцый і новых кірункаў работы, рэалізоўваюцца нестандартныя ідэі, ёсць цікавы вопыт работы ў шосты школьны дзень, азнаямленне з якім было карысным для ўсіх удзельнікаў семінара-практыкуму.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.