Іспыт ведаў і іх трываласці

- 11:07Адукацыйная прастора

Заключны этап алімпіяды для адных — гэта білет на “хуткі поезд” у студэнцкае жыццё, для іншых — крок да дасканаласці і дасягнення новых вяршынь. І абсалютна для кожнага — гэта вялікі іспыт ведаў і іх трываласці. Лепшыя знаўцы гісторыі і грамадазнаўства праходзілі гэты іспыт у Барысаве, на базе Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.

83 навучэнцы сталі ўдзельнікамі заключнага этапу алімпіяды па грамадазнаўстве. Надзвычай смелымі людзьмі назваў гэтых хлопцаў і дзяўчат старшыня журы алімпіяды Андрэй Віктаравіч Шыдлоўскі, намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта БДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, за тое, што яны выбралі менавіта грамадазнаўства. Прадмет гэты комплексны, патрабуе ведаў у розных сферах — філасофіі, сацыялогіі, праве, паліталогіі, эканоміцы. Каб даць узважаную, аб’ектыўную ацэнку работам, у склад журы ўваходзяць спецыялісты ў кожнай з гэтых сфер. А аб’ядналі такіх розных спецыялістаў настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Барысаўшчыны, якія таксама сталі членамі журы, — Анатоль Станіслававіч Забароўскі і Марыя Іванаўна Фадзеева.

Алімпіяда традыцыйна складалася з двух тураў. У першым хлопцы і дзяўчаты давалі разгорнутыя адказы на пытанні сацыяльна-гуманітарнага блока, дзе павінны былі паразважаць, раскрыць сваю пазіцыю, меркаванне з пункту гледжання навізны, арыгінальнасці, практычнай значнасці для нашай краіны. Другі тур прадугледжваў рашэнне тэставых заданняў.

Па сутнасці, пераможцаў вызначыў першы тур, таму што з тэстамі другога тура ўсе навучэнцы справіліся амаль аднолькава і на высокім узроўні. А вось заданні, якія патрабавалі разгорнутых адказаў і разважанняў, не даліся так проста. Старшыня журы адзначае, што гэта было спаборніцтва не толькі ведаў удзельнікаў, але і майстэрства педагогаў. Усе работы, зразумела, былі зашыфраваныя, аднак па стылі выканання было відаць, хто з навучэнцаў займаецца ў аднаго выкладчыка — іх адказы мелі падобную форму, структуру. Відавочна, што методыкі выкладання прадмета вельмі адрозніваюцца ў розных рэгіёнах.

Цалкам з заданнямі заключнага этапу алімпіяды юныя грамадазнаўцы справіліся годна, больш за палову магчымай колькасці балаў атрымалі ўсе, акрамя чатырох дзесяцікласнікаў і столькіх жа навучэнцаў 11 класа. Аднак у параўнанні з мінулым годам вынікі горшыя пры прыкладана аднолькавым узроўні складанасці заданняў мінулага і гэтага года. Напрыклад, максімальна набраная колькасць балаў у мінулым годзе сярод 11-х класаў склала 303 балы, сёлета — 262,5. Каб растлумачыць гэтую з’яву, будзе праведзены аналіз.

“Разумнікі і разумніцы” атрымалі 7 дыпломаў І ступені, 11 — ІІ ступені і 19 дыпломаў ІІІ ступені. Адметна, што 10 удзельнікаў — навучэнцаў 11 класа апынуліся на п’едэстале гонару заключнага этапу алімпіяды другі раз — у мінулым годзе яны ўжо станавіліся ўладальнікамі дыпломаў, і сёлета пацвердзілі свае выдатныя веды. Найбольшую колькасць дыпломаў — 8 — заваявалі прадстаўнікі Мінска, 6 — Гродзенскай вобласці, 5 — Брэсцкай, па 4 дыпломы ў каманд Гомельскай і Магілёўскай абласцей і Ліцэя БДУ, па 3 — у Мінскай і Віцебскай абласцей. Абсалютнымі пераможцамі алімпіяды па грамадазнаўстве сталі дзесяцікласнік сярэдняй школы № 34 Магілёва Дзмітрый Варэннікаў (настаўніца Галіна Мікалаеўна Бяляева) і навучэнец 11 класа Ліцэя БДУ Яўген Кунцэвіч (настаўніца Надзея Васільеўна Кушнер).

За званне лепшага ў краіне навучэнца — знаўцы гісторыі спаборнічалі 77 хлопцаў і дзяўчат. Заключны этап алімпіяды па гісторыі складаўся з трох тураў. Першы прапаноўваў разнапланавыя пытанні, над якімі трэба было паразважаць, знайсці прычыны і вынікі, прааналізаваць крыніцы. У другім туры ўдзельнікі рашалі тэсты. У трэцім туры — мультымедыйным — хлопцам і дзяўчатам дэманстраваліся відэафрагменты, фотаздымкі, карціны і пытанні, звязаныя з гэтымі нагляднымі матэрыяламі.

Старшыня журы заключнага этапу алімпіяды па гісторыі Алег Іванавіч Малюгін, намеснік дэкана па навуковай рабоце гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, расказаў, што ўвогуле навучэнцы з заданнямі справіліся дастаткова роўна: адзін ад аднаго ў турнірнай табліцы іх аддзялялі лічаныя балы. Толькі некалькі чалавек мелі больш значны адрыў — яны і сталі пераможцамі. Планку ў 50% ад максімальнай колькасці балаў пераадолелі амаль усе.

Усяго юным гісторыкам было ўручана 34 дыпломы: 7 — І ступені, 10 — ІІ ступені і 17 — ІІІ ступені. У лідарах — Гродзенская вобласць з 7 дыпломамі, Мінск і Брэсцкая вобласць заваявалі па 5 дыпломаў, Віцебская, Гомельская, Мінская вобласці і Ліцэй БДУ атрымалі па 4 дыпломы, Магілёўская вобласць — 1. Таксама навучэнцы былі ўзнагароджаны спецыяльнымі прызамі гістарычных факультэтаў БДУ і БДПУ імя Максіма Танка за структурнае і арыгінальнае мысленне, за майстэрства аргументавана адстойваць сваё меркаванне, за глыбокія веды гісторыі Беларусі і інш.

Незвычайным атрымаўся вынік сярод дзесяцікласнікаў, дзе ўладальнікамі ўсіх дыпломаў І ступені сталі навучэнцы 9 класа! Гэта Дзмітрый Мятліцкі, навучэнец гімназіі № 51 Гомеля, — абсалютны пераможца алімпіяды (настаўніца Ірына Анатольеўна Кротава), Дзмітрый Краскоўскі, навучэнец гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна (настаўніца Галіна Сцяпанаўна Родзік), і Уладзімір Лісаў, навучэнец гімназіі № 4 Мінска (настаўнік Аляксей Міхайлавіч Грышаў).

Сярод адзінаццацікласнікаў лідарам стаў навучэнец Ліцэя БДУ Юрый Тамковіч (настаўнік Сцяпан Мікалаевіч Цемушаў). Дарэчы, Юрый атрымаў сваю трэцюю ў жыцці ўзнагароду на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і апярэдзіў найбліжэйшага свайго суседа па турнірнай табліцы амаль на 30 балаў. Наогул, каманда Ліцэя БДУ паказала стапрацэнтную выніковасць — усе чатыры ўдзельнікі каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі, два з якіх — І ступені.

Заключны этап алімпіяды — гэта адначасова канцавы пункт і пункт пачатку. Тут завяршаецца алімпіяда гэтага навучальнага года, і для дзесяцікласнікаў і дзевяцікласнікаў пачынаецца новы этап падрыхтоўкі да алімпіяды года наступнага. А для адзінаццацікласнікаў пачынаецца шлях да зусім новага жыцця — студэнцкага. Якімі б рознымі ні былі іх шляхі, хай яны прывядуць гэтых цудоўных хлопцаў і дзяўчат да поспеху і шчасця. Сваім талентам і працай яны гэта заслужылі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.