Істотных праблем у кадравым забеспячэнні галіны не адзначаецца

- 9:53Інфармацыйная гадзіна

За кошт выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў гэтага года ўдасца даўкамплектаваць персаналам як першаснае звяно, так і высокатэхналагічныя цэнтры, заявіў міністр аховы здароўя Валерый Малашка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”.

“Што тычыцца кадравай палітыкі, то мы даўно займаемся гэтым пытаннем. І сёння выпуск медыцынскіх універсітэтаў дасць магчымасць поўнасцю ўкамплектаваць урачэбным персаналам як першаснае звяно, так і высокатэхналагічныя цэнтры”, — сказаў Валерый Малашка. Па сярэднім медперсанале дэфіцыт адчувае толькі Мінск. У цэлым у Міністэрстве аховы здароўя не бачаць істотных праблем у кадравым забеспячэнні. Што да ўзроўню заработнай платы, міністр адзначыў, што пастаўленая задача па росце сярэдняй зарплаты да $500 у сістэме аховы здароўя дасягальная.

Адказваючы на пытанне, ці будзе міністэрства пераглядаць нагрузку на ўрача агульнай практыкі, тэрапеўта, Валерый Малашка адказаў, што гэтага не плануецца. У перыяд пад’ёму захваральнасці ВРІ, калі за змену доктар прымае некалькі дзясяткаў пацыентаў, прадугледжаны дадатковыя меры, каб знізіць нагрузку. У амбулаторныя ўстановы накіроўваюцца ўрачы-інтэрны, урачы стацыянараў. Больш за тое, урач прымае пацыентаў са свайго ўчаст-ка, тых, каго ён павінен ведаць, быць інфармаваны, на што яны хварэюць, якая сямейная абстаноўка, якія фактары рызыкі ўплываюць на здароўе. “Таму, у прынцыпе, 20 мінут дастаткова, каб разабрацца з сітуацыяй, вызначыць тактыку лячэння, маршрут дыягнастычных даследаванняў, кансультацый вузкіх спецыялістаў і паставіць дыягназ”, — адзначыў міністр.

Кіраўнік ведамства таксама адзначыў, што беларуская ахова здароўя дасягнула відавочных поспехаў: гэта зніжэнне смяротнасці, павышэнне нараджальнасці, павелічэнне працягласці жыцця. Сістэма аховы здароўя ганарыцца дасягненнямі педыятрычнай навукі, урачоў-педыятраў. Так, узровень дзіцячай смяротнасці ў Беларусі параўнальны з такімі краінамі, як Іспанія, Францыя, Бельгія, Швейцарыя. Гэта паказчык, якога ўдалося дасягнуць у цэлым дзякуючы дзяржаўнай палітыцы ў сацыяльнай сферы. Што тычыцца планаў па развіцці сферы аховы здароўя, то ў далейшым міністэрства свае намаганні будзе накіроўваць на развіццё высокіх тэхналогій, звязаных з кардыялогіяй, анкалогіяй, зверне ўвагу і на першаснае звяно, участковую службу, развіццё сістэмы ўрача агульнай практыкі.