Арганізацыя бяспечнага і камфортнага знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі — першачарговая задача сістэмы адукацыі. Гэта падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас пасяджэння калегіі ведамства па абмеркаванні пытанняў ліквідацыі недахопаў і парушэнняў, выяўленых міжведамаснымі групамі, створанымі Камітэтам дзяржаўнага кантролю, па выніках кантрольна-аналітычных (наглядных) мерапрыемстваў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па пытаннях камфортнага і бяспечнага знаходжання школьнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Удзельнікамі пасяджэння сталі прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі абласных упраўленняў па адукацыі, начальнікі ўпраўленняў (аддзелаў) адукацыі, раённых (гарадскіх) выканкамаў.
19 сакавіка 2020 года намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны Комплекс мер па ліквідацыі парушэнняў і недахопаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны. У 2022 годзе гэты Комплекс мер быў актуалізаваны і зацверджаны намеснікам прэм’ер-міністра 16 сакавіка 2022 года. Усімі рэгіёнамі распрацаваны і рэалізоўваюцца рэгіянальныя планы па эфектыўнай ліквідацыі парушэнняў і недахопаў. Таксама забяспечаны адпаведны кантроль.
Міністр адукацыі адзначыў, што маніторынгавыя групы правялі сур’ёзную работу, падчас якой было выяўлена каля 13 тысяч парушэнняў ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны. У першую чаргу яны тычыліся тэхнічнага стану будынкаў, супраць-пажарнай і грамадскай бяспекі.
“Мы выдатна разумеем, што сёння бяспечнае і камфортнае знаходжанне нашых дзяцей ва ўстановах адукацыі з’яўляецца адной з найважнейшых задач галіны”, — адзначыў Андрэй Іванец.
У перыяд з 2019 па 2023 год ужо ліквідавана больш як 90% парушэнняў. Як было падкрэслена, шэраг абласцей сёлета плануюць скончыць выкананне дадзенага плана мерапрыемстваў.
Найбольш эфектыўна работа па ліквідацыі недахопаў арганізавана ў Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцях і Мінску.
Начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык паведаміў, што для ліквідацыі выяўленых парушэнняў найперш быў зроблены іх аналіз.
“Канструкцый і будынкаў у аварыйным стане, якія б перашкаджалі арганізацыі адукацыйнага працэсу, не выяўлена. А каб справіцца з астатнімі, было прынята рашэнне падзяліць іх на групы, што дало магчымасць правільна размеркаваць час і фінансавыя сродкі. Адны парушэнні ліквідаваліся падчас бягучых рамонтаў, іншыя — падчас капітальных. Фінансаванне адбывалася за кошт мясцовых бюджэтаў, рэспубліканскіх і рэгіянальных інвестпраграм. На сёння нам удалося ўстараніць 99,3% выяўленых заўваг і парушэнняў”, — паведаміў Руслан Юр’евіч.
На цяперашні момант работа па ліквідацыі заўваг і парушэнняў вядзецца ў трох школах Гродзеншчыны. У сярэдняй школе № 5 Мастоў рамантуюць дах. У сярэдняй школе № 7 Гродна завершаны рамонт бегавых дарожак. У Путрышкаўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна работа па рамонце бегавых дарожак і ўсталяванні агароджы стадыёна будзе завершана да пачатку навучальнага года.
Комплекс мер па ліквідацыі парушэнняў прадугледжвае правядзенне вучэбных семінараў з кіраўнікамі і спецыялістамі органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі, на якіх у прыярытэце — пытанні захавання бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. Для правядзення такога навучання запрашаюцца прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і аддзелаў унутраных спраў, аддзелаў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, транспартнай інспекцыі, інспекцыі энерганагляду, Асвода, устаноў аховы здароўя, цэнтраў гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, спецыялісты аддзелаў (упраўленняў) адукацыі.
На калегіі было адзначана, што ў гэтым годзе запланаваны будаўніча-мантажныя работы больш як на 140 аб’ектах капітальнага рамонту, а бягучы рамонт ажыццяўляецца ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі.
Дзейсны кантроль за арганізацыяй бяспечных умоў ва ўстановах адукацыі арганізаваны ў Пінску. Начальнік упраўлення па адукацыі Пінскага гарвыканкама Вольга Леўчанка адзначыла, што дзеля ліквідацыі выяўленых недахопаў быў распрацаваны план, у які ўключана 17 мерапрыемстваў. Частка тычылася тэхнічнага стану збудаванняў, частка — санітарна-эпідэмічных норм, правіл пажарнай, грамадскай бяспекі.
77% выяўленых недахопаў былі ліквідаваны яшчэ ў 2020—2021 гадах. У 2023 годзе працягваецца ліквідацыя парушэнняў у пытаннях пажарнай бяспекі. Цяпер завяршаецца работа, пачатая ў 2022 годзе, па замене аконных блокаў у трох установах адукацыі — у сярэдняй школе № 1 Пінска, гарадскіх гімназіях №№ 2, 3.
“У Пінску 56 устаноў адукацыі, у ліку якіх 15 школ і 3 гімназіі. І праблема маральнага састарэння акон у іх вельмі актуальная. Больш як палова будынкаў школ была пабудавана 40 гадоў назад ці пазней. І ні ў адной з гэтых навучальных устаноў не праводзілася поўнага капітальнага рамонту. Пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і асабіста яго старшыні Юрыя Шулейкі гораду было выдзелена дадатковае фінансаванне на выкананне работ па замене аконных блокаў. У 2022 годзе было ўсталявана 2073 акны ў 38 установах адукацыі горада. У бягучым годзе фінансаванне працягваецца і плануецца ўсталяваць яшчэ 555 акон у 23 установах”, — паведаміла Вольга Васільеўна.
Акрамя таго, яна падзякавала Міністэрству адукацыі за дапамогу ў аснашчэнні вучэбных кабінетаў сучасным абсталяваннем. За апошнія гады ўстановы адукацыі Пінска атрымалі 31 вучэбны кабінет (з поўным камплектам вучэбнага абсталявання і мэблі) і 64 мультыборды.
“Работа па стварэнні сучаснага і бяспечнага адукацыйнага асяроддзя Пінска будзе працягнута”, — запэўніла Вольга Леўчанка.
Сярод прынятых рашэнняў на калегіі — правядзенне не радзей разу ў 3 гады тэхнічнага агляду будынкаў, збудаванняў устаноў адукацыі спецыялістамі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам, а таксама безумоўнае выкананне патрабаванняў нарматыўна-прававых дакументаў па арганізацыі абследавання будынкаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый.
“Відавочна, што дзяржава стварае ўсе неабходныя ўмовы для нашых школьнікаў, каб бацькі былі ўпэўнены, што з 1 верасня іх дзіця ў школе не проста пачне атрымліваць веды, а будзе знаходзіцца ў бяспечных умовах”, — падкрэсліў міністр адукацыі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва БелТА





