“…а майстрам быць абавязаны”

- 16:09Апошнія запісы, Культура, Рознае

Першая сустрэча з работамі Юрыя Якавенкі адбылася, калі мне ў рукі трапіў сігнальны экзэмпляр кнігі Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” з афортамі мастака. Чароўная сімволіка ілюстрацый надавала кнізе незвычайнае гучанне. Са здзіўленнем даведалася, што многія афорты зроблены не пад уплывам тэксту, а значна раней, чым паступіла прапанова аздобіць выданне. Загадкавасць, містыка, вытанчанасць ліній выдатна супалі з прозай Уладзіміра Сямёнавіча.

Асабістае ж знаёмства адбылося ў мінскім “Кніжным салоне”, дзе праходзіла выстава твораў Юрыя Уладзіміравіча. Прэзентацыя чарговай кнігі з серыі “Беларускі экслібрыс”, распачатай Алай Змяёвай, расказвала пра яшчэ адзін бок творчасці вядомага мастака. Афорты ўпрыгожылі сцяну, у шкляных вітрынах вабілі вокладкамі выданне “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага, кніга Уладзіміра Караткевіча, а яшчэ можна было насамрэч дакрануцца да лістоў з вялікіх папак. Дваццаць восем лістоў лацінскага тэксту з трынаццаццю гравюрамі Юрый Якавенка і італьянец Джуліяна Якамучы аддрукавалі на паперы, зробленай уручную, — гэтак фактычна рабіліся кнігі на самым пачатку існавання кнігадрукавання. Іх плённае супрацоўніцтва вядзе адлік з 2005 года. Але спачатку было адкрыццё Якавенкам Італіі, сельскія краявіды якой настолькі закранулі сэрца, што ён, па яго словах, згодны пажыць там “у доме нават без ацяплення і вады”. Юрый Уладзіміравіч расказвае: “Італія пачалася для мяне ў 2004 годзе, калі пачуўся тэлефонны званок і ў мяне запыталіся, ці гатовы я супрацоўнічаць з італьянцамі па аздабленні кнігі. Што за кніга, я не ведаў, але з-за цікаўнасці згадзіўся адразу… Потым было мноства загадкавых падзей, але ўрэшце застаўся адзін Джуліяна — чалавек з роднаснай душой. Калі Джуліяна ўбачыў шмат маіх работ, ён ад мяне ўжо не адыходзіў. Кожную раніцу сустракаў у атэлі і вёў у сваю майстэрню. Шмат размаўлялі, абмяркоўвалі наша будучае супрацоўніцтва”.
Мастак узгадвае: “Я атрымаў адразу пяць заказаў ад Джуліяна — і справа закруцілася”. У горадзе Дэ Сан Бенедзета дэль Тронта з’явіўся першы сумесны праект — кніга Гусоўскага. У наступным годзе ўбачыў свет Alfabeto — “творчае даследаванне” літар. “Ужо дзевяць гадоў мы ствараем разам. Вельмі задаволены і нашым сяброўствам, і сапраўднай італьянскай якасцю праектаў — калі работа скончана, я цалую Джуліяна руку”.
Прапаноўваю мастаку прыгадаць дзяцінства — як праяўляліся першыя прыкметы наяўнасці таленту.
“Дзяцінства маё, як і ў многіх — дваровае. Ускраіна горада, першыя “брэжнеўкі”, дзеці рознага ўзросту, свае лідары, бойкі — двор на двор і да т.п. Пра прафесію, зразумела, тады не думаў. Проста маляваць у мяне атрымлівалася лепш за іншых. Калі трэба было рапартаваць кіраўніцтву дзіцячага садка перад райаддзелам народнай адукацыі, мне давалі паперу — і я маляваў цэлыя выстаўкі дзіцячай творчасці. Спачатку было цікава, а потым злаваў — усе гуляюць на вуліцы, а мне — малюй, малюй, малюй. Ды, відаць, менавіта тады выпрацавалася сіла волі і ўседлівасць, цярпенне. А для графіка гэта вельмі важна. Скажам так, загадчыца дзіцячага садка, сама не падазраючы, вызначыла маю будучыню, за што ёй вялікі дзякуй”.

— Чым і што вы тады малявалі? І як бацькі ставіліся да вашага таленту?
— І алоўкам, і фарбамі — дзіцячыя малюнкі павінны быць яркімі. Маляваў усё, што прыходзіла ў галаву — індзейцаў, чырвонаармейцаў і г.д. Мяне і ў пачатковай школе выкарыстоўвалі для справаздачных выставак, і для вытворчасці насценгазет да ўсіх савецкіх свят. Пасля 4 класа паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя І.В.Ахрэмчыка. Бацькі да маіх схільнасцей, да майго даравання не ставіліся ніяк. Што значыць дараванне? Маляваць — гэта не прафесія. Іх зразумець можна… Змянілі думку яны, толькі калі я атрымаў гран-пры на міжнароднай выстаўцы і прывёз пачак зялёных купюр. Тады яны зразумелі, што гэта сур’ёзна і надоўга.

— Фаліянты з вашымі ілюстрацыямі — знаходка для сапраўдных аматараў мастацтва кнігі. А як складаліся адносіны з літаратурай у вашым жыцці? Ці помніце, што чыталі вам у маленстве?
— Ніхто мне ў дзяцінстве не чытаў. З вялікімі намаганнямі засвоіў буквар за год да школы. Сумная гэта была справа. Кніг прачытана шмат. На нейкія перыяды прыпадае адна кніга, на іншыя — дзясяткі і сотні. Але не буду сцвярджаць, што я ўтрапёны чытач. Спачатку была тыповая савецкая дзіцячая літаратура. Потым падлеткавая. Магчыма, самае яркае ўражанне пакінула “Вайна і мір” Талстога. Я не мог адарвацца, пакуль не адолеў усю — настолькі моцна яна мяне зачапіла. Верагодна, да подзвігу можна залічыць і поўны збор твораў Дзюма. Быў перыяд школьнай улюбёнасці і захаплення Блокам. У арміі трызніў лацінаамерыканскай літаратурай.

— Успаміны пра першыя самастойныя крокі ў жыцці прыемныя?
— Я быў шчаслівы — удалося вырвацца з дому, з-пад бацькоўскага кантролю. Сем гадоў шчаслівага дзяцінства, сем гадоў малявання ў шыкоўных умовах. Гэта была вялікая школа, якая дала беларускаму мастацтву вялікую плеяду адораных людзей, якія сёння гонар нацыі. Так, гэта была прэстыжная савецкая школа, але вельмі своеасаблівая — партыя кавала маладыя мастацкія кадры, а яны па начах слухалі цяжкі рок, падпольны савецкі рок, у сутарэннях глядзелі рэпрадукцыі забароненага Далі, адгадоўвалі доўгія валасы, пакурвалі “Прыму” і папівалі піва ў драўляных шапіках парка Чалюскінцаў… Два гады ў арміі — незразумела, шмат гэта ці не вельмі. Але мне ўдалося пасля двух гадоў малявання танкаў, ракет, афіцэрскіх жонак і дзяцей паступіць з першага разу ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Спецыяльнасць здаў добра, сачыненне пісаў такой рускай мовай, у якой цяжка было зрабіць памылкі. Дакладна выконваў загад сваёй настаўніцы: менш літаратуршчыны плюс максімальна простыя словы. І я паступіў!

— Як выбралі для сябе графіку?
— Выбар спецыялізацыі склаўся сам сабою. Я вельмі рана зразумеў, што бог мяне абдзяліў пачуццём колеравай гармоніі. Сапраўдным жывапісцам можна зрабіцца, калі адчуваеш колер. Калі гэтага няма, можна навучыцца якасна фарбаваць, што я час ад часу і раблю. Але з дзяцінства зразумеў, што мой канёк — графіка. Як і ўсе студэнты нашай кафедры, вывучаў усе тэхнікі згодна з праграмай. Пашанцавала на педагогаў — Уладзіміра Басалыгу, Уладзіміра Савіча, Валянціну Свентахоўскую. Яшчэ студэнтам пашчасціла трапіць ва Усесаюзны дом творчасці і адпачынку “Сенеж”. А заняцца афортам падштурхнуў альбом славацкага мастака Альбіна Бруноўскага. Захацелася мець майстэрства такога ўзроўню, каб здзіўляць, як ён. Увогуле лічу — мастаком можаш не быць, а майстрам быць абавязаны.

— Мне здаецца, у вас атрымалася.
— Вы кажаце вельмі прыемныя рэчы, але справа ў тым, што я ведаю свае слабыя месцы, і да майстра трэба яшчэ цягнуцца.

 

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА.
Фота Святланы ТАТАРНІКАВАЙ.