Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час візіту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты правёў перагаворы з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, шэйхам Мухамадам бен Зайдам аль-Нахаянам. Бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-эмірацкіх адносін.
“Вельмі важная сфера двухбаковых адносін. У мінулы раз мы дамовіліся па шэрагу напрамкаў супрацоўніцтва, і гэтыя напрамкі мы разам з эмірацкім бокам спрабуем развіваць”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што сустрэчы з Мухамадам бен Зайдам аль-Нахаянам заўсёды праходзяць у дружалюбным ключы, падзякаваў за цёплы прыём у ААЭ. Прэзідэнт адзначыў, што беларускай дэлегацыі ўдалося азнаёміцца з развіццём шэрага галін у гэтай краіне. “Павінен адкрыта сказаць, што мы ў вас шмат паглядзелі. Ад сферы турызму да лепшых узораў аховы здароўя. І я ўдзячны за тое, што вы па-брацку, шчыра адкрылі нам дзверы ў любы дом, у якім мы хацелі пабываць. І перш за ўсё той шпіталь, які мы наведалі. Ён наогул нас уразіў”, — сказаў прэзідэнт.
Што тычыцца двухбаковых адносін, лідары краін дамовіліся, што ААЭ павінны быць яшчэ шырэй прадстаўлены ў Беларусі. Бакі прапрацуюць варыянты яшчэ некалькіх магутных праектаў, якія яшчэ больш цесна эканамічна звяжуць дзве дзяржавы. Адзначана, што дынаміка ў развіцці адносін добрая і яе неабходна падтрымліваць і прымнажаць.
Прэзідэнт Беларусі паднёс у дар наследнаму прынцу Абу-Дабі дэкаратыўнае пано “Залаты арол”, выкананае з выкарыстаннем дрэва і тэхналогіі чаканкі. Яшчэ адзін падарунак — усходняя шабля.