Аб чым разважаюць вучні Камарынскай сярэдняй школы, калі штодзень ідуць на заняткі ўздоўж Алеі Герояў

- 11:15Образование

Штодзень вучні Камарынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна ідуць уздоўж Алеі Герояў. На дваццаці стэндах — імёны выхадцаў розных рэспублік былога Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Камарына і былі ўдастоены найвышэйшай узнагароды — звання Героя Савецкага Саюза. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты». 

Менавіта адсюль, з Камарына, у верасні 1943 года — задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён” — пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым цяжар гітлераўскай акупацыі скінуў з сябе невялікі палескі населены пункт Камарын. Двац­цаць адважных воінаў, якія тут праславіліся пры фарсіраванні Дняпра, атрымалі тады званне Героя Савецкага Саюза. Настаўніца гісторыі Камарынскай сярэдняй школы Валянціна Шульга расказвае, што фарсіраванне Дняпра было вельмі складаным:

— Ахвяр было шмат сярод вайскоўцаў. З правага берага немцы вялі бесперапынны агонь з кулямётаў і гармат. Нашы салдаты на лодках і плытах, на падручных сродках пераплылі Днепр і ўступілі ў вырашальны кровапралітны бой з ворагам. Першым у Беларусі быў вызвалены менавіта Камарын.

У самым цэнтры Камарына — вялікае брацкае пахаванне з прозвішчамі 957 воінаў, якія загінулі пры вызваленні населенага пункта і найбліжэйшых вёсак. Даглядаць яго дапамагаюць вучні мясцовай школы, якая была ўтворана 160 гадоў назад. У музейным пакоі — экспанаты, якія старанна захоўваюцца мясцовымі краязнаўцамі. Тут праходзяць экскурсіі і пазакласныя заняткі.

Педагогі — абаронцы Айчыны

Асобная важная старонка — педагогі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Яны ў складаны для Радзімы час змянілі месца ля школьнай дошкі на акопы і зямлянкі.

Мікалай Андрэевіч Петрусевіч ваяваў у складзе 3-га Беларускага фронту. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы і Германіі, у Берлінскай аперацыі. 1 мая 1945 года быў ля Рэйхстага. Пасля вайны працаваў настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Камарынскай школе.

Сямён Паўлавіч Волкаў ваяваў у складзе Паўночнага флоту каля Мурманска. Вялікую Перамогу сустрэў пад Архангельскам. Пасля дэмабілізацыі з 1949 года працаваў настаўнікам у Верхняжараўскай сярэдняй школе, а з 1957 года — у Камарынскай сярэдняй школе.

Леў Анатольевіч Ласкавы ў складзе дэсантнай групы ўдзельнічаў у вызваленні вострава Шыкатам (Курыльскія астравы). Дзень Перамогі сустрэў у горадзе Галаце (Румынія). З 1954 года працаваў настаўнікам у Камарынскай школе.

Барыс Барысавіч Шумейка з 1943 па 1945 год ваяваў у складзе 2-га Украінскага і 1-га Беларускага франтоў. Дэмабілізаваны ў ліпені 1944 года ў званні лейтэнанта. З кастрычніка 1946 года па верасень 1976 года — дырэктар Камарынскай сярэдняй школы, выдатнік народнай адукацыі, заслужаны настаўнік БССР.

Феня Сяргееўна Клімянок — удзельніца партызанскага руху. Была сувязной партызанскага атрада імя Чапаева. У 1945 годзе працавала ў Ніжняжараўскай школе, са студзеня 1968 па 1977 год — загадчыцай Камарынскага дзіцячага сада. З 1977 года — настаўніцай нямецкай мовы ў Камарынскай сярэдняй школе.

Вольга Данілаўна Трухановіч у 1943 годзе пайшла ў партызаны. Удзельнічала ў рэйкавай вайне. У сакавіку 1944 года атрад злучыўся з часцямі рэгулярнай арміі. На працягу 29 гадоў выкладала гісторыю ў Камарынскай школе.

Аляксей Іванавіч Мачуленка быў выпускніком Камарынскай школы. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваў у савецкі тыл 70 дзяцей з двух піянерскіх лагераў, уступіў у рады Чырвонай Арміі. Ваяваў на Ленінградскім і Карэла-Фінскім франтах. Пасля вайны скончыў Белдзяржуніверсітэт імя У.І.Леніна, абараніў дысертацыю, стаў кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам. Амаль 40 гадоў працаваў у Беларускім політэхнічным інстытуце ў Мінску.

Школа — сведка падзей мінулага

Вядома, што гарадскі пасёлак Камарын у XIX стагоддзі называўся мястэчка Камарын. Населены пункт уваходзіў у склад Іалчанскага прыхода. У 1863 годзе ў ім была адкрыта першая народная школа. З 1911 го­да школа стала царкоўнапрыходскай і ўтрымлівалася за кошт падушнага падатку.

Дырэктар Камарынскай сярэдняй школы Наталля Канавальчык расказвае, што ў 1927 годзе ў Камарыне быў пабудаваны вялікі драўляны будынак для беларускай школы:

— Называлася яна тады “Камарынская сямёхгадовая імя Х-годзь­дзя Кастрычніка школа”. У 1934 го­дзе наша школа стала сярэдняй. Першы выпуск 10 класа Камарынскай школы адбыўся ў 1938 го­­дзе. Дваццаць чатыры выпускнікі атрымалі дакументы аб сярэдняй адукацыі. Цікава, што школа была ў Камарыне не адзі­най. У 1935 го­дзе тут была адкрыта яўрэйская пачатковая школа, на базе якой была створана руская сямігадовая. У ёй паспеў адвучыцца толькі адзін выпуск — у 1941 го­дзе многія з вучняў са школьнай парты пайшлі на фронт. Сам будынак той школы падчас вайны быў падарваны і разаб­раны для стварэння пераправы праз раку Днепр. Фашысты выкарыстоўвалі будынак Камарынскай школы ў якасці зернясховішча, таму пасля вызвалення Камарына ад захопнікаў ва ўстанове быў зроблены рамонт, а з 1944 года аднавіліся заняткі.

Побач з Чарнобылем

Калі паглядзець на карту нашай краіны — гарадскі пасёлак Камарын знахо­дзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі на своеасаблівым выступе. Мяжа з Украінай — з абодвух бакоў ад населенага пункта. Да саркафага, узведзенага над Чарнобыльскай атамнай стан­цыяй, адсюль па прамой — 31 кіламетр. Непасрэдна каля Камарына праходзіць мяжа 30-кіламетровай зоны адчужэння і Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

— Складаную гісторыю Камарына ў першыя паслячарнобыльскія гады выдатна адлюстраваў выпускнік Камарынскай школы, мастак і вучоны Віктар Шматаў, — расказвае намеснік дырэктара Камарынскай сярэдняй школы Ірына Ятчан­ка. — Пасля чарнобыльскай трагедыі ён цалкам прысвяціў свае мастацкія творы адлюстраванню яе наступстваў. Доктар мастацтвазнаўства штогод ездзіў у родны Камарын. У 1986 годзе ён арганізаваў у адселеных вёсках першы пленэр і пасля яшчэ не раз прывозіў туды калег-мастакоў, работы якіх паклалі пачатак Брагінскай мастацкай галерэі. Дарэчы, адна з яго вядомых паслячарнобыльскіх карцін — “Маці” — знаходзіцца цяпер у будынку Еўрапарламента ў Бруселі. Віктар Шматаў таксама арганізоўваў рэгулярныя экспедыцыі ў адселеныя вёскі Чарнобыльскай зоны, адкуль вывез больш за 600 унікальных артэфактаў народнай культуры. Усе яны сталі экспанатамі музея старабеларускай культуры ў Мінску.

Захаваліся таксама вершы, напісаныя пра душэўны боль, перажыты мясцовымі жыхарамі пасля чарнобыльскай катастрофы. Іх аўтар — былы дырэктар Камарынскай школы (з 1988 па 2006 год) Валянціна Каверда.

Сяброўства са спортам

У 1977 годзе для Камарынскай сярэдняй школы быў пабудаваны новы будынак, дзе ў нашы дні займаюцца 262 вучні. Частку з іх арганізавана падво­зяць сюды на вучобу з чатырох найбліжэйшых сельскіх населеных пунктаў.

— У нашай школе многія вучні сябруюць са спортам, — адзначае Наталля Канавальчык. — І асобныя вучні, і зборная каманда ўстановы штогод з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных спаборніцтваў. Летась каманда дзяўчынак заняла 1-е месца ў абласных спаборніцтвах па валейболе. 2-е каманднае месца — у абласных спаборніцтвах мнагаборства “Абаронца Айчыны”, 3-е — у мнагаборстве “Здароўе” заняў выпускнік Іван Пузырын. Нашы вучні Дар’я Лебедзева і Дзмітрый Шульга — лідары абласных спаборніцтваў па настольным тэнісе. Сёлета ў зімовым абласным мнагаборстве “Здароўе” тры нашы вучні — Максім Буйневіч, Караліна Каляда і Іван Якімовіч — занялі 1-е месца. Самая апошняя перамога — 16 сакавіка васьмікласніца Дар’я Лебедзева стала першай у абласных спаборніцтвах па шашках.

Падлічана, што з 1938 па 2022 год у Камарынскай школе адбылося 80 выпускаў. Больш за 60% супрацоўнікаў усіх арганізацый і ўстаноў Камарына — былыя выпускнікі Камарынскай школы. З 39 настаўнікаў 20 заканчвалі менавіта гэтую ўстанову адукацыі. На 160-годдзе ў любімую школу сабраліся выпускнікі розных гадоў. Госці разам з дружным калектывам настаўнікаў гарталі старонкі гісторыі школы.

 Ірына АСТАШКЕВІЧ