Аб тым, як выбудаваць кар’еру, аб мітапах, матывацыі школьнікаў і студэнтаў да вучобы і ролі ў гэтым настаўнікаў ішла размова падчас дзён кар’еры студэнтаў факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Са студэнтамі сустрэліся першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс, першы прарэктар ГрДУ Ірына Кітурка, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзь Гачко, дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак, начальнік аддзела рэгіянальнага развіцця па Гродзенскай вобласці адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Юрый Вайтукевіч.
Дні кар’еры праводзяцца на факультэце матэматыкі і інфарматыкі пяты год і даюць магчымасць студэнтам сустрэцца з прадстаўнікамі ІТ-кампаній, Парка высокіх тэхналогій, атрымаць карысную інфармацыю аб магчымасцях пабудовы кар’еры ў ІТ-індустрыі.
Дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі А.М.Лівак расказала аб супрацоўніцтве з ІТ-кампаніямі, сем з якіх з’яўляюцца заказчыкамі кадраў і ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе, рабоце студыі інавацыйных распрацовак E-KIDS, дзе навуковымі даследаваннямі займаюцца студэнты і школьнікі.
Начальнік аддзела рэгіянальнага развіцця па Гродзенскай вобласці адміністрацыі ПВТ Ю.А.Вайтукевіч расказаў, якія мерапрыемствы арганізоўваюцца ў гродзенскім філіяле ПВТ для студэнтаў і школьнікаў, і адзначыў, што адна з мэт парка — садзейнічанне ў працаўладкаванні маладых спецыялістаў і супрацоўніцтва з сістэмай адукацыі. Для гэтага ў ПВТ праводзіцца шмат мерапрыемстваў, сярод іх так званыя мітапы — нефармальныя семінары, падчас якіх студэнты і школьнікі атрымліваюць ад прадстаўнікоў ІТ-індустрыі адказы на розныя пытанні, што тычацца моў праграмавання, работы інфармацыйных сістэм.
Першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш падтрымаў такую форму ўзаемадзеяння факультэта з ІТ-індустрыяй і адзначыў, што будаваць кар’еру, пачынаючы з першага курса (менавіта студэнты першага і другога курсаў звычайна запрашаюцца на мерапрыемствы дзён кар’еры), правільна. Гэта дае магчымасць пабудовы ўласнай адукацыйнай траекторыі падчас вучобы ва ўніверсітэце.
Як адзначыў Вадзім Анатольевіч, сустрэча адбываецца напярэдадні правядзення ў Мінску XXIV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІБО-2017” і што будучым спецыялістам ІТ-індустрыі вельмі важна пабываць на гэтым мерапрыемстве. В.А.Богуш прапанаваў правесці сустрэчу ў выглядзе дыялогу, каб акрэсліць важныя для студэнтаў тэмы, магчымасці іх кар’ернага развіцця.
Пытанні, якія ўдзельнікі сустрэчы задавалі першаму намесніку міністра адукацыі, тычыліся якасці адукацыі, матывацыі да вучобы, магчымасцей працаўладкавання.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Вадзім Анатольевіч сказаў:
— Упэўнены ў тым, што перад студэнтамі, якія абралі для сябе прафесію ў сферы інфармацыйных тэхналогій, у нашай краіне адкрываюцца вельмі шырокія магчымасці. Гэтая сфера патрабуе добрай базы падрыхтоўкі. Універсітэт дае вам такую базу. Новыя магчымасці для добрага старту адкрывае і філіял Парка высокіх тэхналогій у Гродне.
В.А.Богуш і П.А.Ліс пабывалі таксама ў гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна, дзе азнаёміліся з інфармацыйным забеспячэннем вучэбнага працэсу. Гасцям паказалі камп’ютарныя класы, аснашчаныя сучасным абсталяваннем кабінеты фізікі і хіміі.
У размове аб прымяненні электронага дзённіку і электроннага журнала прынялі ўд зел першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык, дырэктар гімназіі Барыс Сяброўскі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.