Адным са складнікаў афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Судан стала выступленне перад дэпутатамі абедзвюх палат парламента. Кіраўнік дзяржавы расказаў суданскім парламентарыям аб месцы Беларусі ў сучасным свеце, знешнепалітычных арыенцірах, перспектывах развіцця як на нацыянальным узроўні, так і ў двухбаковых адносінах з Суданам.
“Парламенцкі складнік у міжнародным дыялогу з’яўляецца важным элементам узаемадзеяння па многіх пытаннях. Парламенцкая дыпламатыя — гэта самы высокі ўзровень народнай дыпламатыі. Перакананы, што наша сустрэча дасць магчымасць больш даведацца адно пра аднаго, знайсці новыя агульныя інтарэсы Беларусі і Судана”, — заявіў прэзідэнт.
Суданскі бок праявіў вялікую цікавасць да гэтай падзеі, а прамова Прэзідэнта Беларусі неаднаразова перапынялася апладысментамі дэпутатаў.
Аб цане міру
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы ведаюць цану міру, і гэтае разуменне пакладзена ў аснову сучасных падыходаў краіны ў знешняй палітыцы. “Мы будуем яе на прынцыпах шматвектарнасці, міралюбнасці, супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аб сучаснай Беларусі
“Сёння Беларусь — еўрапейская дзяржава, якая стала на шлях дынамічнага развіцця, — адзначыў прэзідэнт. — У сваім станаўленні мы зрабілі стаўку на багаты патэнцыял, набыты ў часы СССР. Створана нацыянальная мадэль дзяржаўнага ладу, якая максімальна адпавядае патрэбнасцям беларускага народа. Яна мае інстытуты, якія эфектыўна функцыянуюць, аптымальную эканамічную сістэму і высокі ўзровень сацыяльнай абароны насельніцтва”.
“Нават у няпростых цяперашніх умовах на сусветных рынках беларускія прадпрыемствы паспяхова канкурыруюць з лепшымі замежнымі таваравытворцамі. Беларусь поўнасцю забяспечана прадуктамі харчавання ўласнай вытворчасці”, — дадаў прэзідэнт.
Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі вытворчасці і экспарту шэрага прамысловых, сельскагаспадарчых і харчовых тавараў.
“Мы лічым, што будучыня — за інавацыямі, навукай і тэхналогіямі. У нашай краіне створаны сур’ёзны задзел у развіцці атамнай энергетыкі, касмічнай галіны, біятэхнікі. Шырокавядомы дасягненні беларускіх праграмістаў. Дзякуючы выпускнікам нашых універсітэтаў, Беларусь у разы апярэджвае многія краіны па экспарце камп’ютарных паслуг на душу насельніцтва”, — адзначыў беларускі лідар.
Беларусь таксама знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў па ўзроўні развіцця медыцыны і забяспечанасці насельніцтва паслугамі аховы здароўя.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што працягваецца работа над тым, каб Беларусь стала адной з найбольш паспяховых і моцных краін Еўропы.
Аб ролі дзяржавы ў эканоміцы
Адкрытасць эканомікі Беларусі прадугледжвае ў ліку найважнейшых дзяржаўных прыярытэтаў развіццё міжнародных кантактаў. “У сучасным свеце з яго вострай барацьбой за рынкі і рэсурсы мы не маем права на самазаспакаенне. У многім менавіта з гэтым звязана вялікая ступень удзелу дзяржавы ў справах эканомікі, за што нас у свой час нямала крытыкавалі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння нас ужо не крытыкуюць, а многія гэты вопыт пераймаюць. Час усё расставіў на свае месцы. Усе вядучыя дзяржавы свету не адмаўляюць сёння разумную падтрымку дзяржавай нацыянальных кампаній у рабоце як на тэрыторыі дзяржавы, так і за мяжой”.
Аб мэтах візіту
“Ніякіх сакрэтаў: мы тут, сярод суданскіх сяброў, каб развіваць перш за ўсё эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта адпавядае нашым інтарэсам, — заявіў прэзідэнт. — Беларусь — адкрытая, экспартна арыентаваная краіна. Для нас вельмі важна ўмацоўваць адносіны даверу і дружбы. Партнёры ведаюць, што мы ніколі нікога не падводзілі. Не падвядзём і вас”.
Кіраўнік дзяржавы назваў Судан важным партнёрам Беларусі ў арабскім свеце. Бакі пацвердзілі гатоўнасць пераходзіць на якасна новы ўзровень узаемадзеяння з максімальна поўным выкарыстаннем патэнцыялу дзвюх краін у эканамічнай і тэхналагічнай галінах, падпісаны міждзяржаўны дагавор аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве.
Аб перспектывах
Паводле слоў прэзідэнта, яшчэ вельмі шмат чаго трэба і можна зрабіць для пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, ёсць шэраг перспектыўных напрамкаў для сумеснай работы.
Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні ў Судане беларускіх тэхналогій і стварэнні сумесных прадпрыемстваў па выпуску ўсяго спектра тэхнікі, якая вырабляецца ў Беларусі.
“Мы ўмеем рабіць усё на аснове навукі і высокіх тэхналогій, што трэба сёння для вас. Тое, што перажываеце вы, мы перажывалі ў свой час, — адзначыў беларускі лідар. — Вы перажываеце гэты перыяд і павінны ведаць, што ёсць сябры, якія маюць такі вопыт і ўсё тое, што вам сёння трэба”.
“Я прапанаваў прэзідэнту і прапаноўваю вам: калі патрэбны гэтыя вытворчасці (якія ёсць у Беларусі. — Заўв. БелТА.), вы нам скажыце, падтрымайце нас. Мы на працягу паўтара-двух гадоў сумесныя прадпрыемствы створым тут”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прапанаваў суданскаму боку дапамогу ў стварэнні мясаперапрацоўчых камбінатаў, якія былі б вельмі запатрабаваны з улікам асаблівасцей развіцця сельскай гаспадаркі гэтай краіны.
Перспектыўным было б стварэнне прадпрыемства па вытворчасці дзіцячага харчавання, лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў таксама супрацоўніцтва ў сферы эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, стварэння сістэм сувязі для дзяржаўных патрэб, у тым ліку з выкарыстаннем спадарожнікавых тэхналогій.
Заслугоўваюць увагі беларускія аграрныя тэхналогіі. “Пілотным праектам можа стаць стварэнне ў Судане дэманстрацыйнай гаспадаркі. Калі вам яна падыдзе, то мы навучым вашых людзей, вы будзеце будаваць гэтыя гаспадаркі ў сябе”, — адзначыў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама бачыць вялікі нявыкарыстаны патэнцыял супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя і медыцыны, падрыхтоўкі ў Беларусі адпаведных спецыялістаў для патрэб Судана. Адзначаны перспектывы для пашырэння ў Судане беларускіх лякарстваў і іншай медыцынскай прадукцыі.
Аб перавагах супрацоўніцтва з Беларуссю
“Усё, што я сказаў, мы ўмеем рабіць. І мы гатовы гэта рабіць у вас!” — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
“Стварыць прадпрыемства ў Судане, гандляваць высокатэхналагічным таварам — гэта паўпраблемы. Галоўнае — навучыць людзей гэта рабіць. Каланіяльныя, буйныя дзяржавы заўсёды былі зацікаўлены паставіць сюды штосьці, прадаць і забыць”, — падкрэсліў беларускі лідар.
“Усім, што мы будзем вырабляць разам з вамі, мы будзем разам з вамі гандляваць з тэрыторыі Судана ў Афрыцы, у іншых рэгіёнах. Мы навучым вашых спецыялістаў і рабочых. Яны будуць умець рабіць тое, што ўмеем сёння мы. Мы да вас ідзём не як каланізатары, мы ідзём як сябры”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Аб будучыні Афрыкі
“Надыходзіць перыяд, калі мы можам вельмі шырока супрацоўнічаць. І трэба выкарыстоўваць гэты момант. Я прэзідэнту сёння сказаў, што, хто раней у Афрыцы пачне ўздым, той выйграе”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Афрыка — гэта будучыня ўсёй планеты. Сёння і заўтра за кошт Афрыкі будзе развівацца ўвесь свет”, — упэўнены прэзідэнт.
Аб ролі парламентарыяў
“Вельмі спадзяюся, што парламентарыі дзвюх краін не застануцца ў баку ад працэсу наладжвання двухбаковага ўзаемадзеяння. Гэта тычыцца пашырэння супрацоўніцтва не толькі ў міжпарламенцкай, але і ў эканамічнай, аграрнай, адукацыйнай і навукова-тэхнічнай сферах”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Значнай падзеяй у свой час стаў візіт у Беларусь намесніка старшыні Нацыянальнай асамблеі Судана ў 2014 годзе. Наступным крокам можа быць стварэнне ў парламентах Беларусі і Судана груп дружбы.
“Сумеснымі намаганнямі мы зможам яшчэ больш зблізіць нашы краіны ў імя росквіту і дабрабыту”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.