Аб незвычайным конкурсе і… пісьмовых прыладах

- 11:46Адукацыйная прастора, Рознае

Каб падтрымліваць у вучняў цікавасць да школьных музеяў, іх загадчыкі сумесна з настаўнікамі стараюцца выкарыстоўваць самыя разнастайныя, часам незвычайныя метады работы. І хоць скардзіцца на адсутнасць у моладзі цікавасці да нашага музея няма падстаў, бо штомесячна яго наведвае не менш чым 400—500 вучняў, мы стараемся праводзіць разнапланавыя мерапрыемствы. Акрамя музейных урокаў, сустрэч з цікавымі людзьмі, тэматычных экскурсій, адбыліся прэзентацыі новых раздзелаў экспазіцыі музея, а яшчэ незвычайны конкурс.

Ідэю аб правядзенні такога конкурсу падказалі самі вучні. У час агляднай экскурсіі па музеі яны звярнулі ўвагу на сшытак з пісьмовымі работамі былой вучаніцы школы Альміры Якубоўскай. Работы гэтыя выконваліся ў цяпер ужо далёкім 1956 годзе. Роўныя прыгожыя літары, зусім такія, як у друкаваным вучэбным дапаможніку “Пропісі”. Вучням было растлумачана, што так прыгожа дзяўчынка пісала чарнільнай ручкай. І многім адразу захацелася паспрабаваць пісаць такой жа.

Чарнільныя ручкі ў музеі былі, але не было чарніла. Аднак неўзабаве музею падарылі некалькі бутэлечак. Вестка аб гэтым хутка разляцелася па школе, і кожны вучань лічыў за гонар абмакнуць спецыяльнае пяро ў чарніла і акуратна вывесці на аркушы паперы некалькі слоў. Пісалі віншаванні і пажаданні сябрам, знаёмым, родным, а вучні 5 “Б” класа нават склалі верш пра музей, адзначыўшы, што пішуць гэты верш пяром і чарнілам.


У членаў савета музея ўзнікла думка аб правядзенні конкурсу з выкарыстаннем гэтых пісьмовых прылад. А тэматыку конкурсу падказаў час — 75-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Конкурс атрымаў назву “Успомнім пра подзвіг”. Яго ўдзельнікі (вучні 7 “Б” і 7 “Г” класаў) павінны былі пісьмова адказаць больш чым на дзесяць пытанняў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, пры гэтым пісаць чарнільнымі ручкамі.
Абдумваючы адказы, канкурсанты акуратна, нават з нейкай насцярожанасцю, макалі пёры ў чарніла, і на паперу клаліся роўныя радкі. А мне міжвольна ўспомнілася школьнае дзяцінства, якое выпала на першыя пасляваенныя гады. Не магу дакладна паведаміць, ці то ў тыя часы чарніліц-“невыліваек” не было ў продажы, ці то бацькі не маглі іх купіць з-за адсутнасці магазіна ў нашай вёсцы, а найбліжэйшая знаходзілася амаль за дваццаць кіламетраў, але ў пачатковых класах чарніла мы насілі ў школу ў розных бутэлечках, часцей за ўсё з-пад нейкага лякарства.

О, колькі турбот і нават непрыемнасцей у тагачасных школьнікаў было звязана з чарнілам! Калі бутэлечкі былі дрэнна закаркаваны, чарніла вылівалася ў сумкі з падручнікамі і сшыткамі, пэцкала рукі і адзенне, а дома пакідала плямы на абрусах і цыратах. У час урокаў яно, бывала, заканчвалася ў самы неспадзяваны момант (на кантрольнай рабоце, пры прысутнасці на ўроку інспектара аддзела адукацыі або дырэктара ці завуча). Каб пазбегнуць непрыемнасцей, наша настаўніца прынесла ў клас вялікую бутэльку чарніла, паставіла яе ў шафу і загадала, каб дзяжурныя на перапынках падлівалі чарніла ў бутэлечкі тым вучням, у якіх яно заканчвалася. У час аднаго з перапынкаў дзяжурныя, выканаўшы загад, чамусьці паставілі бутэльку не ў шафу, а на настаўніцкі стол. Вучні выпадкова штурхнулі стол, бутэлька ўпала, адкрылася — і чарніла заліло ўсё, што было на настаўніцкім стале, у тым ліку і класны журнал.


Дзесьці ў сярэдзіне 70-х у школьнікаў з’явіліся больш зручныя пісьмовыя прылады — аўтаручкі. Помню, колькі спрэчак і нават канфліктаў выклікала сярод настаўнікаў гэтая новая прылада. Многія настаўнікі-мовазнаўцы сцвярджалі, што карыстанне аўтаручкамі будзе дрэнна ўплываць на почырк школьнікаў, і катэгарычна не дазвалялі імі пісаць. Не менш хваляванняў і спрэчак выклікала і з’яўленне шарыкавых і гелевых ручак. А вось цяпер мы стаім на парозе таго часу, калі, магчыма, адыдуць у нябыт і гэтыя пісьмовыя прылады. У сродках масавай інфарамацыі ўсё часцей з’яўляюцца меркаванні, што няма неабходнасці дасканала вучыць першакласнікаў рукапіснаму пісь му, бо трывала ўвайшоў у жыццё камп’ютарны набор тэкстаў. Пачынаць навучанне трэба менавіта са знаёмства з камп’ютарам. Магчыма, у далейшым так яно і будзе. Хоць і шкада, што нашы родныя не атрымаюць пісьма ці паштоўкі, напісаных знаёмым почыркам блізкага чалавека.

Аднак вернемся да вынікаў конкурсу. Яго ўдзельнікі правільна адказалі на большасць пытанняў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны, адзначылі творы мастацкай літаратуры і кінафільмы, прысвечаныя тым трагічным і гераічным гадам. Першае месца члены савета народнага музея аднагалосна прысудзілі навучэнцы 7 “Б” класа Вераніцы Прыгодскай, другое — навучэнцы гэтага ж класа Ангеліне Дварэцкай. Трэцяе месца раздзялілі паміж сабой навучэнкі 7 “Г” класа Вікторыя Абухоўская і Лізавета Прахарэнка.

…Пройдуць гады. Магчыма, цяперашнія сямікласнікі калісьці раскажуць сваім унукам, у якім незвычайным конкурсе яны ўдзельнічалі, сходзяць з імі ў музей і, калі чарнільныя ручкі і чарніла да тых часоў захаваюцца, пакажуць іх прадстаўнікам новага пакалення.

Рамуальда АНУФРЫЕВА,
загадчык народнага музея гісторыі сярэдняй школы № 1 Ашмян.