Аб размеркаванні і не толькі: рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

- 15:01Образование, Школа управления

На пытанні чытачоў адказала начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.

— Малады спецыяліст пасля атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені за кошт сродкаў рэспуб­ліканскага бюджэту адпрацавала па размеркаванні адзін год (накіраванне выдадзена на два гады) і паступіла ў магістратуру на дзённую форму навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Пасля заканчэння магістратуры яна адпрацавала па размеркаванні таксама адзін год у адпаведнасці з выдадзеным накіраваннем пасля навучання ў магістратуры. Ці абавязаны малады спецыяліст кампенсаваць грашовыя сродкі за “недаадпрацаваны” час пасля атрымання першай ступені вышэйшай адукацыі?

У адпаведнасці з пунктамі 2, 3 артыкула 72 і пунктам 1 артыкула 78 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), калі атрыманне адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, то пасля завяршэння навучання выпускнікі абавязаны адпрацаваць па размеркаванні ўстаноўлены тэрмін абавязковай работы або кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку, у рэспуб­ліканскі бюджэт, за выключэннем асоб, якія прыняты ў год атрымання гэтай адукацыі ва ўстановы адукацыі для атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню або для атрымання вышэйшай адукацыі іншага віду ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і якія атрымалі адпаведную адукацыю.

Названыя асобы падлягаюць размеркаванню пасля атрымання адукацыi адпаведнага ўзроўню (віду). Пры гэтым для асоб, якія засвоілі змест адукацыйнай праграмы магістратуры, тэрмін абавязковай работы складае два гады.

Асобы, прынятыя ва ўстановы адукацыі для атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню або для атрымання вышэйшай адукацыі іншага віду не ў год атрымання адукацыі адпаведнага ўзроўню (віду), такой ільготы не маюць.

Асобы, якія працуюць па размеркаванні і якія ў перыяд абавязковай работы адначасова ў дзённай форме атрымання адукацыі атрымліваюць адукацыю, пасля атрымання якой яны падлягаюць размеркаванню або накіраванню на работу, у адпаведнасці з артыкуламі 72 або 75 Кодэкса страчваюць статус маладога спецыяліста з даты ўзнікнення працоўных адносін (падпункт 1.1 пункта 1 артыкула 79 Кодэкса) і не могуць прэтэндаваць на атрыманне гарантый і кампенсацый, прадугле­джаных для маладых спецыялістаў.

Разам з тым названыя асобы не абавязаны кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку, пасля страты адпаведнага статусу, пакуль яны працягваюць працаваць у арганізацыі па месцы размеркавання або накіравання на работу.

— Скажыце, калі ласка, ці прызнаецца дыплом, атрыманы ў Расійскай Федэрацыі, аб прафесійнай перапад­рыхтоўцы з прысвоенай кваліфікацыяй у Рэспубліцы Беларусь? І ці дае ён права на працаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь на тых жа ўмовах, што гарантуе беларускі дып­лом?

У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 94 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс) прызнанне дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, і ўстанаўленне іх эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь азначаюць прадастаўленне Рэспублікай Беларусь уладальнікам гэтых дакументаў тых жа правоў, што і ўладальнікам дакументаў аб адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Прызнанне дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, і ўстанаўленне іх эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкулам 90 Кодэкса вызначана, што дыплом аб перападрыхтоўцы на ўзроўні вышэйшай адукацыі і дыплом аб перапад­рыхтоўцы на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі адносяцца да дакументаў аб адукацыі.

Трэба адзначыць, што ў дачыненні да дыпломаў аб прафесійнай падрыхтоўцы, выдадзеных у Расійскай Федэрацыі, не прымяняюцца палажэнні пагаднення паміж урадам Расійскай Федэрацыі і ўрадам Рэс­публікі Беларусь аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі.

Парадак прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, і ўстанаўлення іх эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь вызначаны Палажэннем аб парадку прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, і ўстанаўлення іх эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, прызнання і ўстанаўлення адпаведнасці перыядаў навучання ў замежных арганізацыях, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 жніўня 2022 года № 518.

Пунктам 6.8 Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года № 200, вызначаны пералік дакументаў, якія прадастаўляюцца асобай або яе ўпаўнаважаным прадстаўніком для прызнання дакумента аб адукацыі, выдадзенага асобе ў замежнай дзяржаве.

Заява аб прызнанні дакумента аб адукацыі, выдадзенага ў замежнай дзяржаве, і ўстанаўленні яго эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументу аб адукацыі Рэс­публікі Беларусь падаецца ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы” (адрас: Мінск, 220001, вул. Маскоўская, 15, кантактны тэлефон +375 (17) 228-13-13), на афіцыйным сайце якой можна дэталёва азнаёміцца з поўнай інфармацыяй па гэтым пытанні (http://nihe.bsu.by/prizn-in-doc).

Дадаткова інфармуем, што ў адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 97 Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе (далей — ЕАЭС) пры прыцягненні да ажыццяўлення працоўнай дзейнасці працоўных дзяржаў — членаў ЕАЭС, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, у дзяржаве працаўладкавання (з ліку дзяржаў — членаў ЕАЭС) прызнаюцца дакументы аб адукацыі, выдадзеныя адукацыйнымі арганізацыямі (установамі адукацыі, арганізацыямі ў сферы адукацыі) дзяржаў — членаў ЕАЭС, без правядзення ўстаноўленых заканадаўствам дзяржавы працаўладкавання працэдур прызнання дакументаў аб адукацыі.

Працоўныя адной дзяржавы — члена ЕАЭС, якія прэтэндуюць на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці ў іншай дзяржаве — члене ЕАЭС, праходзяць устаноўленую заканадаўствам дзяржавы працаўладкавання працэдуру прызнання дакументаў аб адукацыі і мо­гуць быць дапушчаны да медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы працаўладкавання.

Работадаўцы (заказчыкі работ ці паслуг) маюць права запытаць натарыяльны пераклад дакументаў аб адукацыі на мову дзяржавы працаўладкавання, а таксама ў выпадку неабходнасці ў мэтах верыфікацыі дакументаў аб адукацыі працоўных дзяржаў — членаў ЕАЭС накіроўваць запыты, у тым ліку шляхам звароту да інфармацыйных баз даных, у адукацыйныя арганізацыі (установы адукацыі, арганізацыі ў сферы адукацыі), якія выдалі дакумент аб адукацыі, і атрымліваць адпаведныя адказы.

Фота з архіва носіць ілюстрацыйны характар