Краіны Еўрасаюза не прыйшлі да пагаднення аб узмацненні норм бяспекі аэрапортаў пасля тэрактаў у бельгійскай сталіцы. Аб гэтым паведаміла еўрапейская крыніца па выніках экстраннага пасяджэння экспертнага Камітэта па бяспецы грамадзянскай авіяцыі ЕС, праведзенага ў Амстэрдаме. Яго галоўнай тэмай стала абмеркаванне пытанняў бяспекі авіяцыйнай інфраструктуры пасля тэрактаў у Бруселі 22 сакавіка.
“Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі, што пытанне аб нормах бяспекі ў еўрапейскіх аэрапортах застаецца ў кампетэнцыі мясцовых улад. Яны дамовіліся аб актывізацыі абмену інфармацыяй паміж паліцыяй, антытэрарыстычнымі службамі і нацыянальнымі транспартнымі рэгулятарамі”, — адзначыла крыніца.
Паводле яе слоў, удзельнікі сустрэчы лічаць, што любое рашэнне аб павышэнні мер бяспекі ў тэрміналах аэрапортаў павінна быць прапарцыянальна ўзроўню рызыкі. “Устаноўка металашукальнікаў і пунктаў кантролю пасажыраў на ўваходах у тэрмінал прывядзе проста да пераносу зон рызыкі і з’яўлення чэргаў на ўваходзе”, — сказаў субяседнік агенцтва.
Між тым аэрапорт Завентэм, дзе 22 сакавіка прагрымелі крывавыя ўзрывы, часткова аднавіў работу.
Нагадаем, раніцай 22 сакавіка ў Бруселі прагрымелі тры ўзрывы: два ў аэрапорце Завентэм і адзін на станцыі метро “Маалбек”. Адказнасць за тэракты ўзяла на сябе “Ісламская дзяржава”. Ахвярамі тэрактаў сталі 32 чалавекі.