Аб’яднаныя спортам

- 10:00Навіны рэгіёнаў

“Установы адукацыі ўдзяляюць сур’ёзную ўвагу развіццю маладзёжнага спорту, і дзяржава ў гэтым аказвае велізарную падтрымку”, — такое меркаванне выказаў заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін. Нагодай для размовы аб ролі спорту ў сістэме прафесійнай адукацыі і грамадскім жыцці сталі традыцыйныя для ВДТК “Зімовыя старты”.

Cвята маладосці, спорту і здароўя сабрала на стадыёне каледжа больш за палову двухтысячнага навучэнскага калектыву. Па словах выкладчыка фізічнага выхавання Алены Шаманавай, свае каманды на спаборніцтвы прадставілі тэхніка-тэхналагічнае, архітэктурна-будаўнічае, прамыслова-тэхналагічнае і прафесійна-тэхналагічнае аддзяленні. Першапачаткова да ўдзелу запрашалася па 12 спартсменаў ад аддзялення, але пасля таго, як навучэнцы азнаёміліся з праграмай, колькасць жадаючых выйсці на старт нечакана пераўзышла ўсе чаканні. З улікам прапаноў моладзі склад каманд павялічылі больш чым удвая, да 30 чалавек — плюс шматлікія групы падтрымкі, якія размясціліся на месцах для балельшчыкаў і з лікаваннем сустракалі кожны забіты гол і новы рэкорд, падбадзёрвалі ўдзельнікаў дружнымі воклічамі падчас выступленняў. Праграма са­праўды ўражвала: лыжныя гонкі, гіравы спорт і футбол на снезе, санкі і папулярныя ў моладзі ватрушкі, мноства конкурсаў і забаў, мастацкія прывітанні ад самадзейных артыстаў. Усё гэта разам стварала непаўторную, вельмі пазітыўную і па-зімоваму бадзёрую атмасферу. 

— Правядзенне спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў у пазаўрочны час — важны складнік фізічнага выхавання моладзі і дзейнасці выкладчыкаў па развіцці здольнасцей навучэнцаў, — расказала Алена Аляксееўна. — Яго змест цесна звязаны з дзеючымі вучэбнымі праграмамі па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Работа ў гэтым напрамку з’яўляецца працягам вучэбных заняткаў і заклікана паглыбляць атрыманыя падчас іх правядзення веды, удасканальваць уменні і навыкі. Гэта і эфектыўная прапаганда фізкультуры, спорту як адзін са сродкаў фарміравання здаровага ладу жыцця, і ўмацаванне здароўя, загартоўка арганізма, павышэнне разумовай працаздольнасці, прафілактыка захворванняў і стрэсавых станаў сродкамі фізічнай культуры, і рост узроўню фізічнай падрыхтаванасці з мэтай адбору кандыдатаў у спартыўныя каманды каледжа па відах спорту, развіццё масавых відаў спорту. У бягучым навучальным годзе для адораных навучэнцаў арганізавана 13 аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці, уключаючы камандныя гульні, лёгкую атлетыку, настольны тэніс, бокс, плаванне. У іх займаюцца 400 юнакоў і дзяўчат, што складае 25 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў.

Як вынік, каледж упэўнена трымае лідар­ства ў гарадской і абласной спартакіядах. Зборныя каманды ВДТК — прызнаныя пераможцы рэспубліканскіх спартакіяд па баскетболе, валейболе, міні-футболе, летнім мнагабор­стве, лёгкаатлетычным кросе і чатырохборстве. У каледжы не ставяць галоўнай мэтай падрыхтоўку прафесійных спартсменаў. Разам з тым для юнакоў і дзяўчат, якія захапляюцца спортам, створаны спрыяльныя ўмовы для заняткаў. Уста­нова адукацыі ганарыцца сваімі выпускнікамі і цяперашнімі навучэнцамі, якія спартыўнымі перамогамі праслаўляюць сваю альма-матар і Віцебскую вобласць. Гэта, напрыклад, Тарас Шаўчэнка (група Э-42) — чэмпіён рэспублікі па зімовым і летнім мнагаборстве, Антон Рэнкуль (група Д-41) — шматразовы пераможца абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” і рэспубліканскіх спартакіяд па лёгкаатлетычным кросе, зімовым і летнім мнагаборстве, Мікіта Казлоў (група ПСМ-22) — шматразовы пераможца рэспубліканскіх спартакіяд па лёгкаатлетычным кросе, Аляксандр Быкаў (група ПО-22) — кандыдат у майстры спорту, шматразовы пераможца рэспубліканскай спартакіяды па валейболе, гулец вядомага клуба “Марка ВДТУ”.

— Мы ўдзяляем сур’ёзную ўвагу развіццю маладзёжнага спорту, і дзяржава ў гэтым аказвае велізарную падтрымку, — падкрэсліў Аляксандр Ласякін. — Прадаставіць моладзі максімальныя магчымасці для ўсебаковага гарманічнага развіцця і актыўнага адпачынку, прапанаваць цікавыя і карысныя формы правядзення вольнага часу — у ліку нашых прыярытэтаў як установы прафесійнай адукацыі. Асобна трэба акцэнтаваць увагу на тым, што каледж тэхнічны і пераважную большасць навучэнцаў склада­юць юнакі. Мы імкнёмся, каб яны былі мужнымі, моцнымі, надзейнымі ў любой справе, умелі су­працоўнічаць у камандзе, правільна ацэньваць розныя сітуацыі, хутка прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць, каб ведалі кошт перамогі. Гэтыя якасці выхоўвае спорт. Акрамя таго, нашаму выпускніку проста неабходна мець добрую фізічную форму: інакш спецыялісту ў сферы будаўніцтва, металаапрацоўкі будзе даволі цяжка стаць паспяховым прафесіяналам. Такую спартыўную інфраструктуру для навучэнцаў, якую за апошнія 2—3 гады мы стварылі ў кале­джы і працягваем удасканальваць, ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі і на ўзроўні рэспублікі няшмат дзе можна сустрэць.

У цяперашні час у каледжы дзейнічаюць абсталяваныя па сучасных стандартах 4 спартыўныя і дзве трэнажорныя залы, выдатныя спартыўныя пляцоўкі. Ідзе будаўніцтва лазернага і стралковага ціра, прадугледжана ўсё неабходнае для суправаджэння заняткаў спортам, правядзення на высокім узроўні спартыўных турніраў — пачынаючы ад санітарна-гігіенічных умоў, абсталявання, трэнажораў і заканчваючы месцамі для пражывання іншагародніх удзельнікаў у інтэрнаце, размешчаным у крокавай даступнасці. Адметны факт: інвентаром для зімовых відаў спорту ВДТК забяспечаны на 113 працэнтаў. На яго базе праходзяць гарадскія, абласныя і рэспубліканскія спартыўныя спаборніцтвы сярод моладзі. Каля 90 працэнтаў вучэбных заняткаў, фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў арганізоўваюцца на свежым паветры. У планах на гэты год — мадэрнізацыя спартыўнага ядра.

— Некалькі гадоў назад аб падобным можна было толькі марыць, — адзачыў кіраўнік кале­джа. — Фактычна ў нас з’явіцца новы стадыён: запраектаваны спартыўныя пляцоўкі па баскетболе, валейболе, міні-футболе, для настольнага і вялікага тэніса, лёгкаатлетычная дарожка з выкарыстаннем рэкартанавага пакрыцця, футбольнае поле са штучным пакрыццём; будзе абсталяваны спартыўны гарадок і ўстаноўлены вулічныя трэнажоры. Любові да спорту ўсе ўзросты пакорныя. Цудоўна, што спаборніцтвы прывабліва­юць шмат маладых прыхільнікаў — гаворка не толькі пра ўдзельнікаў, але і пра вялікую аўдыторыю балельшчыкаў. Спартыўныя дасягненні, моцная і агульнадаступная спартыўная інфраструктура як адлюстраванне клопату дзяржавы пра здароўе насельніцтва сведчаць аб узроўні развіцця краіны. Калісьці на час Алімпійскіх гульняў перапыняліся войны. На жаль, сёння знаходзяцца сілы, якія імкнуцца сказіць мірны і стваральны пачатак спорту. Калі нядобрасумленныя дзеячы спрабуюць трансфармаваць яго ў інструмент пакарання тых, хто нязгодны падпарадкоўвацца іх загадам, — гэта абсурдна. Спорт нельга падзяліць, у кагосьці адняць і камусьці аддаць. Спрадвеку ён выступаў паслом міру, аб’ядноўваў кантыненты, краіны і народы незалежна ад таго, дзе іх прадстаўнікі пражываюць, на якой мове размаўляюць, якія ў іх звычаі і якога колеру іх скура. Спробы прыцягнуць санкцыі па палітычных матывах у спартыўную сферу выклікаюць справядлівае абурэнне ў саміх спартсменаў і ў насельніцтва, уключаючы моладзь, таму што глыбінная сут­насць спорту якраз у яднанні грамадства, усіх людзей добрай волі супраць пагроз і войнаў, за мір і шчасце ў кожнай краіне і на ўсёй планеце.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.