Аб’яднацца перад сучаснымі пагрозамі

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер лічыць адным з прыярытэтаў развіццё партнёрства з АДКБ. Аб гэтым ён заявіў у Маскве на пасяджэнні Пастаяннага савета АДКБ.

“Сучасныя пагрозы можна вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі на рэгіянальным і глабальным узроўнях, — сказаў Томас Грэмінгер. — Адным з маіх прыярытэтаў на пасадзе Генеральнага сакратара АБСЕ стане развіццё партнёрства з рэгіянальнымі арганізацыямі, перш за ўсё з АДКБ”.

Томас Грэмінгер адзначыў, што ў дзвюх арганізацый шмат агульнага, яны абедзве нацэлены на павышэнне бяспекі. “Буду рады, калі мы аб’яднаем намаганні ў барацьбе з сучаснымі пагрозамі”, — адзначыў ён.

Генеральны сакратар АБСЕ падкрэсліў, што свет сутыкаецца з шэрагам транснацыянальных пагроз: тэрарызм, незаконны абарот наркотыкаў, арганізаваная злачыннасць, змяненне клімату, нелегальная міграцыя. “Для таго каб пазбегнуць далейшага пагаршэння сітуацыі, неабходна пачаць шчыры, адкрыты дыялог, — падкрэсліў ён. — Я настойваю, каб гэты дыялог адбываўся без папярэдніх умоў”.

На думку Томаса Грэмінгера, відавочна, што парадак, які ўсталяваўся пасля Другой сусветнай вайны, больш не забяспечвае ўсеагульную стабільнасць. У гэтым кантэксце ён згадаў Украіну, дзе, на яго думку, крызіс далёкі ад вырашэння. Генеральны сакратар АБСЕ падкрэсліў, што паспяховасць намаганняў у вырашэнні гэтага канфлікту залежыць ад жадання бакоў выконваць мінскія пагадненні. “На жаль, бягучая сітуацыя застаецца вельмі нестабільнай, і ёсць магчымасць яе далейшай эскалацыі”, — сказаў Томас Грэмінгер.